Паштоўкi з усяго свету

Молодежный курьер

Калі б год назад мяне спыталі: “Што такое пасткросінг?”, я прамаўчала б, таму што проста не ведала адказу. Цяпер, блізка пазнаёміўшыся з дзівосным мірам пасткросінга, я хачу адкрыць яго для іншых.

Пасткросінг – праект, створаны для магчымасці атрымання паштовак з усяго свету. Для таго, каб абменьвацца паштоўкамі з іншаземцамі, трэба толькі зарэгістравацца на сайце www.postcrossing.com і першым адправіць паштоўку.

Крыху гісторыі. Першая паштоўка пасткросінга была адпраўлена з Партугаліі ў Партугалію. Цяпер удзельнікамі пасткросінга з’яўляюцца жыхары амаль што ўсіх краін. А не так даўно, 10 жніўня 2014 года, была зарэгістравана 25-мільённая паштоўка.

У пасткросінгу ёсць таксама рэйтынг краін, жыхары якіх з’яўляюцца пасткросерамі. У гэтым рэйтынгу па ліку адпраўленых паштовак і ліку ўдзельнікаў наша краіна займае 6-е месца – з 9 мільёнаў беларусаў пасткросерамі з’яўляюцца 17860!

Першы раз аб пасткросінгу я пачула ад сваёй сяброўкі ў ліцэі. Абменам паштоўкамі на той момант яна займалася ўжо тры гады і ў яе “калекцыі” было амаль 300 паштовак з розных краін . Яе апавяданне настолькі захапіла мяне, што ўжо праз месяц я атрымала першую паштоўку, якая была адпраўлена з Германіі. Пасткросінг – гэта не толькі абмен паштоўкамі, але і добрая магчымасць даведацца шмат новага, палепшыць сваю англійскую мову, а ў некаторых выпадках – знайсці новых сяброў. Зараз у мяне каля 20 паштовак і кожную я люблю па-асабліваму, усе яны ўнікальныя . У асноўным на ўсіх маіх паштоўках намаляваны розныя гарады і помнікі, але ёсць і незвычайныя паштоўкі з вясёлымі малюнкамі, большасць з якіх я атрымала з Фінляндыі. Але не заўсёды пасткросер атрымлівае адну толькі паштоўку. Мая сяброўка, напрыклад, разам з паштоўкай атрымала малюнак, а мая сястра – налепкі.

Таксама пасткросеры амаль нічога не пішуць пра сябе на паштоўках. Часцей яны праяўляюць арыгінальнасць: малююць, лепяць налепкі, а аднойчы я атрымала паштоўку з вострава Макаа, на якой, акрамя тэксту, быў выраз Оскара Уайльда: “Будзь сабой, іншыя ролі ўжо занятыя”.

Атрымліваючы новую паштоўку, ты знаёмішся з новым чалавекам, атрымліваеш сябра ў другой краіне. Усе пішуць нешта рознае пра сябе, я, напрыклад, пішу, дзе я жыву, якую музыку слухаю, чым займаюся. Таксама ў канцы свайго маленькага пісьма ўсе пасткросеры жадаюць свайму адрасату добрага пасткросінга.

Зараз я вельмі ўдзячная маёй сяброўцы, якая адкрыла для мяне дзівосны, чароўны свет пасткросінга, які аб’ядноўвае ўсіх нас з дапамогай маленькіх паштовак. Шчаслівага пасткросінга!

Ірына ПЕТЫШ,

навучэнка Мінскага абласнога ліцэя



Добавить комментарий