Умеюць старасць шанаваць!

Общество

Цікавыя і змястоўныя мерапрыемствы адбудуцца ў раёне з нагоды Дня пажылых людзей. 1 кастрычніка ў Івянецкім Доме польскім запланаваны “агеньчык” пад назвай “Ад шчырага сэрца”. Святочныя мерапрыемствы для пажылых пройдуць у сельвыканкамах, Дамах культуры і дамах сацыяльных паслуг, дабрачынную акцыю правядуць для пацыентаў сацыяльных ложкаў устаноў аховы здароўя ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама і ТЦСАН. 3 кастрычніка ў 16.00 РЦК запрашае на канцэрт-віншаванне “Вам сэрцаў нашых цеплыня”.

Сацыяльныя работнікі і школьнікі раёна актыўна дапамагаюць пенсіянерам нарыхтоўваць і здаваць яблыкі. За мінулы тыдзень агульнымі намаганнямі было сабрана без малога 9 тон яблыкаў ад 24 састарэлых людзей з 16-і населеных пунктаў Валожыншчыны. Найбольшымі індывідуальнымі ўраджаямі – звыш 700 кілаграмаў – могуць пахваліцца І. А. Шаўлюк з Забрэззя і З. Б. Пудакевіч з вёскі Чэрневічы. Прыём жа сакавітых пладоў спраўна вядзе райспажыўтаварыства.

Па 15-20 чалавек з ліку пенсіянераў і беспрацоўных па сумеснай ініцыятыве ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама і КУП “Сівіца” штодня, акрамя выхадных, ездзяць у гэту гаспадарку на капанне бульбы. Непасрэдная выгада такой прапановы ў тым, што кожны можа набраць сабе пры гэтым столькі бульбы, колькі жадае, і тым самым стварыць сабе прыпас на зіму.

КУП “Сівіца” па льготнай цане (3 тысячы рублёў за кілаграм) забяспечвае бульбай усіх жадаючых з ліку састарэлых. Транспартам гаспадаркі ўжо завезена звыш 6 тон гэтага прадукту на падворкі 40 чалавек з Івянца. На чарзе – абслугоўванне заяў яшчэ 24 пенсіянераў з Валожына і некаторых вёсак. Ім прадстаіць адправіць у агульнай колькасці амаль 2,7 тоны бульбы.

Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва аказвае паслугі маючым патрэбу ў абкосцы тэрыторыі і распілоўцы дроў. Гэтымі работамі займаецца сацыяльны работнік аддзялення тэрміновага сацыяльнага абслугоўвання Віктар Міхайлавіч Насовіч. Акрамя таго, кожную сераду ў аддаленыя і маланаселеныя пункты раёна выязджае шматпрофільная група ТЦСАН, куды ўваходзяць супрацоўнік МНС, псіхолаг, юрыст, цырульнік, сацыяльны работнік і інш. спецыялісты. Група займаецца аказаннем разавых паслуг. Наведана 57 вёсак на тэрыторыі Івянецкага, Валожынскага і Вішнеўскага сельсаветаў, інфармацыйна-кансультацыйнымі, псіхалагічнымі, юрыдычнымі паслугамі скарысталіся 330 чалавек з ліку адзінокіх, адзінокапражываючых грамадзян, інвалідаў. Работа працягваецца.

Да друку падрыхтаваў Сяргей САДОЎСКІ



Добавить комментарий