1 кастрычніка – Дзень пажылых людзей

Общество

Галіну Іванаўну ЛАБУН з вёскі Яршэвічы імклівае жыццё, як лагодная залатая восень, ужо ахінула шчодрай лістотай успамінаў.

Сённяшнія будні больш нагадваюць аднастайнасць. А новых яркіх падзей здараецца ў яе сціплым жыцці цяпер мала. Затое ўспамінаў пра ўсё тое, што было ў яе біяграфіі – шырокі і пярэсты веер! Самыя светлыя эмоцыі звязаны з замужжам, нараджэннем любімых дзетак. А іх у Галіны Іванаўны трое. Першынец – сын Іван, затым яна спявала пяшчотныя калыханкі дочкам Святлане і Марыне. Гады праляцелі, нібы чарада птушак над жніўным полем. І сёння ўжо яе дзеці маюць сваіх дарослых дзяцей і ўжо нават унукаў. Усяго радаслоўнае дрэва пабагацела на восем чалавек.

…Яе працоўнае жыццё прайшло на мясцовай жывёлаводчай ферме, дзе 20 гадоў шчыравала даяркай. Галіна Іванаўна пайшла матчынай прафесіянальнай сцяжынай. Загартаваная сялянскай працай, гэта жанчына і дома не ведала стомы. Разам з мужам даглядалі вялікую падсобную гаспадарку: быў і конь, і карова, і іншая жыўнасць. А цяпер імклівыя гады пазбавілі яе колішняга спрыту і сілы. Удаве ўжо не ўсё, як кажуць, па плячы. 75-я восень на яе жыццёвым календары! Але ўсё роўна здаецца, што час, як гарэзлівае дзіця, вельмі хутка круціць стрэлкі. Здаецца, усё было толькі ўчора…

Ірына ПАШКЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий