Цана грыбнога ажыятажу

Закон и порядок

Штогод у міліцыі Мінскай вобласці рэгіструецца каля 2500 заяў пра невядомае знікненне людзей. Большасць прапаўшых удаецца адшукаць.

Калі ўсё ж здарылася, што чалавека не знайшлі, па такім факце ўзбуджаецца крымінальная справа. Вышук спыняецца толькі ў выпадку ўстанаўлення месца знаходжання прапаўшага або пасля пятнаццаці гадоў з моманту завядзення крымінальнай справы.

У летне-восеньскі перыяд на тэрыторыі краіны адкрываецца сезон так званага “ціхага палявання”. Людзі выязджаюць у лясы для збору ягад і грыбоў. Нярэдкія выпадкі, калі няведанне мясцовасці і хваравіты стан прыводзяць да знікнення людзей.

Толькі сёлета ў органы ўнутраных спраў вобласці паступіла больш за 40 паведамленняў пра знікненне людзей у лясных масівах. У пошуках удзельнічае вялікая колькасць супрацоўнікаў міліцыі, МНС, вайскоўцаў і іншых службаў. Аднак не заўсёды атрымліваецца адшукаць прапаўшых. Дагэтуль лясы шматлікіх раёнаў, у тым ліку і Валожынскага, захоўваюць таямніцы знікнення нашых грамадзян. На жаль, паходы за грыбамі і ягадамі часам заканчваюцца смяротным зыходам.

Таму, збіраючыся ў лес, лепш за ўсё запрасіць з сабой спадарожніка, а то і некалькіх. Неабходна зарадзіць мабільныя тэлефоны, расказаць блізкім, у якую мясцовасць плануеце пайсці. Лепш за ўсё накіроўвацца ў знаёмы лес і не захапляцца зборам лясных дароў, заходзячы ў цяжкадаступныя і незнаёмыя месцы.

Калі ўсё ж вы заблудзіліся, то не варта панікаваць. Неабходна ўспомніць шлях, па якому вы ішлі, паспрабаваць адшукаць знаёмыя арыенціры. Пры наяўнасці мабільных сродкаў сувязі неабходна паведаміць пра здарэнне ў міліцыю і мінімізаваць тэлефонныя званкі, але сам тэлефон не выключаць – гэта дапаможа хутчэй вас адшукаць.

Парэкамендуйце сваякам пажылога ўзросту ўстрымацца ад паходаў у лес у адзіночку, асабліва тым, хто мае праблемы са здароўем.

На тэрыторыі вобласці зарэгістраваны выпадкі, калі прапаўшыя ў лясах на працягу некалькіх гадзін і нават дзён знаходзіліся на тэлефоннай сувязі з блізкімі. Затым па розных прычынах сувязь з прапаўшымі спынялася, толькі пасля гэтага сваякі за аказаннем дапамогі ў вышуку звярталіся ў міліцыю. Аднак пошукі былі ўскладнены і не заўсёды, на жаль, заканчваліся шчасліва. Лёс некаторых прапаўшых да гэтага часу застаецца невядомым.

Міліцыя заклікае не заставацца абыякавымі да бяды сваякоў прапаўшых. Пры выяўленні чалавечых астанкаў ці якіх-небудзь прадметаў, якія сведчаць пра магчымае знаходжанне ў вашай мясцовасці прапаўшых (адзенне, абутак, вёдры, кошыкі, ровары і г. д.), просьба неадкладна паведаміць пра гэта ў бліжэйшы орган унутраных спраў па тэлефоне 102.

Упраўленне

крымінальнага вышукуУУС Мінаблвыканкама



Добавить комментарий