Правапарадак

Закон и порядок

УСІХ АБУЦЬ НЕ ЎДАЛОСЯ

У мінулую нядзелю на Ракаўскім рынку ў поле зроку міліцыі трапіў індывідуальны прадпрымальнік, які рэалізоўваў боты, галёшы, тапкі. Як высветлілася, тавар быў без неабходнай маркіроўкі і ідэнфікацыйных знакаў. “Ананімная” прадукцыя ў колькасці 148 пар канфіскавана. З несанкцыянаваным гандлем зараз разбіраюцца спецыялісты падатковай інспекцыі.

НЕПАПРАЎНАЕ…

Загінуў дваццацігадовы юнак з Дубіны…

Трагедыя адбылася ў мінулую суботу. Хлопец кіраваў матацыклам “ІЖ”, набраў высокую хуткасць і на ўчастку з закругленнем дарогі з’ехаў у кювет і ўдарыўся ў дрэва. Смерць наступіла на месцы здарэння.

АДПАЧЫВАЦЬ ДЫК З “КАЙФАМ”

У адной з аграсядзіб раёна ў рукзаку турыста-мінчаніна падчас вобыску быў знойдзены пакет з рэчывам зялёнага колеру расліннага паходжання. Экспертыза паказала, што гэта марыхуана ў колькасці 0,33 грама. Згодна з беларускім заканадаўствам, марыхуана адносіцца да наркотыкаў, і яе захоўванне караецца ў адпаведнасці з артыкулам 328 Крымінальнага кодэкса.

АДКІНУЎ… КОЛЫ

Аўтамабіль “Альфа-Рамэа” ехаў з Валожына ў Маладзечна, і нічога не прадказвала бяды: бачнасць была выдатнай, асфальтнае пакрыццё сухое. Уперадзе ў спадарожным напрамку рухаўся “Івека Турба Дайш”.

Нечакана ад папярэдняй машыны адпалі два заднія колы. “Альфа-Рамэа” наехала на раптоўную перашкоду, аўтамабіль крутанула і выкінула на абочыну. Пацярпела пасажырка “Альфа-Рамэа”, у якой медыкі выявілі пералом ключыцы.

ХТО ЖНЕ, А ХТО І КРАДЗЕ

Падчас уборачнай кампаніі міліцыя правяла некалькі спецыяльных рэйдаў па прафілактыцы і выяўленні крадзяжоў.

У ААТ “Манькаўшчына” быў затрыманы механізатар, які ўкраў з паліўнага бака трактара 10 літраў саляркі. У КУП “Сівіца” рабочы зернясховішча рашыў “прыхватызаваць” 30 кілаграмаў жыта новага ўраджаю. На абодвух правапарушальнікаў складзены адміністрацыйныя пратаколы па фактах дробнага крадзяжу. Панясе адміністрацыйную адказнасць і загадчыца склада аздараўленчага лагера “Палачанка”, якая спрабавала аднесці дадому выдзеленыя для харчавання дзяцей прадукты. Згодна складзенаму акту, сума ўкрадзенага складала трохі больш за 115 тысяч рублёў. Шкода невялікая, а сораму – не абярэшся…

УГОН З ДОБРЫМІ ПАМКНЕННЯМІ

10 жніўня для аднаго з жыхароў раёна павінен быў пачацца шасцімесячны арышт у Ваўкавыскай турме. Туды мужчыну накіравалі па рашэнні суда за ўчынены крадзеж.

Чакаючы міліцыі, зладзюга завітаў да знаёмага. Там, як водзіцца, добра выпілі. Калі гаспадар заснуў, госць асядлаў яго веласіпед і паспяшаўся дадому: міліцыянеры – хлопцы сур’ёзныя, на спатканне з імі спазняцца нельга…  Ужо за кратамі злодзей дазнаўся, што яму давядзецца адказваць яшчэ і за ўкрадзены веласіпед.

СОРАМУЯК У ПЕЎНЯ МЯСА НА ШПОРАХ

За дапамогай у дзяжурную часць РАУС звярнулася пенсіянерка адной з вёсак раёна. Жанчына паскардзілася, што пасля таго, як у яе доме пабываў у гасцях знаёмы, некуды зніклі мабільны тэлефон, значная сума ў беларускіх рублях і долары ЗША. Падазраваемы ў злачынстве і сапраўды аказаўся злодзеем. Супраць яго ўзбуджана крымінальная справа. Як прызнаўся зламыснік, на крадзеж ён рашыўся тады, калі гаспадыня адлучылася на некалькі хвілін з дому. Застаўшыся сам-насам з чужым багаццем, ён забыўся, як гасцінна яго тут сустракалі, і без усялякіх грызот сумлення пачаў хапаць усё, што ляжала навідавоку.

НАЧНАЯ ЗМЕНА

Жыхар вёскі Доры, пазбаўлены вадзіцельскіх правоў за схільнасць кіраваць транспартнымі сродкамі ў стане алкагольнага ап’янення, зноў затрыманы супрацоўнікамі ДАІ п’яным у кабіне пагрузчыка “Амкадор-342”.

Затрыманне адбылося ў дзве гадзіны ночы. Нават самыя працалюбівыя камбайнеры ўжо адпачывалі, а тут такі звышнарматыўны працоўны запал праваахоўнікі не ацанілі. Больш таго, канфіскавалі пагрузчык “Амкадор-342”, які да той ночы належыў ААТ “Тарасава”.

Матэрыял да друку па міліцэйскіхзводках падрыхтавала

Алена ЗБІРЭНКА



Добавить комментарий