Сустрэча на старце

Общество

27 жніўня ў Валожыне прайшла традыцыйная педагагічная канферэнцыя. Настаўнікі з усіх школ раёна, а таксама тыя, хто сёлета ўпершыню ўвойдзе ў клас у якасці педагога ці выхавальніка, сабраліся ў кінатэатры “Юнацтва”.

За гадзіну да пачатку мерапрыемства залы дзіцячай і цэнтральнай бібліятэк былі ўпрыгожаны разнастайнымі выставамі і стэндамі, знаёмства з якімі давала ўяўленне аб дасягненнях і поспехах устаноў адукацыі і сведчыла, наколькі шырокае кола інтарэсаў дзяцей і як гэтыя захапленні развіваюцца, дзякуючы творчай нястомнасці настаўнікаў. Тут жа працавалі і тэматычныя пляцоўкі.

З вітальным словам звярнуўся да ўдзельнікаў канферэнцыі старшыня райвыканкама У. А. Наумовіч. 8 лепшых работнікаў адукацыі атрымалі з яго рук падзякі, ганаровыя граматы і ўзнагароды за выніковую работу па падрыхтоўцы да новага навучальнага года.

Жнівеньская канферэнцыя настаўнікаў – мерапрыемства важнае і хвалюючае. Складана нават вызначыцца, чаго тут больш – афіцыйнасці ці святочнасці. Не прыйшлося сумнявацца толькі ў пануючым настроі – ён ва ўсіх быў прыўзнята-ўрачыстым, добразычлівым. Застаецца спадзявацца, што такі пазітыў будзе суправаджаць і штодзённую працу педагогаў на працягу ўсяго навучальнага года.

За станоўчую атмасферу асабліва трэба падзякаваць настаўнікам з Пяршайскай школы. Яны душэўна і па-заліхвацку выконвалі народныя песні, ім так пасавалі самабытныя строі, што немагчыма было каля іх не супыніцца. Да таго ж яны яшчэ і хлебасольнымі аказаліся – ад пяршайскіх пачастункаў аж стол ламаўся.

Да 11-ці гадзін усе запрошаныя, а гэта амаль што 400 чалавек, сабраліся ў кінатэатры. Нараду распачала начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Н. А. Чарнышова. У выступленні былі адзначаны дасягненні настаўнікаў і іх вучняў, агучаны паказчыкі паспяховасці і матэрыяльныя затраты на адукацыю ў раёне, вызначана “дарожная карта” на будучы навучальны год. Асабліва прыемныя пачуцці выклікала паведамленне, што ў СШ № 2 г. Валожына ёсць два стыпендыяты спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітых дзяцей і моладзі: Уладзіслаў Селятыцкі і Настасся Стэльмах. Пад кіраўніцтвам настаўніцы хіміі Т. В. Халявінскай яны паспяхова займаюцца даследчай работай.

Не абышла Наталля Анатольеўна і праблемныя пытанні, якія датычыліся выхавання дзяцей у нядобранадзейных сем’ях, выкаранення правапарушэнняў і злачыннасці сярод падлеткаў.

Павіншаваў педагогаў і падзякаваў за добрасумленную працу старшыня райвыканкама У. А. Наумовіч. Больш за 4 мільярды рублёў асвоілі ўстановы адукацыі толькі за час канікулаў. А гэта гаворыць і аб арганізатарскіх здольнасцях дырэктараў школ, і аб іх уменні вызначаць прыярытэты. Сёння смела можна весці дэлегацыі ў любую школу і быць упэўненым, што чырванець за санітарны ці эстэтычны стан не прыйдзецца. У працэс навучання актыўна ўкараняюцца сучасныя тэхналогіі, з кожным годам павялічваецца колькасць кам’ютарных класаў, інтэрактыўнага дыдактычнага матэрыялу.

Заклапочанасць старшыні райвыканкама выклікаў той факт, што сёлета ў дзіцячыя сады і школы прыйдзе на 121 дзіця менш, чым летась. Уладзімір Антонавіч выказаў спадзяванне, што маладыя спецыялісты акажуцца не толькі добрымі прафесіяналамі, але і адыграюць станоўчую ролю ў паляпшэнні дэмаграфічнай сітуацыі.

Перад педагагічнай аўдыторыяй выступіў і старшыня Валожынскага Савета дэпутатаў С. Ф. Глінскі. Ён адзначыў, што настаўнікі па-ранейшаму складаюць самую актыўную частку грамадства. Ім можна даверыць любую справу, ад арганізацыі мясцовага кіравання да правядзення выбараў.

З пяшчотнымі і лірычнымі словамі звярнулася да калег старшыня Валожынскай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі М. М.  Камінская:

У працы не маеш права

На роспач, на слабасць, на стому.

Твая пачэсная справа —

Жыццё адкрываць другому…

На працягу ўсяго мерапрыемства на сцэну падымаліся тыя, чый уклад у справу выхавання і навучання маладога пакалення вызначаецца творчым падыходам і высокімі вынікамі. Таму не адзін раз гучалі апладысменты ў адрас дырэктара СШ № 2 Валожына Ларысы Вікенцьеўны Петрашкевіч, дырэктара Гародзькаўскай школы Таццяны Іосіфаўны Чабай, дырэктара Пяршайскай СШ Святланы Леанідаўны Ламакі, дырэктара Вішнеўскай школы Алы Віктараўны Клімковай, дырэктара Валожынскага Цэнтра дзіцячай творчасці Кацярыны Валер’еўны Кароль.

На завяршэнне жнівеньскай канферэнцыі работнікамі культуры раёна быў падрыхтаваны святочны канцэрт. Дарэчы, аркестр народных інструментаў настаўнікаў Валожынскай дзіцячай музычнай школы ў той дзень першым пабываў на сцэне, дзе выступаў амаль гадзіну. Да педагагічнага працэсу гэты калектыў таксама мае непасрэднае дачыненне: 1-га верасня да іх таксама прыйдуць вучыцца дзеці…

Алена ЗБІРЭНКА,

фота аўтара

На здымку:

загадчыца ДУА “Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці “Расінка” Наталля Станіславаўна КАЗАК, выхавальнік гэтай установы, малады спецыяліст Васіль Генадзьевіч МІХЕТКІН, які атрымаў ад дырэктара ДУА “Гародзькаўскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа” Таццяны Іосіфаўны ЧАБАЙ сімвалічны “адрасны пашпарт” з пажаданнямі поспеху на высакароднай ніве педагагічнай працы.

Такія ж пашпарты вопытная настаўніца ўручыла яшчэ 16-ці маладым калегам.



Добавить комментарий