Спадчына стала нялюбай…

Культура

Старая драўляная хатка, якая дасталася Міхаілу ў спадчыну ад дзеда з бабкай, была ўжо мала прыдатная для ўтульнага пражывання. Таму ён вырашыў “перасыпаць” будыніну, памяняць струхлелыя вянцы, умацаваць фундамент. Лагічна разважыў, што сам не справіцца і наняў спрактыкаваных людзей. Падказалі суседзі-дачнікі, якія нядаўна самі карысталіся гэтай рабочай сілай…

Памочнікі ахвотна прыехалі па першым жа тэлефонным званку. Убачыўшы старую будыніну, напачатку хацелі адмовіцца ад заказу: “Што тут заробіш?! Толькі час страціш!” Але гаспадару ўсё ж удалося іх угаварыць.

Неўзабаве закіпела работа. Страха зляцела лёгка, нібы саламяны картуз з галавы. Цяжэй было разбіраць сцены, бо бэлькі, перакладзеныя імхом, за доўгія гады існавання хаты, аселі і нібы прыклеіліся адна да адной. Цесляры часта ладзілі перакуры. І ў чарговы раз наракалі, што ўвязаліся ў гэту нявыгадную здзелку. Але затым неахвотна зноў узбіраліся на стары зруб і спакваля працягвалі разборку сцен.

…Раптам зацерушыў надакучлівы дождж. А потым макрэча адчувальна памацнела. Міхаіл у той дзень спецыяльна наведаўся на дачу, каб пракантраляваць, як спорыцца праца. Ён пільна ўгледзеўся ў бок рабочых і здзівіўся: “І што гэта з імі сёння зрабілася?! Нават і ў добрае надвор’е не вельмі хацелі працаваць, а тут у такую макрэчу іх чамусьці не прагнаць адтуль?”

Кампанія цесляроў нешта шушукалася наверсе, нервова мітусілася. Міхаіл вырашыў за імі больш не назіраць і пайшоў адпачыць у летнюю кухню. Прылёг на край тапчана. Але толькі салодка задрамаў, як адзін з рабочых перапыніў яго сон і ледзь не з парога адрапартаваў: “Слухай, Міхась, надвор’е  нешта не заладзілася. Ды і прагноз сведчыць, што чакаюцца зацяжныя дажджы. А праз два дні выхадныя. Паедзем мы лепш дадому. Ды і працы тут засталося, як кажуць, кот наплакаў. Вернемся і хутка ўсё завершым”. Заказчык не стаў пярэчыць.

Кампанія ў той дзень дружна адправілася ў дарогу. Укуліліся ў легкавушку і ветліва на развітанне памахалі рукой.

“Што гэта яны сёння такія занадта вясёлыя? Але і не дзіўна: дадому ж едуць, па родных засумавалі…”– з такімі думкамі глядзеў ім услед гаспадар дачы.

У панядзелак будаўнікі-памочнікі прыехалі рана, як і абяцалі. І  ўзяліся за справу. У канцы тыдня “аб’ект” быў здадзены. Заказчык застаўся задаволены. Таму над доўгім рублём, каб разлічыцца за зробленае, не трэслася рука: бо і аператыўна зрабілі, ды і да якасці не падкапаешся…

Кожнаму з траіх адлічыў патрэбую суму. Аднак далейшай развязкі сітуацыі Міхаіл ніяк не чакаў. Будаўнікі ўзялі “чыста сімвалічную” суму. А астатнія грошы  паслужліва паклалі на стол.

Здзіўлены і нават крыху збянтэжаны гаспадар ніяк не мог зразумець такую дабрачыннасць: “З якой гэта ласкі вы ідзяце на такія ўступкі? Я заплаціў кожнаму столькі, як папярэдне  і дамаўляліся”.

Але будаўнікі сваёй сціпласцю яшчэ больш “азадачылі” гаспадара: “Кінь ты, Міхась! Мы і не такія катэджы рамантавалі! І нават заможныя заказчыкі ніколі лішнім рублём не раскінуліся. А ў цябе ж не дом, а хатка на курыных ножках…”

“Дзіўныя вы нейкія. Ну і падфарціла ж мне з вамі! І не разлічваў нават, што хоць нейкую капейку зэканомлю. Дзякуй вам за такія ўступкі – неяк крыху вінавата сказаў Міхаіл будаўнікам перад тым, як развітацца з імі назаўсёды, і кожнаму ўдзячна паціснуў руку.

…З таго часу прайшло, можа, паўгода. Міхась усім, хто прыязджаў на дачу, любіў пахваліцца: і хутка зрабілі рамонт, і ўзялі, можна сказаць, капейкі. Некаторыя яму нават пачалі зайздросціць: “Вечна табе шанцуе…”

Але людская пагалоска не ведае межаў. Неўзабаве з краёў, адкуль прыязджалі работнікі рамантаваць Міхасёву дачу, дакацілася навіна, якая вельмі расстроіла. І цяпер ён нарэшце даўмеўся, чаму тыя рабочыя так доўга сядзелі на зрубе пад дажджом, а потым адпрасіліся паехаць дадому на выхадныя.

Людзі паслужліва данеслі інфармацыю, што ў час разборкі старой хаты работнікі знайшлі скарбонку з залатымі мікалаеўскімі манетамі, старанна схаваную ў верхніх вянцах.

Міхасю не паверыць пра клад, што гэта няпраўда, было складана. Іначай будаўнікі не сталі б адмаўляцца ад грошай за працу, памер якіх быў абмеркаваны загадзя.

Суседзі пачалі супакойваць: “Нахабнікі! Што тут скажаш… Але і яны  ж таксама паступілі чэсна: за такую нялёгкую работу лішняга з цябе не ўзялі”.

“Яно то, можа, і так…– разважаў мужчына. – Але  мая бабуля ці прабабуля, збіраючы і хаваючы той скарб, старалася для сваіх родных…”

Непрыемна было на душы, што на яго спадчыне так лёгка нажыліся чужыя… Многія шчыра спачувалі, а нехта ў вёсцы нават і  зласліва парадаваўся.

Якуб Колас некалі трапна заўважыў:

“Бо людзі схільны строіць кпіны

З тваіх нягод без дай прычыны…”

А тут прычына не радавая, а залатая… Пражыў Міхась на гэтай абноўленай дачы толькі адно лета. І затым вырашыў яе прадаць. Купец знайшоўся хутка. Ды і заплаціў няскупа, нават, можна сказаць, занадта шчодра па мясцовых мерках. І гэта хоць крыху суняло яго сардэчны боль.

Ірына ПАШКЕВІЧ



Добавить комментарий