Дзянькоў руплiвых яшчэ многа!

Культура

Напрацаваныя сялянскія рукі Яўгена Уладзіміравіча СТАСЯЛОВІЧА моцна трымаюць у руках жалезны ланцуг, які пачэплены на шыю кабылы белай масці. Чатырохногая памочніца, па мянушцы Белка, рахмана падпарадкоўваецца гаспадару, бо ведае, што ён можа быць памяркоўным, а можа і строга прыкрыкнуць, калі тая будзе рэзка тузаць ланцуг…

…Бясспрэчна, каб трымаць жывёлу, патрэбна на зіму мець ні адзін воз сена. А каб гэта сена даставіць на сядзібу, патрэбен дужы конік. Прыкладна так тлумачыць сітуацыю васьмідзесяцічатырохгадовы гаспадар вёскі Альшанкі, што на Вішнеўшчыне. Атрымліваецца замкнутае кола сялянскіх клопатаў, якія прыносяць пенсіянерам мізэрную карысць. Бо выходзіць, што конік гадуецца толькі дзеля таго, каб утрымліваць…(!) самога сябе. “Выходзіць, што так на самой справе!” – падсумоўвае нашы развагі Яўген Уладзіміравіч. Міжволі адчуваецца, што ў характары гэтага чалавека вельмі моцна ўкаранілася любоў да адвечнай сялянскай працы, якой бы цяжкай яна не была. Таму і ў глыбокай старасці карціць трымаць жыўнасць.  Да таго ж,  падсобная гаспадарка – гэта яшчэ і сведчанне працавітасці чалавека, а старанных людзей на вёсцы заўсёды паважаюць, у іх большы аўтарытэт.

Белка штогод арэ сціплых пяць сотак зямлі, а таксама возіць сена. Севазварот на некалі вялікім прысядзібным участку ў 30 сотак прыйшлося кардынальна падкарэкціраваць: цяпер колішнія стабільна бульбяныя плошчы аддадзены пад сенажаць, каб мець на зіму надзейны запас кармоў для жывёлы.

А яшчэ Белка – незаменны транспартны сродак, які ў любое надвор’е даставіць гаспадара і яго жонку Галіну Антонаўну ў Вішнева. Сюды па праваслаўных святах яны звычайна наведваюцца ў царкву на богаслужэнні, а таксама пры патрэбе прыязджаюць у аграгарадок на рынак і ў магазіны.

Гэтыя людзі ўжо  даўно не трымаць кароўку. Адмовіцца  ад яе прыйшлося канчаткова, калі гаспадыня перанесла інсульт. Пасля хваробы любая цяжкая праца стала ёй не пад сілу. Але доўга без “свайго малачка” не вытрымалі. Завялі козачку. У  сціплай гаспадарцы ёсць яшчэ чатыры курачкі і певень.

У старасці нават сціплая гаспадарка –  гэта ўсё ж   вялікая аддушына для многіх пенсіянераў. Ім надзвычай важна адчуваць сябе занятымі, бачыць аддачу ад сваёй будзённай працы. Бо старасць падкралася непрыкметна, а былая працоўная звычка засталася. Галіна Антонаўна доўгі час была паляводам у колішнім калгасе імя Горкага, а муж працаваў лесарубам, а потым трактарыстам.

Як і ўсе добразычлівыя бацькі, Стасяловічы стараюцца і для сваіх траіх дзяцей, хоць усе яны ўжо даўно, як кажуць, на ўласным хлебе. Расце і новае пакаленне – унукі. Старэйшы сын Анатолій – шматдзетны бацька.

…Цяперашнімі блізкімі суседзямі нашых герояў сталі мінчане. Яны наведваюцца ў свае дамы пераважна ў летні сезон. Для іх, карэнных гараджан, сялянская навука спагадлівых цёткі Галіны і дзядзькі Яўгена – як павучальна адкрытая кніга. Бо, каб жыць і працаваць на зямлі, шмат чаго трэба ведаць. Таму альшанскія старажылы для мінчан – найлепшыя суседзі і мудрыя дарадцы…

Ірына ПАШКЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий