Вiнаградар з душой паэта

Культура

Аляксандр Пятровіч Грынкін ­– чалавек незвычайны. Паэт і вінаградар, ён ужо 22 гады жыве ў нашым раёне і займаецца справай, якую палюбіў з дзяцінства – садаводствам. У вёсцы Монькі, што пад Ракавам, раскінуліся сад з агародам, дзе на зямлі растуць зялёныя культуры для меню многіх мінскіх рэстаранаў (усемагчымыя салаты-шпінаты і гэтак далей), а над імі шапацяць лістотай сартавыя грушы і яблыні, ды пляцецца буйны вінаград…

Любоў да працы на зямлі перадалася Аляксандру Пятровічу ад дзядулі – ураджэнца Віцебскай зямлі. Аднойчы А. П. Грынкіна лёс звёў са старшынёй саўгаса “Праца”, які прапанаваў развітацца з папярэдняй прафесіяй і пайсці да яго бортнікам. Аляксандр Грынкін імгненна “загарэўся” гэтай перспектывай, толькі папрасіў, каб заработная плата была захавана на ранейшым узроўні: трэба было карміць сям’ю. Згоды дасягнулі, і мужчына з вялікай ахвотай прыступіў да новых абавязкаў.

…Неўзабаве актыўна пачало развівацца фермерства. І Аляксандр Пятровіч зямлю атрымаў у вёсцы Монькі, што ў Ракаўскім сельсавеце.  Было вялікае жаданне займацца любімай працай. На матацыкле Аляксандр Пятровіч калясіў па садаводчых установах, ездзіў да карыфеяў гэтай справы, сустракаўся з селекцыянерамі і лістаў у вялізарных аб’ёмах навуковую літаратуру – вывучаў, якія сарты пладаносных дрэў змогуць не толькі прыжыцца ў нашых дастаткова халодных землях, але і дадуць добры ўраджай… А. П. Грынкін мічурынскім метадам прышчаплення заклаў калекцыйны сад, у якім сёння растуць каля 40 сартоў груш і больш за 30 сартоў духмяных, сакавітых яблыкаў. Але асаблівы гонар фермера ў іншым. Аляксандр Пятровіч – адзін з нешматлікіх у Беларусі аматараў (а можа, лепш сказаць, прафесіяналаў?), якія займаюцца развядзеннем і прыстасаваннем да мясцовых кліматычных умоў сталовага вінаграду. Сёння ў монькаўскім садзе плятуцца 92 (!) сарты гэтай ягады, з якіх два эксперыментальныя, уласна выведзеныя. Як адзначае гаспадар, асаблівыя спадзяванні ён ускладае на “Ксенію”: ружовага колеру вінаградзіны дасягаюць памеру сярэдняй слівы, вагі ў 25 грамаў пры 16-працэнтнай цукрыстасці і маюць унутры адну-дзве невялікія костачкі. На нядаўняй рэспубліканскай выставе, якую вінаградары Беларусі ладзілі ў сталічным Доме ветэранаў, гэты сорт займеў незвычайную папулярнасць, яго захацелі займець многія селекцыянеры. Такі факт прызнання карысці справы нямала грэе душу Аляксандра Грынкіна!

У гаспадарцы Аляксандра Пятровіча ёсць уся неабходная тэхніка і навясное абсталяванне да яе, гаспадару стае сіл, каб улагодзіць зямлю-карміцельку. Толькі, на вялікі жаль, няма ў фермера паслядоўнікаў. З жонкай шмат гадоў як разышліся – не захацела жанчына звязваць жыццё з упартай, цяжкай працай на зямлі, – а дзеці не выказваюць ахвоты да бацькавай працы. Суткамі фермер Грынкін прадастаўлены сам сабе і сваім раслінам. Часам догляд за імі займае ўвесь светлавы дзень, без перапынку нават на ежу. Тым не менш, гэты цікавы і цікаўны чалавек не забывае пастаянна ўзбагачаць унутраны свет блізкай па духу літаратурай, як навуковай, так і мастацкай. Ён знаёмы са старажытнымі Ведычнымі тэкстамі і вучэннем ёгаў, добра арыентуецца ў філасофскіх плынях, адкрывае для сябе  новых аўтараў. І спрабуе ўласныя сілы ў творчасці! Нядаўна ў выдавецтве ЗАТ “Канфіда” выйшаў рускамоўны зборнік вершаў аўтара пад назвай “Холст”. Тут сабраны творы Аляксандра Пятровіча за апошнія дзесяць гадоў.

Тэкст і фота

Сяргея САДОЎСКАГА

 



Добавить комментарий