Лепшых кніг адкрытыя старонкі…

Общество

Мерапрыемства пад назвай “Тэрыторыя культуры і зносін” прайшло ў Валожынскай цэнтральнай раённай бібліятэцы.

Для чытачоў быў падрыхтаваны цыкл кніжных выстаў “Час чытаць!”: “Кніга дапаможа, кніга падкажа”, “Літаратурная Валожыншчына”, “З кнігай праз вякі”, “Кнігі, аб якіх спрачаюцца”, “Кнігі, якія ацаніў увесь свет”. Прайшоў прагляд навінак літаратуры “Галерэя навінак”. Прайшла мультымедыйная прэзентацыя аб гісторыі і сучасным стане бібліятэкі “Бібліятэка. Час. Мы.”

Акцыя “Чытайце лепшае!” прадаставіла чытачам  права ўзяць бясплатна  любую кнігу з камерцыйнага фонду. У час акцыі “Аддадзім кнігу ў добрыя рукі” наведвальнікам быў прапанаваны шэраг кніг, якія дазвалялася пакінуць сабе. Падчас акцыі “Дзень вернутай кнігі” бібліятэкары, нарэшце, убачылі сваіх чытачоў, якія са спазненнем здалі кнігі. Была і дабрачынная акцыя “Падарыце кнігу бібліятэцы!” – больш за 100 экзэмпляраў кніг мы прынялі ў дар ад сваіх чытачоў.

На працягу дня для наведвальнікаў праводзіліся экскурсіі па бібліятэцы: гасцей бібліятэкі запрасілі наведаць кнігасховішча, пазнаёмілі з іншымі аддзеламі бібліятэкі, расказалі аб кніжным фондзе, аб дадатковых паслугах, якія можна атрымаць у аддзеле абслугоўвання чытачоў і інфармацыі.

У час «літаратурнага дыліжансу» “Лепшых кніг адкрыты вам старонкі” гасцей знаёмілі з лепшымі творамі айчынных і замежных аўтараў, энцыклапедычнымі, даведачнымі і іншымі выданнямі з фонду бібліятэкі.

Амаль усе наведвальнікі бібліятэкі згадзіліся прыняць удзел у сацыялагічным апытанні “Кніга ў маім жыцці” і ў літаратурнай віктарыне “Прыступка да мудрасці”. Цікавасць наведвальнікаў выклікаў майстар-клас па вырабу кніжных закладак у стылі выцінанка, які правяла кіраўнік гуртка раённага Цэнтра культуры Кацярына Мядзелка. Найбольш актыўныя ўдзельнікі віктарыны атрымалі прыгожыя закладкі ў падарунак. Закладкі-візіткі з запрашэннем наведваць бібліятэку, якія падрыхтавалі супрацоўнікі аддзела бібліятэчнага маркетынгу, атрымаў кожны з завітаўшых.

Жадаючыя мелі магчымасць наведаць выставу касметычнай прадукцыі фірмы на другім паверсе бібліятэкі, атрымаць бясплатную кансультацыю па дэкаратыўнай касметыцы і макіяжу. Супрацоўнікі бібліятэкі падрыхтавалі кніжную выставу “Будзем прыгожымі!” з адпаведнай літаратурай.

Цёплай была атмасфера ў бібліякафэ “Сяброў чаем прывячаем”. Гасцінныя бібліятэкары чытальнай залы прапаноўвалі наведвальнікам гарачыя чай і каву. Чытачы за кубкам чаю змаглі абмяняцца ўражаннямі аб прачытаным, пагутарыць аб навінках літаратуры.

У той дзень у бібліятэку запісалася 16 новых чытачоў. Мы спадзяемся, што ім яшчэ не раз захочацца наведаць нашу ўстанову, дзе можна карысна і цікава правесці вольны час.

Алена СУГАКА,

загадчык аддзелаабслугоўвання чытачоўі інфармацыіВаложынскай ЦРБ



Добавить комментарий