У панядзелак у школах раёна прагучаў першы званок

Официально

У панядзелак у школах раёна прагучаў першы званок. У 2014-2015 навучальным годзе адчынілі дзверы 30 устаноў адукацыі, у якіх будуць навучацца 4560 дзяцей (школьнікаў – 3460, выхаванцаў дзіцячых садоў – 1100, што адпаведна на 63 і 58 менш, чым летась).

Па традыцыі на лінейках, прысвечаных святу Першага званка, заўсёды прысутнічаюць ганаровыя госці.

Да выхаванцаў Івянецкага дома-інтэрната прыехала міністр працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Марыяна Акіндзінаўна Шчоткіна.

Ракаўская школа сустракала старшыню райвыканкама Уладзіміра Антонавіча Наумовіча. Кіраўнік раёна прывёз каштоўны падарунак – інтэрактыўную дошку.

Да вучняў і педагогаў Пяршайскай сярэдняй школы-сада завітала член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Святлана Рыгораўна Сарока.

Гімназістаў са святам прывіталі супрацоўнікі абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Прадстаўнікі адміністрацыі арганізацый і прадпрыемстваў, якія з’яўляюцца шэфамі навучальных устаноў, таксама не забыліся павіншаваць школьнікаў і настаўнікаў з пачаткам навучальнага года.

Як паведаміла дырэктар Пугачоўскай школы-сада А. В. Сафронава, сёлета за парты ў іх сядзе 71 вучань, 21 дзіця будзе наведваць дашкольную ўстанову.

На фота: першакласнікі з Пугачоў ужо пазнаёміліся са сваёй настаўніцай – Жаннай Уладзіміраўнай САРОКАЙ, якая павядзе іх у чароўную краіну Ведаў.

    Ілью ШНІПА сёлета на лінейку прывёў тата Сяргей Іванавіч ШНІП, а Вераніка ЧЭРНІК прыйшла разам з мамай, настаўніцай гэтай школы Таццянай Леанідаўнай.

Алена Збірэнка

фота прадастаўлена адміністрацыяй школы

 

Шмат сюрпрызаў да новага навучальнага года падрыхтавана ў гімназіі. Набыты 7 наутбукаў для матэматычнага класа, адкрыўся новы камп’ютарны клуб “12+1”, у холе з’явіўся тэлевізар.

    З дапамогай такой тэхнічнай навінкі, як устаноўка “Мульцікар”, на іншы ўзровень падымецца арганізацыя канцэртных праграм. А гімназія багата талентамі!

    Не засталіся ўбаку ў справе абнаўлення матэрыяльнай базы навучальнай установы і бацькі гімназістаў. З іх дапамогай тут зроблены касметычны рамонт у вучэбных кабінетах і іншых памяшканнях.

    Тэрыторыя вакол гімназіі заўсёды вабіла сваім яркім эстэтычным выглядам, пышнымі клумбамі і цікавымі скульптуркамі… Цяпер падтрымліваць парадак тут стане лягчэй: куплена газонакасілка.

Алена ЗБІРЭНКА,

 

    Вучняў 4 “А” і 2 “Б” класаў Івянецкай сярэдняй школы павядуць далей па дарозе ведаў настаўнікі Юзэфа Іосіфаўна КУЛАК і Марына Паўлаўна ВЫРАСТАК.

    Сёлета ўпершыню пераступілі школьны парог 75 маленькіх жыхароў гарадскога пасёлка і акругі. Усяго ў бягучым годзе ў сценах гэтай навучальнай установы будуць вучыцца 695 дзяцей. Прывіталі прысутных  старшыня Івянецкага гарпасвыканкама Тэрэза Яўгенаўна Ліпніцкая, іншыя афіцыйныя асобы. І настаўнікі, і вучні атрымалі блаславенне святара.

    Школу ж сёння не пазнаць. Пафарбаваныя класы напоўнены абноўленымі нагляднымі матэрыяламі; тэрыторыя, якой хочацца любавацца зноў і зноў…  У агульнае хараство ўкладзена шмат сіл і сродкаў. Рамонт вёўся за кошт выдзеленых з бюджэту грошай і гаспадарчым спосабам. Нямала зрабіў і сам педкалектыў, тэхнічныя работнікі, дапамагалі і бацькі.

Сяргей САДОЎСКІ



Добавить комментарий