Дакрануцца душой да духоўных крынiц

Общество

Скарбы духоўнай спадчыны, якія засталіся нам “ад прадзедаў спакон вякоў”, захоўваюць многія беларускія гарады. Сярод іх і старажытнае Заслаўе.

6-7 верасня гэты горад Міншчыны стаў культурна-асветніцкім цэнтрам Беларусі, куды вялі ўсе дарогі… Больш за 25 тысяч чалавек завіталі сюды на штогадовае рэспубліканскае свята – Дзень беларускага пісьменства.

Урачыстае адкрыццё свята адбылося вечарам 6 верасня ў амфітэатры ў раёне гарадзішча “Вал”, дзе знаходзіцца Свята-Праабражэнская царква – помнік сярэдзіны XVI — XVII стагоддзяў.

На Дзень беларускага пісьменства завіталі прадстаўнікі Адміністрацыі Прэзідэнта краіны, члены ўрада, розных міністэрстваў і ведамстваў, прадстаўнікі ўлады, а таксама кіраўніцтва Саюза пісьменнікаў Беларусі і іншых грамадскіх арганізацый.

У ліку іншых афіцыйных асоб з вітальным словам да гасцей і ўдзельнікаў свята звярнуўся старшыня Мінскага аблвыканкама Сямён Барысавіч Шапіра.

Сярод шматлікіх наведвальнікаў мерапрыемства рэспубліканскага маштабу была і прадстаўнічая дэлегацыя – больш за сорак чалавек – з нашага раёна. Яе ўзначаліў намеснік старшыні райвыканкама П. І. Бібік. У склад дэлегацыі ўвайшлі педагогі, работнікі культуры, ветэраны працы, актывісты маладзёжнага руху Валожыншчыны.

На святочных пляцоўках на працягу двух выхадных дзён сваё майстэрства дэманстравалі народныя майстры, творчую справаздачу зрабілі бібліятэкары, работнікі друку. А ў гандлёвых радах сваю прадукцыю на свяце прапаноўвалі пакупнікам многія прадпрыемствы раёна.

…Зранку да зоркавай ночы жыло Заслаўе насычаным жыццём. Тут праходзілі выставы навінак кнігавыдання. Сваю друкаваную прадукцыю дэманстравалі цэнтральныя і рэгіянальныя сродкі масавай інфармацыі. Неардынарнай падзеяй рэспубліканскага свята стала прэзентацыя ўнікальнага выдання – Бібліі Францыска Скарыны, сем экзэмпляраў якой выпусцілі нядаўна па ўсіх канонах старажытнай тэхналогіі кнігадрукавання. Адчуць подых тых сівых часоў можна было не вербальна. Усе жадаючыя маглі ўласнаручна надрукаваць ліст скарынаўскай Бібліі на станку, які быў адноўлены па гравюрах XVI стагоддзя і спецыяльна прывезены ў Заслаўе на свята. Хвалюючую аўру сівой даўніны ствараў і велічны помнік у цэнтральным скверы горада, узведзены ў гонар князя Ізяслава. Ён быў урачыста адкрыты 6 верасня і арганічна ўпісаўся ў архітэктурнае аблічча горада.

Да свята Заслаўе нібы памаладзела. Абноўлены  важнейшыя аб’екты  горада, добраўпарадкаваны вуліцы і месцы масавага адпачынку, узведзены новы дзіцячы спартыўна-забаўляльны комплекс і інш.

Час, як старанны дойлід, выйгрышна мяняе аблічча гарадоў, захоўваючы іх каларыт і аўтэнтычнасць мястэчак, дзе праводзіцца Дзень беларускага пісьменства. Заслаўе не выключэнне. Тым больш, што названы горад ужо меў гонар прымаць гасцей гэтага свята яшчэ і ў 2000 годзе. А сёлета  адбыліся новыя змены ў яго добраўпарадкаванні. Каля 150 мільярдаў рублёў пайшло на падрыхтоўку гэтай культурнай сталіцы Міншчыны да важнага рэспубліканскага мерапрыемства. Зробленае застанецца на доўгія гады для радасці і камфорту мясцовых жыхароў і шматлікіх турыстаў, якія наведваюць горад.

…Вячэрняе ўрачыстае афіцыйнае адкрыццё свята суправаджалася змястоўнай канцэртнай праграмай. Над  горадам, цесна звязаным памяццю з эпахальнымі падзеямі  ў гісторыі  Беларусі, у той дзень уладарна і пранікнёна гучала  мілагучнае роднае СЛОВА.  Дарэчы, усе выступленні шматлікіх афіцыйных асоб былі таксама на  беларускай мове. Прывітанне ўдзельнікам і гасцям свята даслаў Прэзідэнт краіны Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка.

Роднае слова гучала, абуджаючы ў памяці найбольш значныя падзеі мінулага, звязваючы ніццю непарыўнай сувязі гістарычныя падзеі, факты, слынных асоб, якія шчыравалі на ніве пісьменнасці і духоўнасці. Гэта і Францыск Скарына, Сымон Будны, Уладзіслаў Сыракомля, Ян Сапега, Ян Глябовіч,  Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Максім Танк і многія іншыя.

На святочнай сцэне выступілі сімфанічны аркестр з Маладзечна пад кіраўніцтвам Рыгора Сарокі,  а таксама наш зямляк, які цяпер працуе ў Італіі,– Уладзімір Александровіч, артысты вядучых тэатраў рэспублікі, Белдзяржфілармоніі, ансамбль “Сябры”, які, дарэчы, сёлета адзначае 40-годдзе свайго заснавання. Сярод мэтраў сцэны быў і пачынаючы калектыў– рэтра-бэнд “Ганка” з аграсядзібы вёскі Эпімахі нашага раёна.

Завяршылася вячэрняя святочная праграма лазерным шоу.  Лейтматывам яго стала пафаснае ўслаўленне гістарычных мясцін Беларусі, дэманстрацыя  відаў сучасных культурна-асветніцкіх аб’ектаў рэспублікі.

У выхадныя дні на многія кіламетры пад адкрытым небам прапісалі на гарадскіх вуліцах майстэрні народных умельцаў, якія асвоілі і паспяхова развіваюць сёння  традыцыі старажытнага рамяства, дэкаратыўна-прыкладной творчасці. На гэты раз найбольш шырока было прадстаўлена ганчарства, драўляная мануфактура, габелены, вышыўка. Гарманічна дапаўнялі старажытнае беларускае рамяство і сучасныя віды творчасці, якія дэманстравалі ўмельцы з многіх куткоў нашай рэспублікі.

Свята доўжылася і ў нядзелю. У гэты дзень Саюз пісьменнікаў Беларусі і кнігавыдаўцы зрабілі творчую справаздачу сваіх здабыткаў, урачыста адзначылі лепшых аўтараў, назвалі найбольш удалыя і папулярныя навінкі літаратуры, прэзентавалі дасягненні айчыннага кнігадрукавання.

Свята ўдалося на славу! Бо рыхтавалі яго з вялікай любоўю і стараннем у Год гасціннасці. А яго эстафету цяпер прыняў горад Шчучын, што на Гродзеншчыне.

Ірына ПАШКЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий