Высокае прызнанне

Общество

Юлія Скурко і Народны інструментальны ансамбль “ArsLonga” з Ракава сталі ўладальнікамі Гран-пры III Фестывалю песні Ганны Герман “Эўрыдыка”.

Фестываль праходзіў у Мінску ў канцы верасня. Арганізавалі яго члены Саюза музычных дзеячаў Беларусі пры садзейнічанні Пасольства Рэспублікі Польшча.

Удзельнічалі ў конкурсе выканаўцы і музычныя калектывы з нашай краіны, якія былі падзелены на катэгорыі: сольныя выканаўцы ва ўзросце ад 15 да 25 гадоў, сольныя выканаўцы ва ўзросце ад 26 гадоў, музычныя групы і калектывы.

Канкурсанты павінны былі выканаць два творы з рэпертуару Ганны Герман, адзін – на польскай мове, другі – на мове, выбранай выканаўцам.

У склад журы ўвайшлі вядомыя дзеячы музычнага мастацтва Беларусі і Польшчы: Герард Новак (заслужаны дзеяч культуры Польшчы, кампазітар) – старшыня журы; Агата Медынска (дырэктар амфітэатра імя Ганны Герман у г. Зелена-Гура); беларускі спявак Пётр Ялфімаў; беларускі прадзюсар Таццяна Касмачова; выкладчык Белдзяржуніверсітэта культуры і мастацтваў, лаўрэат міжнародных конкурсаў Рыгор Паляшчук.

Сярод канкурсантаў па рэкамендацыі Алы Макарэвіч, кіраўніка Валожынскага аддзялення грамадскай арганізацыі “Польска мацеж школьна”, былі і прадстаўнікі Валожыншчыны з Ракаўскай дзіцячай школы мастацтваў. На суд журы сваю творчасць прадставіла настаўнік школы Юлія Скурко (вакал) у суправаджэнні Народнага інструментальнага ансамбля “Ars Longa”. У іх выкананні прагучалі творы “Люблю цябе” і “Sloneczny dzien” (“Сонечны дзень”).

Гэта быў творчы эксперымент для ансамбля. Аднак гарманічны сінтэз голасу і жывога музычнага суправаджэння не пакінуў абыякавым нікога са слухачоў і членаў журы.

Марат ЛАГУТКА,

мастацкі кіраўнікансамбля “Ars Longa”



Добавить комментарий