Чалавек, які заўсёды рады сонцу

Общество

Гэта пятнічная сустрэча не зусім традыцыйная, многім не падобная на ранейшыя. Па-першае, мы пазнаёмім з чалавекам, якога ведаюць толькі нямногія. У яго няма вялікіх заслуг і рэгалій, як у нашых ранейшых субяседнікаў. Бо ў маладое жыццё Сяргея з Валожына ўнеслі свае непажаданыя карэктывы каварныя абставіны. Па-другое, гэта інтэрв’ю не традыцыйнае і па спосабу атрымання інфармацыі. Сяргей пяць гадоў таму страціў слых. Цяпер яму 27. Таму пытанні, адрасаваныя яму, мы не агучвалі, а пісалі на камп’ютэры. Па-трэцяе, па просьбе субяседніка па этычных прычынах мы не друкуем фота нашага героя, а выкарыстоўваем інтэрнетаўскі тыпаж.
Многае з таго, пра што расказаў у сваім інтэрв’ю гэты малады чалавек, нам падалося цікавым. Думаем, што яго ўнутраныя перажыванні, а галоўнае – яго зайздроснае ўменне не страчваць сілу духу для многіх чытачоў стануць сапраўднай маральнай апорай. Яго біяграфія пяць гадоў таму неспадзявана раздзялілася на дзве паласы: чорную і белую. Некаторыя ў такой сітуацыі апусцілі б рукі. Але толькі не наш сённяшні субяседнік. Ён па натуры вялікі аптыміст, і ўсё ў яго жыцці абавязкова наладзіцца!

– Калі б не хвароба, чым бы Вы сёння, улічваючы ранейшыя планы, маглі б прафесіянальна займацца?
– Напэўна, скончыў бы Маладзечанскі гандлёва-эканамічны каледж і працаваў бы па спецыяльнасці.
— Колькі курсаў адвучыліся?
– Адзін.
– Духоўны ўзрост ці фізічны? Што Вас больш трывожыць?
– Не ведаю. Напэўна, усё ж духоўны…
– Калі цяжка на душы, як Вы выходзіце з гэтага стану?
– Стараюся зразумець прычыну таго, што сапсавала настрой, і зрабіць для сябе адпаведныя вывады.
– Сэнс жыцця. У чым ён?
– Сэнс жыцця ў самім жыцці!
– Усіх сяброў ранейшых удалося захаваць, ці яны таксама не вытрымалі выпрабаванне часам і абставінамі?
– Многія мяне, на жаль, пакінулі… Тым больш крыўдна, што сярод іх аказаліся тыя, каго я раней лічыў сапраўднымі сябрамі. Затое знаёмыя, да якіх адносіўся раней легкадумна, цяпер вельмі шмат для мяне значаць.
– Спорт дома, гэта вам блізка?
– Раней займаўся, а цяпер па стану здароўя нельга.
– Што ўзнімае Вам настрой?
– Напэўна, добрая кніга. Люблю чытаць дэтэктывы Андрэя Вароніна.
– З якой прычыны ад душы смяяліся апошні раз?
– Не помню. Даўно так шчыра не смяяўся…
— Што Вам бліжэй: прыслухацца да сябе самога ці кіравацца парадамі родных, сяброў, добрых знаёмых?
— Вядома, прыслухацца да сябе. Аднак здараюцца падставы, калі трэба абавязкова параіцца і з роднымі.
– На якой праблеме Вы паставілі б вялікі клічнік? Можна гаварыць пра асабістыя праблемы, можна – пра праблемы грамадства, жыцця ў цэлым…
– На праблеме п’янства ў грамадстве, на праблеме курэння непаўналетніх.
– Калі адкруціць кола часу назад, што б Вы зрабілі па-іншаму?
– Нічога не хацеў бы змяніць.
— Кажуць, калі адна з функцый чалавека “прытарможваецца” назаўсёды ці часова, то іншая, наадварот, дасягае піку развіцця. Вы праверылі гэта на сабе? Якія здольнасці раскрыліся з новай сілай?
– Праверыў і пераканаўся на сабе. Калі страціў слых, то ў мяне вельмі рэзка абвастрылася адчуванне пахаў.
– Гэта перашкаджае?
– Часам здараецца. Асабліва, калі гэта непрыемны пах. Ды і прыемны таксама можа раздражняць, асабліва рэзкая парфума.
– Якія партрэты любімых гістарычных дзеячаў Вы размясцілі б у сваім пакоі?
– Пятра I…
– Калі б Вам далі дзве фарбы: чорную і белую, і папрасілі б намаляваць аўтапартрэт, да якой пацягнулася б рука першай?
– Па рознаму можна адказаць… І тую, і тую ўзяў бы адначасова.
– Хуткасць жыцця Вы адчуваеце?
– Я стараюся паспяваць за імклівым часам.
– Што для Вас самае важнае ў жыцці на сённяшні дзень?
– Здароўе маё і маіх блізкіх.
– Якія найчасцей сняцца сны: каляровыя ці чорна-белыя?
– Каляровыя! Але ў асноўным сняцца нейкія кашмары.
– З кім Вам цікава весці дыялог: з маладымі людзьмі ці са сталымі?
– Са сталымі. Часам можна цікава пагутарыць і з маладымі. Гэта залежыць ад тэмы размовы.
– Калі б Вам прадставілася магчымасць загадаць толькі адно жаданне, што б выбралі?
– Зазірнуць у будучае.
— Для чаго?
— Паглядзець, што адбудзецца на нашай планеце, напрыклад, праз сто гадоў…
– Ці прыходзілася Вам спазнаць пачуццё віны?
– Прыходзілася ў адносінах да бацькоў… Калі іх крыўдзіў сваімі дрэннымі паводзінамі.
– Што б параілі людзям, якія разупэўніліся ў сабе?
– Каб ніколі не апускалі рукі, каб заўсёды ішлі наперад, што б не здарылася ў іх жыцці.
– Што для Вас лягчэй: позна легчы ці рана ўстаць?
— Позна легчы.
– Гэта ў колькі ж?
— Можа і каля поўначы, і нават пазней…
– Што Вы ў першы раз адчулі, калі зразумелі, што страцілі слых? У колькі гадоў гэта здарылася?
– Давайце прапусцім адказ на гэта пытанне…
– Вы спрабавалі працаўладкавацца?
– Працаваў вадзіцелем пасля школы, калі першы год не паступіў вучыцца. А затым змяніў работу. Уладкаваўся на пошту экспедытарам і там папрацаваў 1,5 года.
– А цяпер якія маеце заробкі?
– Атрымліваю пенсію.
– Якая сітуацыя на вуліцы, у грамадскім месцы, у транспарце была самай цяжкай, тупіковай? Як выходзілі з яе?
– Калі быў у іншым горадзе, спазніўся на апошні рэйсавы аўтобус, якім толькі і мог дабрацца дадому. Ні адну “папутку” не мог затармазіць. І тады звярнуўся да свайго сябра праз SМS па тэлефоне. І ён прыехаў за мной на аўтамабілі.
– Ці ёсць у Вас хобі?
– Нядаўна з’явілася. Вельмі люблю фатаграфаваць. Вось таму і прыйшоў у рэдакцыю раённай газеты, каб паказаць свае работы.
– Ці зведалі Вы сапраўднае пачуццё кахання? Як змяніліся Вашы адносіны з дзяўчынай, калі пагоршылася здароўе?
– Сапраўднага кахання, відаць, яшчэ пакуль не зведаў. Былі толькі захапленні…
А на той момант, калі пагоршылася здароўе, дзяўчыны ў мяне не было, таму і не ўдалося мне зведаць, наколькі моцным бывае расчараванне, калі цябе пакідаюць.
– Дома ў Вас ёсць персанальны камп’ютэр?
– Ёсць. Люблю павандраваць па Інтэрнету.
– Ідэальная сучасная дзяўчына. Якая яна ў Вашым уяўленні?
– Гэта дзяўчына, якая не курыць, не злоўжывае алкаголем. Акуратная, сочыць за сваім знешнім выглядам. І, вядома ж, добрая, спагадлівая. Вось такую ідэальную я і мару сустрэць у сваім жыцці.
– Вы веруючы чалавек?
– Так. Наведваю касцёл.
– Як навучыліся ў Вашым цяперашнім стане знаходзіць кантакты з людзьмі?
– Пераважна гэта адбываецца з дапамогай блакнота і ручкі. І жартам скажу, што заўсёды карыстаюся “сваім абаяннем”. Да таго ж я актыўна выкарыстоўваю для сувязі з іншымі мабільны праз функцыю SМS.
– Па якой прычыне Вам не хочацца называць сябе, а застацца ў газеце інкогніта?
– Я чалавек залішне сарамлівы па сваёй натуры, ды і камплексую крыху…
– Як Вы змагаецеся з дрэнным настроем?
– Я стараюся, каб у мяне дрэннага настрою не было.
– Якія тэлеперадачы глядзіце?
– У асноўным спартыўныя перадачы і навіны, дзе ёсць бягучы радок.
– Якая музыка, песня гучыць у памяці найчасцей.
– “Белыя ружы” Юрыя Шатунова.
– Чым можна вымераць сапраўднае жыццё? Напрыклад, радасцю ў душы, добрым здароўем, шчаслівым каханнем, высокім заробкам…
– Напэўна, усім тым разам узятым, што Вы і пералічылі. Можна дадаць сюды яшчэ і верных, добрых сяброў.
– Калі адчуваеце, што людзі зразумелі, што Вы не чуеце, і з непрыхаванай, а часам і недалікатнай цікавасцю глядзяць на Вас “в упор”, што Вы звычайна робіце?
– Я таксама пільна гляджу на іх. І стараюся зразумець па іх вуснах, што яны ад мяне хочуць…
– Што Вы робіце для таго, каб аблегчыць пакуты маці, якая, відаць, вельмі перажывае за здароўе свайго маладога сына?
– Стараюся выглядаць заўсёды вясёлым. Дапамагаю па гаспадарцы.
– Што Вы лічыце ў нашым горадзе трэба зрабіць, каб лягчэй жылося тым людзям, якія маюць некаторыя фізічныя абмежаванні, церпяць хваробу і г. д.
– Мне вельмі дапамагае, што ў райцэнтры створана аддзяленне дзённага прабывання для інвалідаў і маладых інвалідаў. Радуе, што спецыялісты гэтага аддзялення ўмеюць знайсці падыход да кожнага наведвальніка.
– Ці падвержаны Вы дэпрэсіям?
– Не падвержаны. Я аптыміст па жыцці. Стараюся на ўсё глядзець весела.
— Дзякуй за размову. І няхай традыцыйнае пажаданне моцнага здароўя нарэшце прынясе Вам палёгку ў жыцці!

Да друку падрыхтавала Ірына ПАШКЕВІЧ.



Добавить комментарий