Хмель не вада – чалавеку бяда

Закон и порядок

Барацьба з п’янствам і самагонаварэннем застаецца адной з самых злабадзённых для супрацоўнікаў РАУС. І трэба зазначыць, што ў гэтым накірунку ёсць значныя поспехі. Калі раней ледзь не на кожным падворку можна было адшукаць самагонны апарат, а саматужная гарэлка лілася ракой, то зараз фіксуюцца адзінкавыя выпадкі падобных правапарушэнняў. І найчасцей алкагольнае зло ў наш раён завозіцца з суседніх рэгіёнаў.

Не так даўно ў Гародзьках быў затрыманы жыхар Маладзечанскага раёна, які займаўся рэалізацыяй спіртавой вадкасці. Пры сабе ён меў 30 літраў расфасаванага  “гаручага”. Незаконная прадукцыя канфіскавана, а  самому правапарушальніку давядзецца раскашэліцца на значную суму штрафу.

Дарэчы, у Валожыне і вёсках раёна ўсё яшчэ хапае тых, хто ахвотна набывае ў заезджых “камерсантаў” несанкцыянаваны алкаголь, а потым прадае яго з-пад палы. Некаторыя вельмі моцна падселі на гэты бізнес і не могуць ад яго адмовіцца, нават калі іх ловяць за руку, караюць па законе. Сёння амаль усе гарэлачныя “бізнесмены” праваахоўнікам вядомыя, як і іх пастаянныя кліенты. Ды і распазнаць як адных, так і другіх нескладана. Звычайна гэта людзі заніжаных маральных прынцыпаў, асацыяльныя.

Але часам і законапаслухмяныя грамадзяне рашаюцца зарабіць лёгкіх грошай, “выціснуўшы” разок-другі некалькі літраў самагонкі. Хтосьці запускае “ў дзела” апарат пад дахам уласнай гаспадарчай пабудовы, хтосьці сваю цёмную справу чыніць у лясной гушчэчы. Дваіх жыхароў Валожына міліцыя якраз і “накрыла” падчас працэсу на паляне непадалёку ад Забрэззя. У вытворцаў канфіскавана больш за паўтары тысячы літраў брагі, 16 літраў “першаку”, а таксама ўсё тэхнічнае абсталяванне. Невядома, наколькі прыбытковым аказаўся той бізнес, але сораму і непрыемнасцей мужчыны зведалі нямала.

Зараз у спісе тых, хто папаўся на самагонаварэнні, захоўванні і збыце незаконнага алкаголю, 53 жыхары раёна. З іх “падачы” ліквідавана 6030 літраў брагі і 290 літраў гатовага прадукту, 1200 літраў спіртаўтрымліваючай вадкасці.

Шкада, што немагчыма падлічыць, колькі слёз праліта з-за гарэлкі, колькі разбурана лёсаў, колькі не нарадзілася дзяцей…

Алена ЗБІРЭНКА



Добавить комментарий