Экзоты прыручыла клопатам

Культура

Пра такіх заўзятых садаводаў-агароднікаў, як А. Ч. АРЛОЎСКАЯ, звычайна кажуць: у яе не расце толькі тое, што не пасаджана.

Летась, напрыклад, купіўшы з цікаўнасці насенне гарбузоў-гігантаў, Алена Чаславаўна вырасціла з іх рэкордныя плады па 50 кілаграмаў. З агароднінай па парадзе дачкі рызыкнула паўдзельнічаць у конкурсе “Мая любімая дача”, арганізаваным Мінскхлебпрамам, і не прагадала – заняла першае месца. 

У вёсцы Пакуці Івянецкага сельсавета на прысядзібным участку ў 16 сотак працавітая гаспадыня вырошчвае не толькі перцы-памідоры-агуркі і ўвесь стандартны вітамінны набор агародніка. Разводзіць яна і лекавыя травы: мелісу, мяту, эхінацыю, шалфей, календулу і іншыя.

Клопату гаспадыні таксама патрабуюць шматлікія пладовыя дрэвы і кусты: грушы, сіні і зялёны вінаград, 4 гатункі парэчак, 5 гатункаў духмянай маліны. Пацешыў сваім шчодрым ураджаем і малады яблыневы сад.

Не забывае Алена Чаславаўна надаць эстэтычных нотак падворку: усё лета тут дружна красавалі 10 сартоў высакародных лілей.

Але, мабыць, галоўная “слабасць” Алены Чаславаўны – персікавае дрэва. Асабліва прыгожае яно ўвесну: яшчэ да распускання лісця “паўднёвы госць” густа апранаецца ў буйныя кветкі ружовага колеру.

Экзот з’явіўся на ўчастку Арлоўскіх 4 гады назад. Гаспадыня выгадавала яго з саджанца прыбалтыйскай селекцыі, зімаўстойлівага і засухаўстойлівага “ялгаўскага” гатунку. Летась “персідская сліва” дала 36 сакавітых пладоў з кісла-салодкім смакам. Сярэдняя маса аднаго аксамітавага персіка – 35-50 грамаў. Ураджай елі ўсёй сям’ёй і нават суседзяў пачаставалі.

І сёлета за любоў да яго ўдзячнае дрэўца таксама адплаціла гаспадыні прыгажосцю і зеленавата-белымі пладамі з ружаватым “румянцам”.

Зараз галоўны клопат Алены Чаславаўны – падрыхтаваць дрэўца да зімоўкі: ахінуць яловымі лапкамі і саломай, збудаваць з руберойду хатку: галоўнае, каб персік-пястун не змерз, але і не сапрэў.

Любяць А. Ч. Арлоўскую не толькі расліны, але і жывёлы. Гаспадыня разводзіць коз: балуе дамашніх апетытнымі сырамі і тварагом з казінага малака. Гадуюцца ў гаспадарцы 50 курэй, а таксама трусы пароды “французскі баран” і “каліфарнійскія”.

 

Тэкст і фота

Алены ПАШКЕВІЧ



Добавить комментарий