Чатыры паверхi здароўя…

Официально

Лячэбна-прафілактычны корпус у Валожыне здадзены ў эксплуатацыю 3 снежня 2010 года.

Узровень медыцынскага абслугоўвання насельніцтва ў Валожынскім раёне выйшаў на новыя якасныя пазіцыі, дзякуючы ўвядзенню ў эксплуатацыю новага лячэбна-прафілактычнага корпуса ў райцэнтры.

Ва ўрачыстым адкрыцці гэтага сацыяльна важнага аб’екта 3 снежня 2010 года прынялі ўдзел старшыня Мінскага аблвыканкама Барыс Васільевіч Батура, Міністр аховы здароўя краіны Васілій Іванавіч Жарко, кіраўнік раённай вертыкалі Уладзімір Антонавіч Наумовіч, дырэктар Маладзечанскага ААТ “ПМК-187” Анатоль Уладзіміравіч Бойка і іншыя афіцыйныя асобы абласных і раённых ведамстваў. Дарэчы, сваю лепту ва ўзвядзенне корпуса ўнеслі і ўсе будаўнічыя арганізацыі нашага раёна.

Амаль 22 мільярды рублёў складае агульны кошт новабудоўлі з улікам ўстаноўленага найноўшага медыцынскага абсталявання (у асноўным айчыннай вытворчасці), функцыянальных ложкаў, мэблі і інш. Як зазначыў у час урачыстасці кіраўнік абласной вертыкалі Б. В. Батура за пяцігодку на Міншчыне ўведзена ў эксплуатацыю 11 аб’ектаў аховы здароўя, у тым ліку 8 здадзены сёлета. Расходы на ахову здароўя ў вобласці на апошнія гады значна выраслі і ў бягучым годзе дасягнулі 492,3 мільярда рублёў.

Увод новага корпуса ў Валожынскім раёне палепшыць умовы знаходжання хворых, якасць дыягностыкі і лячэння, лепшымі стануць і ўмовы працы медыкаў і абслугоўваючага персаналу. На чатырох паверхах здароўя, а менавіта такая вышыня новабудоўлі, размесцяцца аперацыйны блок, аддзяленні інтэнсіўнай тэрапіі і рэанімацыі, гінекалагічнае і радзільнае аддзяленні райбальніцы.

 Ірына ПАШКЕВІЧ.

 Фота Сяргея БОБРЫКА. 



Добавить комментарий