«Мабiльныя» зладзеi не спяць…

Закон и порядок

Сёння кожны чалавек, нават маленькае дзіця, умее карыстацца мабільным тэлефонам. Мы ўжо не зважаем на тое, бяром яго з сабой, ці кладзём у кішэнь пасля размовы.

Таму мабільны і становіцца ўсё больш лёгкай здабычай для злачынцаў. Асноўнай з прычын крадзяжоў сотавых тэлефонаў з’яўляецца менавіта бестурботнасць саміх уладальнікаў.

Каб зменшыць верагоднасць застацца без свайго тэлефона, неабходна памятаць простыя правілы. Знаходзячыся ў любым грамадскім месцы, ніколі не пакідайце сваю маёмасць без нагляду. Памятайце, што магазіны, офісы кампаній, бары, аўтобусы з’яўляюцца грамадскімі месцамі, доступ сюды не абмежаваны, і, пакідаючы мабільны тэлефон, кашалёк, банкаўскую картку і г. д., вы рызыкуеце не знайсці іх там, нават калі вернецеся праз кароткі час.

Не перадавайце тэлефон незнаёмым і малазнаёмым людзям з просьбай патэлефанаваць ці паглядзець. Набывайце мабільныя тэлефоны толькі ў спецыялізаваных магазінах, не купляйце тэлефоны «з рук», бо такія апараты могуць быць крадзенымі. У выпадку крадзяжу мабільнага тэлефона, з мэтай раскрыцця злачынства ў кароткі тэрмін, не рэкамендуецца блакіраваць сім-карту. Пры нашэнні тэлефона ў сумцы рэкамендуецца прышпіліць яго на ланцужок да папружкі ці зашпількі. Каб не прыцягваць увагу злачынцаў, у цёмны час сутак пераключыце мабільны на вібразванок, адключыце яркія светлавыя эфекты.

Нярэдка ахвярамі зламыснікаў становяцца дзеці. Каб пазбегнуць крадзяжоў тэлефонаў, дзецям і падлеткам трэба або пакідаць іх дома, або насіць у сумках і рукзаках. Бацькам не варта купляць дзецям дарагія тэлефоны. Калі не атрымалася пазбегнуць такой страты, трэба неадкладна звярнуцца ў міліцыю па месцы ўчынення злачынства. Але перш, чым звяртацца з заявай пра крадзеж мабільнага тэлефона, грамадзянам неабходна пераканацца ў тым, што тэлефон сапраўды быў украдзены, а не згублены.

Аляксандр ЛУКАШЫК,

пракурор аддзела пракуратуры Мінскай вобласці



Добавить комментарий