Хiбы прыдарожнага сэрвiсу

Закон и порядок

Наш раён наведвае шмат турыстаў, значная частка транспарта праходзіць транзітам. Таму на дзяржаўным узроўні пастаўлена задача надаць аб’ектам адпаведны эстэтычны выгляд, стварыць неабходныя ўмовы для падарожнікаў.

Важнае месца адведзена і выкананню патрабаванняў заканадаўства ў галіне санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту насельніцтва.

На трасе Мінск-Гродна месцяцца 4 аб’екты гандлю на АЗС, 3 аб’екты грамхарчу, адна гасцініца, 4 АЗС, 1 СТА. Не працуюць толькі кафэ «Ля лукамор’я» і кафэ ў вёсцы Лаўскі Брод – праводзіцца іх рэканструкцыя.

На гэтых аб’ектах праводзіцца пэўная работа па паляпшэнні санітарна-гігіенічнага стану, добраўпарадкаванні тэрыторый. Разам з тым выяўляюцца розныя парушэнні. Работнікі Валожынскага РЦГіЭ 19 верасня правялі маніторынг аб’ектаў прыдарожнага сэрвісу. На 3-х аб’ектах знойдзены харчовыя прадукты з сышоўшым тэрмінам годнасці.

Самы вялікі «выбар» пратэрмінаваных прадуктаў – 12 найменняў – прапанаваўся ў магазіне на АЗС № 31 РУП «Беларуснафта-Мінскаблнафтапрадукт». Знята з рэалізацыі ў гэтай краме 21,5 кг прадукцыі. У краме  АЗС № 6 ІП ТАА «Лукойл-Беларусь» наведвальнікам прапанавалася алкагольная настойка «Журавіны», тэрмін годнасці якой мінуў 25 жніўня. У кафэ ў вёсцы Пералясанка ў продажы знаходзілася пратэрмінаваная каўбаса, на мяса не прад’яўлены дакументы, якія пацвярджалі б якасць і бяспеку. Адсутнічае, як і на рагу са свініны, інфармацыя пра тэрміны годнасці. Акрамя таго, прылеглая тэрыторыя своечасова не прыбіраецца, засмечана недакуркамі. Дапускаецца спальванне смецця. У кафэ «Парк» у вёсцы Шараі, нягледзячы на раней выдадзеныя прадпісанні ўстараніць парушэнні, на прылеглай да зямельнага ўчастка тэрыторыі складзіруюцца дровы, будаўнічыя матэрыялы, не добраўпарадкавана тэрыторыя кантэйнернай пляцоўкі для збору цвёрдых адходаў.

За дапушчаныя парушэнні за бягучы перыяд 2014 г. на кіраўнікоў і работнікаў аб’ектаў прыдарожнага сэрвісу накладзена 20 штрафаў на суму 9840 тыс. руб., выносіліся 3  прадпісанні прыпыніць дзейнасць для правядзення пазачарговага санітарнага дня ў кафэ «Парк», гасцініцы ў Шараях, кафэ «80-ы км». Вынесена 5  прадпісанняў зняць са звароту харчовыя прадукты і харчовую сыравіну агульнай вагой 29,47 кг. Дадзены 25 прадпісанняў і рэкамендацый устараніць выяўленыя парушэнні. Праца па наглядзе за санітарным утрыманнем аб’ектаў прыдарожнага сэрвісу будзе працягнута.

Святлана МАРЧЫК,

загадчык аддзела гігіены РЦГіЭ



Добавить комментарий