Папулярны «Школьны бутэрброд»

Общество

Творчыя старшакласнікі Багданаўскага навучальна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад-сярэдняя школа прымяраюць на сябе ўнікальную прафесію журналіста. Ужо год крэатыўныя падлеткі выпускаюць насценную каляровую газету “Школьны бутэрброд”, ганарліва называючы яе друкаваным органам вучнёўскага самакіравання.

Газета складаецца з чатырох старонак і друкуецца на каляровым прынтары.  Падлеткі асвойваюць жанры рэпартаж, заметку, інтэрв’ю. Іх друкаваны “Бутэрброд”, у адрозненне ад кулінарных сабратаў, падлягае доўгаму захоўванню. Газета вывешваецца ў калідоры школы, пакуль праз месяц яе не зменіць свежы нумар. На старонках выдання паведамляецца пра галоўныя падзеі школьнага жыцця: канферэнцыі, акцыі, конкурсы, адкрытыя ўрокі, канцэрты, спектаклі, работу метадычных аб’яднанняў. Ёсць тут і замалёўкі пра настаўнікаў. З’яўляюцца на старонках і галоўныя навіны ў межах свайго сельсавета. “Школьны бутэрброд” упрыгожаны мноствам фатаграфій і яркіх графічных элементаў.

Ініцыятарам выпуску газеты выступіла намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Марына Міхайлаўна Даніленка, яна ж з’яўляецца і шэф-рэдактарам выдання, і яго галоўным журналістам. За дызайн і вёрстку адказвае настаўніца інфарматыкі Ірына Ільінічна Буракоўская. У планаванні нумароў удзельнічае і педагог-арганізатар Яніна Баляславаўна Аляшкевіч. Самымі актыўнымі школьнікамі-карэспандэнтамі і творчымі дарадцамі сталі Ліза Вашкевіч і Ірына Жабко.

Калі газета – першы чарнавік гісторыі, то школьная газета – эскіз школьнага жыцця.

Тэкст і фота Алены ПАШКЕВІЧ



Добавить комментарий