На крылах творчасці і сяброўства

Общество

Удзельнікі народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” Валожынскага раённага Цэнтра культуры сустракалі ў сябе сяброў-суседзяў з літаратурнага аб’яднання пры ашмянскай раённай газеце “Ашмянскі веснік”.

За кубачкам гарбаты, кавы, за салодкімі пачастункамі ўдзельнікі абедзвюх суполак дзяліліся вопытам работы, творчымі дасягненнямі і планамі. Кіраўнік “Руні” расказала аб літаратурным дрэве Валожыншчыны, лісцейкамі і малымі галінкамі якога з’яўляюцца сённяшнія самадзейныя паэты Валожыншчыны, аб агульных творчых здабытках народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання і асабістых поспехах яго ўдзельнікаў. А кіраўнік ашмянскіх творцаў Аліна Санюк (яна ж намеснік «Ашмянскага весніка») паведала пра знакамітасці свайго краю, пра цікавыя творчыя вандроўкі, прадставіла сваіх паэтаў. І, вядома ж, гучалі распета-лірычныя, кранаючыя да слёз і жартоўныя вершы, песні ў аўтарскім выкананні пад гармонік і гітару, а таксама музычную фанаграму. Незаўважаным і непачутым не застаўся ніхто.

Напрыканцы сустрэчы кіраўнікі аб’яднанняў абмяняліся кніжнымі падарункамі. Яны, а таксама фота, і, вядома ж, самыя цёплыя, светлыя, шчырыя сяброўскія пачуцці назаўсёды застануцца з намі, паспрыяюць напісанню новых твораў, паклічуць на новыя сустрэчы.

Пасля гасцёўні супрацоўнік Валожынскага краязнаўчага музея Уладзімір Пучкоў пазнаёміў гасцей з Ашмян з найбольш адметнымі і цікавымі мясцінамі Валожына.

Валянціна Русакевіч,

кіраўнік народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” раённага Цэнтра культуры



Добавить комментарий