Вярнуўся ў родную школу…

Молодежный курьер

Імклівы час не ўтаймаваць! Здавалася б, не так даўно Канстанцін БУЙКО ўважліва слухаў урокі строгіх настаўнікаў, седзячы за партай Багданаўскага навучальна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад-сярэдняя школа. Зараз жа  ён – калега для тых, каму калісьці быў вучнем.

У родны аграгарадок Багданаў малады спецыяліст размеркаваўся год таму пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка. Вучыць дзяцей і падлеткаў матэматыцы і інфарматыцы ў знаёмых сценах навучальнай установы першыя часы было не толькі радасна, але адначасова і вельмі хвалююча. Ледзь прывітаўшыся з прафесіяй, малады настаўнік адчуў вялікую адказнасць: трэба праявіць сваю кампетэнтнасць, не падвесці былых настаўнікаў, ды і ў сэрцы жыло моцнае жаданне парадаваць сваімі педагагічнымі поспехамі любімую маму – настаўніцу гісторыі. Бо з выбарам прафесіі К. К. Буйко вызначыўся, шмат у чым дзякуючы гэтаму дарагому чалавеку.   

Кіраўніцтва школы задаволена работай адказнага маладога педагога. Канстанцін Канстанцінавіч не толькі старанны, але і ініцыятыўны педагог.  У час сёлетніх канікулаў  быў важатым у летніку працы і адпачынку “7 вятроў”, адкрытым на базе школы. Тут настаўнік разам з падлеткамі працаваў на палетках КСУП “Багданаў”, арганізоўваў для тынэйджараў паходы, спартыўныя гульні і забаўляльную праграму.

У выхадныя дні ў яго, вясковага жыхара, таксама нямала звыклых клопатаў, звязаных з дапамогай бацькам па хатняй гаспадарцы. Знаходзіць час Канстанцін і для свайго даўняга захаплення – палявання.

Тэкст і фота Алены ПАШКЕВІЧ



Добавить комментарий