Агляд падзей у раённай газеце за жнівень 1969 года

Культура

IМI ГАНАРЫЦЦА ЎВЕСЬ РАЁН

Ганаровага права быць прадстаўленым на раённай Дошцы гонару ўдастоены:

“Лепшая даярка” – Ніна Антонаўна Русецкая з саўгаса “Ракаўскі”, якая надаіла ад кожнай з 14 кароў па 2276 кілаграмаў малака.

“Лепшая свінарка” – Марыя Іванаўна Давідовіч з калгаса імя М. Горкага, якая атрымала па 22 парасяці ад кожнай з 20 свінаматак.

“Лепшая свінарка па адкорме свіней” – Яўгенія Усцінаўна Буткевіч з саўгаса “Багданаўскі”, якая адкарміла 250 свіней жывой вагой 312 цэнтнераў, сярэднясутачная прывага адной галавы склала 360 грамаў.

“Лепшы жывёлавод па адкорме буйной рагатай жывёлы” – Іван Васільевіч Крук з калгаса імя Чапаева, які дабіўся па 916 грамаў сярэднясутачнай прывагі кожнага з 45 цялят.

“Лепшы даглядчык маладняку буйной рагатай жывёлы” – Браніслаў Францавіч Сакалоўскі з саўгаса “Радзіма”, які пры стопрацэнтнай захаванасці дабіўся па 680 грамаў сярэднясутачнай прывагі кожнага з 41 цяляці.

“Лепшы трактарыст” – Іосіф Сямёнавіч Куніцкі з калгаса “Праўда”, які выпрацаваў на трактары МТЗ-52 1021 гектар мяккага ворыва.

“Лепшая птушніца” – Яніна Ігнатаўна Сакалоўская з Івянецкай птушкафабрыкі, якая атрымала па 147 яек у сярэднім ад кожнай з 3200 курэй-нясушак.

МЯСЦОВЫЯ КУЛIБIНЫ

29 рацыяналізатарскіх прапаноў унесена за апошнія гады ў Валожынскай міжкалгаснай будаўнічай арганізацыі. Усе яны накіраваны на ўдасканаленне тэхналагічных працэсаў, павышэнне прадукцыйнасці працы.

Сярод рацыяналізатараў вылучаюцца токар Міхаіл Літвіненка і галоўны механік Валянцін Кушаль. На іх рахунку некалькі каштоўных прапаноў. Асаблівы інтарэс прадстаўляе прыстасаванне, зробленае сёлета В. А. Кушалем для рэстаўрацыі паваротнага кулака аўтамашыны ЗІЛ-151. Навінка прайшла выпрабаванне, паспяхова ўкаранёна ў вытворчасць. Яна дала эканомію 283 рублі.

ЯНЫ IДУЦЬ НАПЕРАДЗЕ

Лепшыя камбайнеры на ўборцы збожжавых па стане на 25 жніўня:

Уладзімір Васільевіч Бартош з калгаса “Краіна Саветаў” намалаціў 294 тоны зерня (ураджайнасць 16 цэнтнераў), убраў 184 гектары;

Генадзь Пятровіч Мучынскі з калгаса “Радзіма” намалаціў 273 тоны зерня (ураджайнасць 18,8 цэнтнераў), убраў 145 гектараў;

Віталій Іванавіч Стасяловіч з саўгаса “Падбярэззе” намалаціў 269 тон зерня (ураджайнасць 18,8 цэнтнераў), убраў 143 гектары;

Міхаіл Іванавіч Станкевіч з калгаса “Краіна Саветаў” намалаціў 266 тон зерня (ураджайнасць 16 цэнтнераў), убраў 166 гектараў;

Іван Канстанцінавіч Каранеўскі з калгаса “Краіна Саветаў” намалаціў 264 тоны (ураджайнасць 16 цэнтнераў), убраў 165 гектараў;

Мікалай Андрэевіч Канановіч з калгаса імя Чапаева намалаціў 261 тону зерня (ураджайнасць 19 цэнтнераў), убраў 137 гектараў.

КАХАННЕ СУСТРЭЛI НА ВАЙНЕ

Работніца Валожынскага камбіната бытавога абслугоўвання Вера Уладзіміраўна Гладзіліна цырульніцкім майстэрствам авалодала падчас Вялікай Айчыннай вайны, з любімай прафесіяй не расстаецца ўжо 25 гадоў.

…Як і іншыя валагодскія хлопцы і дзяўчаты, яна прагла змагацца, прасілася на фронт, таму паступіла на трохмесячныя курсы медыцынскіх сясцёр. Скончыла іх і пачала працаваць у ваенным шпіталі.

…Раненыя ўсё паступалі і паступалі: стогны, роспач, боль. Як і іншыя, Вера суткамі не пакідала шпіталь, апрацоўвала раны, раздавала лякарствы, стала донарам. На ўсё жыццё запомніла дзяўчына старога цырульніка, які таксама працаваў у шпіталі. Ён  і навучыў Веру гэтай карыснай справе. Неяк стары з’явіўся ў шпіталі ў ваеннай форме, зайшоў развітацца: ехаў на фронт цырульнікам. Перадаў Веры свае няхітрыя “прылады”.

Бачылі яго ў апошні раз. Цырульнік загінуў на фронце як сапраўдны баец. Вера замяніла яго ў шпіталі. Дзяўчына галіла, стрыгла раненых, падбадзёрвала, абнадзейвала гэтых знясіленых людзей.

Тут, сярод раненых салдат, знайшла дзяўчына і свайго суджанага. Мікалай паступіў у шпіталь цяжка параненым, яго лячылі каля года. Праводзіла яго Вера на фронт ужо як жонка. Пасля вайны Гладзіліны пераехалі ў Валожын.

У В. У. Гладзілінай дружная сям’я. Муж – шафёр. Дачка хутка скончыць дзесяцігодку, сын стаў інжынерам, будуе Усць-Ілімскую ГЭС.

У ПРЫКЛАД НАШЧАДКАМ

Вялікі гонар быць занесеным у Кнігу народнай славы. Гэты гонар выпаў на долю цялятніцы фермы “Алянава” саўгаса “Падбярэззе” Эміліі Іосіфаўны Петрусевіч.

У 1939 годзе, калі Заходняя Беларусь была вызвалена ад белапольскіх акупантаў, Эмілія Іосіфаўна актыўна дапамагала станаўленню Савецкай улады ў сваёй роднай вёсцы. Пасля вайны з гітлераўцамі яна адна з першых уступіла ў калгас. Бралася за любую работу, нават мужчынскую: працавала конюхам, аўчаром. Потым стала цялятніцай. Больш за 2000 галоў маладняку буйной рагатай жывёлы вырасціла Э. Петрусевіч. Праца цялятніцы высока ацэнена ўрадам: жанчына ўзнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.

У Кнігу народнай славы саўгаса таксама занесена імя Івана Іванавіча Маразоўскага. У мінулым ён – гаротны батрак. З 1950 года – раўнапраўны член калектыўнай гаспадаркі, яе брыгадзір. Камуністы саўгаса прынялі яго ў сваю сям’ю. І. І. Маразоўскі неаднаразова выбіраўся дэпутатам мясцовага Савета дэпутатаў працоўных. За самаадданую працу ён узнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР.

Шмат самаадданых працаўнікоў у саўгасе “Падбярэззе”. Па праве ганарыцца калектыў гаспадаркі даяркай Геленай Аляксандраўнай Садоўскай, якая ўзнагароджана ордэнам “Знак Пашаны”. У Кнізе народнай славы ёсць і яе імя.

МАЮЦЬ ЗАЛАТЫЯ РУКI

Чатыры чалавекі ўзвялі прыгожы будынак у цэнтры саўгаса “Багданаўскі” – гэта памяшканне выканаўчага камітэта Багданаўскага сельскага Савета.

Будынак узвялі Павел Іосіфавіч Шабан, Іван Браніслававіч Бярнацкі, Гурый Амосавіч Пескуноў, Аляксандр Канстанцінавіч Лаўнікевіч. Залатыя рукі ў гэтых працалюбівых, сумленных людзей. Працавалі яны хутка і якасна, праяўлялі ініцыятыву, дабіваліся, каб своечасова дастаўлялі будаўнічыя матэрыялы, не дапускалі ні хвіліны прастояў. І ў тым, што будынак здадзены ў тэрмін, заслуга, у першую чаргу, належыць ім.

НА СТАРТ, СНАЙПЕРЫ!

У стральбе з малакалібернай вінтоўкі спаборнічалі маладыя калгаснікі пярвічнай арганізацыі ДТСААФ сельгасарцелі “Бальшавік”: паляводы, механізатары, жывёлаводы, сельская інтэлігенцыя – усяго 40 чалавек.

Стралялі на адлегласці 50 метраў са становішча “лежачы”. Меткае вока і цвёрдая рука аказаліся ў трактарыстаў В. Кашыца, А. Пракопчыка і А. Багіны. Для трох лепшых стралкоў падрыхтавалі грашовыя прэміі і граматы.

ДРАЎЛЯНЫХ СПРАЎ МАЙСТРЫ

Сані, вазы, колы, дахавую дошчачку вырабляюць у дрэваапрацоўчым цэху калгаса “Чырвоны партызан”. У мінулым годзе чысты прыбытак ад працы цэха склаў 2284 рублі.

За няпоўныя сем месяцаў майстры вырабілі 50 саней, з якіх 35 прадалі суседнім калгасам. З дня ў дзень перавыконваюць свае заданні піларамшчыкі Уладзімір Бацян, Іосіф Бендзік, цесляры Уладзімір Цаюн, Анатоль Кулак. Яны паспяхова выконваюць свае сацыялістычныя абавязацельствы.      

БОЛЬШ УВАГI ПАСАЖЫРАМ

Адзін за другім ідуць аўтобусы да Ракава і далей у розныя гарады нашай рэспублікі. За дзень іх праходзіць да сямідзесяці. Адных білетаў каса прадае да тысячы, а ў выхадныя гэтыя лічбы значна павялічваюцца.

Аднак абслугоўванне пасажыраў, на жаль, арганізавана на нізкім узроўні. У дрэннае надвор’е людзям няма дзе знайсці прытулку і яны збіраюцца ў маленькай чайной. Каля касы ёсць сквер, але ў ім няма ніводнай лаўкі, дзе людзі маглі б пачакаць аўтобуса. Таму часта яны садзяцца проста на зямлю. Ды і сквер гэты ніколі не прыбіраецца: заўсёды засмечаны паперамі, закіданы бутэлькамі. Каля аўтобуснага прыпынку размешчана чайная на 24 месцы, але яна не вызначаецца чысцінёй і ўтульнасцю. Гэта чайная не можа задаволіць і дзясятай часткі людзей, якія  хочуць падсілкавацца.

ЛІЧБЫ І ФАКТЫ

За бездакорнае выкананне абавязкаў і якасную дэманстрацыю фільмаў кінамеханіку Леаніду Мікалаевічу Сяўруку аднаму з першых прысвоена ганаровае званне ўдарніка камуністычнай працы і выдатніка кінематаграфіі Саюза ССР. Ён дэманструе кінафільмы ў вёсках Зарачанскага сельсавета. Уладальнікам Ганаровай граматы Дзяржаўнага камітэта па кінематаграфіі пры Савеце Міністраў СССР стаў Канстанцін Сцяпанавіч Кісель, які працуе на стацыянарнай устаноўцы ў Ракаве. Лацкан піджака Іосіфа Скадорвы ўпрыгожыў значок “Выдатнік кінематаграфіі СССР”.

З нагоды месячніка здароўя спецыяльная камісія правяла праверку санітарнай культуры ў вёсках, дварах і дамах працаўнікоў калгаса “Чырвоны партызан”. Сярод вёсак лепшымі прызнаны Рум, Яцкава-Млынавыя і пасёлак Першамайскі. Сярод жыхароў пераможцамі выйшлі М. П. Васілеўская, Н. П. Таўгень, А. П. Бацян.

Электраманцёра Валожынскага лінейна-тэхнічнага ўчастка сувязі Іосіфа Станіслававіча Рымшу павіншавалі з удачай. З двух білетаў чацвёртай аўтамоталатарэі ДТСААФ СССР, якія ён набыў, адзін аказаўся шчаслівым – на яго долю выпаў каштоўны выйгрыш. Іосіф Станіслававіч неспадзявана стаў уладальнікам матацыкла “ІЖ Юпітэр-2” з каляскай БП-65.

Старонкі газеты гартала

Алена ПАШКЕВІЧ



Добавить комментарий