Ой, бярозы ды сосны…

Общество

11 кастрычніка ў лясах раёна пройдзе дабравольная акцыя, ініцыятарам якой выступіла Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь. Мэта акцыі – навядзенне санітарнага парадку ў лясных масівах і добраўпарадкаванне.

Кожны год у лясах Валожыншчыны нарыхтоўваецца звыш 100 000 кубаметраў драўніны, а гэта значыць, што высякаецца вялікі ўчастак зялёнага багацця.

Відавочна, што адзіны спосаб не знішчыць лес і захаваць яго для нашчадкаў – на месца ссечанага дрэва пасадзіць новае. Лесааднаўленчыя работы  –  галоўны прафесійны абавязак работнікаў лясгаса. Не застаюцца ў баку ад гэтай пачэснай справы і шмат іншых людзей, якія любяць прыроду і берагуць яе. Асабліва актыўна дапамагаюць лясгасаўцам у лесапасадках вучні сярэдніх школ раёна – члены школьных лясніцтваў.

Значны ўклад у аднаўленне зялёнага покрыва раёна сёл ўнеслі юныя леснікі з СШ № 2, гімназіі, СШ №1, Вішнеўскай, Сакаўшчынскай, Багданаўскай, Гародзькаўскай школ. На тэрыторыі Ракаўскага лясніцтва вясной, падчас правядзення акцыі “Тыдзень лесу”, добра зарэкамендаваў сябе працоўны “дэсант” са сталічных жыхароў.

Работнікамі лясгасу і іх добраахвотнымі памочнікамі сёлета пасаджана 170 гектараў лесу. Асноўная стаўка робіцца на сасновыя віды дрэў, якія хутка растуць, менш падвяргаюцца розным хваробам і шкоднікам і адпавядаюць глебавым умовам нашай мясцовасці. Не застаюцца забытымі і іншыя культуры. Так, маладых дубраў у Вішнеўскім, Валожынскім, Івянецкім, Ракаўскім лясніцтвах сёлета закладзена 19 гектараў.

Восеньскі маніторынг паказаў, што найлепш прыжываюцца маладыя дрэўцы ў Румскім вопытна-вытворчым лясніцтве (ляснічы М. Ю. Рудовіч) –  98,3 працэнта пасаджаных вясной саджанцаў умацаваліся і выдатна сябе адчуваюць на новым месцы. Гэта вельмі высокі паказчык, дасягнуць якога ўдаецца далёка не ўсім.

Пасадачны матэрыял лясгасаўцы вырошчваюць у гадавальніку, якім зараз кіруе А. І. Віршыч. На плошчы больш за 20 гектараў тут высаджаны сеянцы і саджанцы елкі, сасны, дуба, ясеня, дэкаратыўных дрэў і кустоў, якія будуць радаваць людзей ужо будучага стагоддзя.

Усе, хто пажадае прыняць удзел у мерапрыемстве, будуць забяспечаны сродкамі індывідуальнай аховы і пакетамі для збору смецця.

Работнікі лясгаса асабліва спадзяюцца, што на акцыю адгукнуцца члены садовых таварыстваў Ракаўскай зоны. Тут, у непасрэднай блізкасці да сталіцы, шмат знакавых аб’ектаў і месцаў адпачынку, якія вельмі папулярны ў гараджан. Але, як гэта звычайна бывае, дзе шмат наведвальнікаў, там і смецця застаецца больш…

Упарадкаваны лес не застанецца ў даўгу: аддзячыць чыстым паветрам, ураджаем грыбоў і ягад, маляўнічымі краявідамі, якія пацешаць не толькі вока, але і душу.

Пра тое, як далучыцца да акцыі “Наш чысты лес”, можна даведацца па тэлефоне галоўнага ляснічага Сяргея Мечыслававіча Бараноўскага: 55-4-85.

Алена ЗБІРЭНКА



Добавить комментарий