Птушкі з пяшчотай бароняць, сцерагуць свае гнёзды на вышыні, а людзі клапоцяцца пра сваё жытло на зямлі. Чым старэйшым становіцца чалавек, тым больш цясней прытуляецца ён “сэрцам і думамі” да таго, што ўжо сплыло і нястрымана сплывае ў раку вечнасці…
Захоўваючы старыя рэчы, людзі нібы стараюцца ўтаймаваць час, знайсці ў сабе сілы адчайна супраціўляцца яму.
…Ужо даўно няма кроснаў у хатах, а вісяць на сцяне ніткі, сплеценыя ў тугія тоўстыя косы. Ужо нямоглыя, спрацаваныя рукі даўно з пранізлівым болем вымушаны былі звыкнуцца з тым, што больш не маюць сілы, каб падаіць карову. І хлеў без жывёлы апусцеў. Але па-ранейшаму жалезныя косы, некалі вельмі патрэбныя для роснай сенажаці, надзейна прымацаваны пад застрэшкам. А пры хляве на растрэсканай калодзе стаіць прыстасаванне для кляпання косаў.
Нібы скура пасля загару на спякотным сонцы, аблупілася на вялікім дзіцячым мячыку фабрычная фарба, а ён усё ляжыць на паліцы ў гаспадарчай кладовачцы. Некалі любімыя дзеткі-гарэзы забаўляліся з ім. Старэнькія бацькі берагуць многія такія рэчы. І гэту іх схільнасць я зафіксавала на фота, калі была ў камандзіроўцы ў Навінах, Слабадзе, Пральніках, у Паліксаўшчыне… Не дзеля сквапнасці збіралі людзі ўвесь гэты “скарб”. Яны і самі разумеюць, што гэтыя рэчы ўжо даўно не патрэбныя, але сілы расстацца з імі чамусьці не стае…
Табунамі імчаць гады, гружаныя вазамі розных успамінаў, якія назаўсёды пакідаюць свой міжвольны адбітак на розных побытавых рэчах.
Нібы супраціўляючыся старасці, у адной вёсцы гаспадыня забінтавала, як нейкую жывую істоту, старую яблыню, здратаваную глыбокімі ранамі і трэшчынамі. Некалі, відаць, дрэўца шчодра карміла людзей сваімі мядовымі пладамі. І гэтая ласка помніцца і сёння…
Спілаваны ў вёсках старыя прысады магутных ліпаў і вербалозаў. Але з-пад кары масіўных волатаў-пнёў упарта прабіваюцца маладыя парасткі. Прага да жыцця мацнейшая за імклівы час!
Ірына ПАШКЕВІЧ,
фота аўтара