У госцi да бабулi

Культура

А гэты факт з летапісу зусім іншай сям’і, але і ён мае “амерыканскі” след. Тут маці і бабулі ў адной асобе больш пашанцавала. Бо адзіная дачка стараецца прыязджаць у госці ледзь не кожны год.

Аднойчы маці папракнула, што даўно не бачыла ўнукаў. Галіна абяцала абрадаваць і адправіла сваіх сыноў-падлеткаў да бабулі на летнія канікулы.

Дзеці нарадзіліся ў Амерыцы. Таму руская мова для іх была чужая. Апынуўшыся ўпершыню ў новай краіне, у новым доме, яны не ведалі, чым сябе заняць. Тэлевізар іх не цікавіў, кантактаў з равеснікамі наладзіць не змаглі, таму праводзілі вольны час сам-насам. У асноўным забаўляліся са смартфонамі…

Але хлопчыкі ёсць хлопчыкі. Яны ж заўсёды свавольнікі! Любілі ўволю пабегаць, весела паштурхацца. Паскакаць, як на батуце, на зыбкіх спружынах ложкаў, пакідацца падушкамі, якімі ў рэшце рэшт і разбілі дарагую люстру. Бабуля – настаўніца з вялікім працоўным стажам, старалася пры выпадку паўшчуваць гарэзлівых унукаў. Але ўправы на іх знайсці так і не змагла. Рускай мовы яны не разумелі. А пагрозлівы тон заўваг іх мала кранаў. Ціха сядзелі хіба толькі за сталом, калі клапатлівая бабуля іх гасцінна частавала рознымі прысмакамі.

Жанчына ў душы заўсёды спадзявалася, што яны палепшаюць, паспакайнеюць, што яна іх перавыхавае. Але дзе там! Не выпадкова, што заспакаяльныя каплі, і не толькі гэтыя лекі з хатняй аптэкі, сталі самымі запатрабаванымі. Так цягнулася больш за месяц. У выніку стомленая бабуля пачала лічыць дні, якія засталіся да заканчэння летніх канікулаў амерыканскіх унукаў. Нават самой было няёмка ад гэтага, але нервы канчаткова здалі… Дачцэ па тэлефоне пра свае перажыванні расказваць не рашалася.

Раней яна крыўдзілася, што зяць – карэнны амерыканец, ні разу так і не паказаў носа ў доме сваёй беларускай цешчы. А  цяпер і на яго не стала наракаць. А чаго ехаць?! З перакладчыкам жа не будзеш размаўляць са сваім далёкім сваяком! Хіба толькі калі-небудзь ён выберацца ў госці разам з дачкой, тады і моўнага бар’еру не будзе.

Унукі на працягу лета абыходзіліся мінімальным лексічным запасам. Найчасцей у хаце з іх вуснаў гучала толькі адно рускае слова, сказанае з вялікім акцэнтам і як бы спецыяльна нараспеў: “Бааа-бууу-шкаа.”

Жанчына адчувала, што праз год яе сэрца адпусціць крыўду, і яна зноў запросіць пагасціць да сябе “заморскіх”, як яна кажа, унукаў…

Ірына ПАШКЕВІЧ



Добавить комментарий