Праца – элiксiр ад адзiноты i старасцi

Культура

У вёсцы Белакорац, што ў Валожынскім сельсавеце, нязвыкла ціха ў любую пару года. Не выключэнне і летні час. Жывуць тут у асноўным пенсіянеры.

Наша субяседніца Вера Дзмітрыеўна Бацян так вызначае сённяшні статус нешматлікіх карэнных жыхароў: “Мы тут старыя стаража! А вартуем-пільнуем свае хаты… Гэта цяпер і ёсць наш асноўны занятак. Нават у райцэнтр выбіраемся рэдка. Толькі па нейкіх вельмі важных справах. Дакументы патрэбныя аформіць ці да доктара на прыём наведацца. Ды і аўтобусы сталі хадзіць рэдка…”

На выхадныя ў Белакорцы прыбаўляецца насельнікаў. Прыязджаюць дзеці, унукі. Заўсёды рада сустрэчы з дачкой Валянцінай і ўнукам Ягорам і бабка Вера. Унук, каб быць “заўсёды на сувязі”, падарыў ёй мабільнік. Але нязграбныя рукі жанчыны не вельмі палюбілі гэты папулярны прадукт тэхнічнага прагрэсу. Карыстаецца тэлефонам толькі ў рэдкіх выпадках. Затое гэтыя рукі так лёгка, нягледзячы на пачцівы ўзрост (а хутка споўніцца 80), упраўляецца з рознымі прыладамі працы, з няхітрым сельскагаспадарчым інвентаром. Бо белакорацкая ўдава і ў адзіночку асільвае шмат клопатаў. Год таму трымала свіней, 15 гадоў разводзіць козачак, даглядае свойскую птушку, апрацоўвае агарод.

…У гэту вёску ў далёкія маладыя гады яе прывяло каханне. Сама ж родам з Улазавічаў.

У пасляваенныя гады амаль усе жылыя будынкі прыйшлося аднаўляць наноў. Фашысты знішчылі ў агні амаль дашчэнту ўвесь людскі скарб акупіраванага населенага пункта. Але Белакорац, дзякуючы нястомнай працы яго жыхароў, адрадзіўся з попелу.  Але чорны гнятлівы боль у многіх назаўсёды застаўся на сэрцы. Некаторыя вяскоўцы загінулі ў вайну. Забілі немцы без дай прычыны і пяцідзесяцігадовага свёкра Веры Дзмітрыеўны, сустрэўшы яго на прылеснай дарозе. У любым падарожніку немцам тады здаваліся партызанскія мсціўцы. З вайны не вярнуўся і Андрэй – родны брат Івана, мужа  В. Д. Бацян.

Прафесіянальны шлях большасці жыхароў Белакорца звязаны з сельскай гаспадаркай. І біяграфія Веры Дзмітрыеўны не выключэнне. Працавала даяркай у былым прыгарадным калгасе імя Леніна, а муж – падвозчыкам кармоў. 30 руплівых гадоў аддала яна жывёлагадоўлі.

…Хата нашай гераіні стаіць у маляўнічым месцы. З аднаго боку яе амаль ушчыльную абступае сасновы лес. Сядзіба не прадуваецца халоднымі зімовымі вятрамі. Нярэдка, убачыўшы акуратны стажок  духмянага сена, сюды, асмялеўшы, могуць падысці ласі ды казулі.  Толькі прыкрыкнеш на іх, схамянуцца – і стрымгалоў у лес. А вось волаты-зубры мала рэагуюць на людскую пагрозу. Хутчэй іх саміх прыходзіцца баяцца. І нярэдка даводзіцца ахвяраваць нават назапашаным сенам, якога ў кожнай гаспадарцы таксама дэфіцыт.

Вольны час гэтай пенсіянеркі разнастаіць тэлевізар. У ціхай прылеснай вёсачцы, дзякуючы толькі яму аднаму, чалавек  не адчувае сябе ў поўнай адзіноце. Ён міжволі зараджае энергіяй аптымізму і радасці. А глядзіць Вера Дзмітрыеўна толькі пазітыўныя перадачы. І заўсёды пераключае каналы, калі нешта раніць сэрца. Іначай нават у бясшумнай вёсцы ноччу будзе не да сну: “Так перамяніўся да горшага свет!” Бабцы Веры здаецца, што ў яе  час свет быў зусім іншым. Для каго гэты вывад – поўная ілюзія, а для яе –  цвёрдае ўсведамленне таго, што жыццё пражыта дастойна, годна…

Ірына ПАШКЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий