Працоўны запал

Общество

Калектывам вытворчага майстарскага ўчастка “Багданаў” Валожынскага лясгаса кіруе Анатоль Анатольевіч Каравайскі ўжо шмат гадоў. Сваіх падначаленых ведае добра, бо невялікі штат амаль не мяняецца. Людзі даражаць рабочым месцам і пацвярджаюць гэта сваёй руплівасцю і стараннем.

Не выпадкова з нагоды прафесіянальнага свята кіраўнік участка звярнуўся з хадайніцтвам да дырэктара лясгаса аб узнагароджанні дваіх сваіх падначаленых. Штогод ёсць дастойныя кандыдатуры для ўрачыстага ўшанавання! Штогод не зніжаецца і працоўны запал у калектыве. А вытворчыя аб’ёмы тут не з лёгкіх…

Толькі за адзін месяц на гэтым участку загружаюць на экспарт каля 80 таварных вагонаў тэхнічнай сыравіны, дзелавой драўніны, балансаў, фанеры, дошкі і іншай прадукцыі. Пастаўкі ажыццяўляюцца ў асноўным у Польшчу, Латвію, Літву, у Азербайджан адгружаюцца дошкі. Хапае заказчыкаў і ў межах нашай рэспублікі.

У сярэднім за дзень на гэты майстарскі ўчастак прыбывае да 6 лесавозаў. Асноўная сыравіна – сасна, елка, бяроза, нарыхтаваныя на санітарных высечках і на іншых спецыяльна адведзеных дзялянках.

З адказнасцю працуюць стропальшчыкі Віталь Арцюкевіч, Вітольд Дубіцкі, Іван Валковіч. Дваіх з іх па працягласці працоўнага стажу можна назваць ветэранамі вытворчасці, а вось Віталь Арцюкевіч прыйшоў у гэты калектыў параўнальна нядаўна. Руплівай працай заслужыў павагу ў калектыве лясгаса і вопытны вадзіцель Мікалай Белановіч.

Ірына ПАШКЕВІЧ,

фота аўтара

 



Добавить комментарий