Яе далёкая зорачка

Культура

Іх разлучаюць не тысячы кіламетраў сушы, іх разлучае акіян. Дачка разам са сваімі дзецьмі і мужам пераехала на пастаяннае месца жыхарства ў Амерыку.

Калі Марына сказала маці пра такі выбар, тая была ў вялікай разгубленасці і з горыччу папракнула: ”Усё ж маеце, здаецца, у сваім жыцці! Чаго яшчэ трэба?!” Але дарослую дачку ўжо было не ўгаварыць адмовіцца ад такога крутога павароту лёсу.

Маці не засталася ў старасці адна. У суседняй вёсцы жыла малодшая дачка, у райцэнтры – сын. Але яна марыла, каб дзеці былі, калі не пры ёй, дык хаця б жылі непадалёк. Разумела, што цяпер Марына стане ў хаце рэдкай госцяй. Так і здарылася. За 14-ць гадоў з далёкага кантынента прыязджала толькі двойчы. Ды і то без любімых унукаў, якія некалі гадаваліся ў бабулінай хаце…

Простая вясковая жанчына ў 70 гадоў, чаму і сама вельмі здзівілася, навучылася размаўляць з дачкой па скайпу. Раз у тыдзень абавязкова праходзіць такая сустрэча. Але гэтыя камп’ютарныя зносіны не замяняюць непасрэдных сардэчных сувязей. Пасля такіх сеансаў яна заўсёды плача. Аднак ніколі не дае волю слязам, калі знаходзіцца за камп’ютарам. Каб не расстроіць сваю Марыначку. Дачка, безумоўна, разумее, што маці вельмі сумуе, перажывае. Таму штогод высылае сотні фотаздымкаў, на якіх падрабязна фіксуе найбольш яркія моманты свайго жыцця ў Амерыцы. У выніку сабралася ўжо пяць тоўстых альбомаў. Маці часта бярэ іх у рукі, у соты раз перабірае здымкі, гэтым сцішваючы сваю глыбокую сардэчную журбу.

…Галіна Васільеўна любіла і горача любіць усіх траіх дзетак. Але заўсёды адчувала, што чамусьці да Марыны яе цягнула найбольш. Можа, таму, што яна першынка… Да гонару маці яна была вельмі здольная да вучобы. З залатым медалём скончыла школу, выдатніцай была і ў інстытуце. Самастойна асвоіла англійскую мову. Ды і ў Амерыцы з цягам часу таксама скончыла ўніверсітэт. Цяпер працуе ў банку. Кар’ера яе склалася ўдала.

Дачка ўжо сама стала бабуляй. Таму цяпер на сваёй беларускай бацькаўшчыне яна будзе бываць яшчэ радзей, бо трэба дапамагаць гадаваць унукаў.

…Галіна Васільеўна мае багаты гардэроб. За ўвесь свой век, відаць, усіх убораў так і не зносіць. Але, каб мець адчуванне блізкасці любімай дачкі, яна часта спецыяльна апранае світэр і спадніцу, іншую вопратку, якую некалі насіла яе Марынка. А калі ідзе ў храм памаліцца за сваіх любімых дзетак, то зноў дастае з шафы Марынчын плашчык. Ён яркі, ды і па фасоне больш маладзёжны. Яго насіла дачка, калі настаўнічала ў школе. На старой жанчыне такая вопратка глядзіцца неяк не зусім дарэчна. Але гэта ніколькі не бянтэжыць яе, галоўнае, што ёй так камфортна.

Маці разумее, што калі табе за 70, то астатні век ужо не такі і доўгі. Тым больш, што і здароўе падводзіць. Часта ноччу даймае бяссонніца. Тады яна ціхенька прысядзе ля акна, настылага ад начной расы. Спецыяльна не запальвае электрычнае святло. Пільна ўзіраецца ў неба. Аднойчы яна выбрала зорачку ў тым баку, дзе, па яе меркаванні, на прасторах планеты знаходзіцца Амерыка, і вырашыла, што гэта зорачка свеціць менавіта ёй, што гэта як спатканне з любімай Марыначкай. Гэта спатканне паўтараецца штоноч, яно ўжо стала неадольнай звычкай. Камусьці гэта можа падацца элементарным глупствам, а для адзінокай маці гэта своеасаблівы псіхаэмацыянальны трэнінг. Гадзінамі яна можа глядзець на тую ярку кропку ў бясконцай галактыцы і адчуваць, як міжволі светла і цёпла становіцца на душы. Яна сабе нафантазіравала: калі гэта зорачка свеціць ярка, то далёка за акіянам і ў яе любімай дачушкі, відаць, таксама ўсё добра…

Ірына ПАШКЕВІЧ



Добавить комментарий