Агляд падзей у раённай газеце за кастрычнік 1969 года

Культура

СЯМЁРА СМЕЛЫХ ПАКАРЫЛI СУСВЕТ

Пра гэта пісала раённая газета з паметкай “ТАСС”:

Упершыню ў гісторыі асваення касмічнай прасторы на калязямной арбіце знаходзяцца адначасова тры пілатуемыя караблі “Саюз”. Касманаўты Г. С. Шонін, В. М. Кубасаў, А. В. Філіпчанка, У. М. Волкаў, В. В. Гарбатка,  У. А. Шаталаў і А. С. Елісееў здзяйсняюць групавы палёт.

Упершыню ажыццёўлена зварка ў космасе. Мэтай гэтых эксперыментаў з’яўлялася вызначэнне асаблівасцей зваркі розных металаў ва ўмовах касмічнай прасторы.     

ПРЫКЛАД БЯРУЦЬ З УДАРНIКАЎ

У мэблевым цэху Івянецкага прамкамбіната сярод дзясяткаў рабочых асабліва вызначаюцца трое.

Гэта – сталяры Казімір Калевіч, Іван Янушкевіч, Мар’ян Трыпуцька. Усе трое ў ліку перадавікоў вытворчасці аднымі з першых на прадпрыемстве ўдастоены высокага звання ўдарніка камуністычнай працы.

Сёлета, у год ленінскай ударнай работы, “тройка ўдарнікаў”, як называюць правафланговых спаборніцтва таварышы па рабоце, працуюць з небывалым уздымам. Не было ў гэтым годзе такога месяца, каб яны не выканалі планавага задання. Кожны часта перавыконвае зменныя нормы выпрацоўкі, не дапускае браку. Ударнікі настойліва змагаюцца за павышэнне якасці прадукцыі. З іх бяруць прыклад астатнія рабочыя.

ЗА ВЫСОКIЯ ПРЫВАГI I НАДОI

Аб выніках сацыялістычнага спаборніцтва за званне лепшых па прафесіі за дзевяць месяцаў бягучага года:

“Лепшая даярка раёна” Яніна Станіславаўна Карпук з калгаса “17 верасня”, якая надаіла ад кожнай з 15 кароў па 4025 кг малака.

“Лепшая свінарка раёна” – Марыя Іванаўна Давідовіч, з калгаса імя М. Горкага, якая атрымала па 21,7 парасяці ад кожнай з 20 свінаматак.

“Лепшая свінарка па адкорму свіней” – Юлія Паўлаўна Адахоўская з калгаса “Краіна Саветаў”, якая адкарміла 481 галаву свіней жывой вагой 442 цэнтнеры пры сярэднясутачнай прывазе адной галавы на 587 грамаў.

“Лепшы жывёлавод па адкорме буйной рагатай жывёлы” – Ігар Іосіфавіч Багарэвіч з саўгаса “Праца”, які атрымаў ад кожнай з 56 галоў цялят па 1090 грамаў прывагі.

“Лепшы даглядчык маладняку буйной рагатай жывёлы” – Станіслаў Паўлавіч Русакевіч з калгаса імя Чапаева, які атрымаў ад 45 замацаваных цялят па 854 грамы сярэднясутачнай прывагі.

“Лепшы трактарыст” – Мікалай Фёдаравіч Зялкоўскі з калгаса імя Леніна, які выпрацаваў на трактары ДТ-54 1449 гектараў мяккага ворыва.

“Лепшая птушніца” – Яніна Ігнацьеўна Сакалоўская з Івянецкай птушкафабрыкі, якая атрымала ад кожнай з 3500 курыц-нясушак у сярэднім па 214,7 яйка.

ВЕК ВУЧЫСЯ

Амаль кожны пяты жыхар раёна павышае свой агульнаадукацыйны ўзровень. Усімі відамі навучання ахоплена 14598 чалавек. Развіваюцца вячэрняе і завочнае навучанне працоўнай моладзі і дарослых.

У гэтым годзе будзе закладзены падмурак сярэдняй школы № 1 у горадзе Валожыне на 640 месцаў.

Больш чым тысяча чалавек у нашым раёне працуюць на ніве народнай асветы. У вялікай арміі педагогаў Валожыншчыны – 32 выдатнікі народнай асветы, 10 “Заслужаных настаўнікаў” і тыя, хто мае іншыя ўзнагароды. Гэта Э. Я. Протас з СШ № 2 райцэнтра, З. І. Дакурна з Зарачанскай пачатковай школы, М. А. Уласік і М. А. Дунаева з СШ № 1 г. Валожына.

З добрага боку зарэкамендавалі сябе маладыя спецыялісты С. С. Пачыкоўская і Л. С. Крыштаповіч з Пяршайскай СШ, С. Е. Сюбараў і П. І. Музычына з Яршэвіцкай СШ, Г. І. Бітэль з Багданаўскай СШ, Н. А. Чарнушэвіч з Поцінскай васьмігадовай школы, Л. В. Піткевіч з Ластаянцаўскай СШ, Г. М. Урбановіч з Дудкаўскай пачатковай школы.

ЛІЧБЫ І ФАКТЫ

Дэлегатамі на III Усесаюзны з’езд калгаснікаў ад нашага раёна, выбранымі абласной канферэнцыяй, сталі: трактарыст калгаса “1 Мая” І. І. Бацян, брыгадзір будаўнічай брыгады калгаса “Верны шлях” І. В. Карпінскі, заатэхнік калгаса імя Чапаева Г. В. Канановіч, сакратар партыйнай арганізацыі калгаса імя Леніна М. С. Шчуцкі.

Уключыўшыся ў сацыялістычнае спаборніцтва за дастойную сустрэчу 100-годдзя з дня нараджэння У. І. Леніна, калектыў Ракаўскага нізавога масласырзавода, якім кіруе старшы майстар Васіль Дзмітрыевіч Нікуленкаў, датэрмінова выканаў гадавы план па вытворчасці прадукцыі. На пачатак кастрычніка завод даў 195 тон сыру. У ліку перадавікоў вытворчасці – зменны майстар Тамара Аляксееўна Сарока, рабочая сырцэха Зоя Фамінічна Туслава.

   ЗАЯЦ – ЛЕПШЫ ЖЫВЁЛАВОД

Авечкагадоўчая ферма сельгасарцелі “Беларусь” багацее клопатам і стараннем Генадзя Мікалаевіча Зайца. Летась тут налічвалася без малога дзвесце галоў.

Г. М. Заяц з вёскі Міхалеўшчына даў слова памножыць у сёлетнім годзе поспех. З глыбокім веданнем справы даглядаў калгаснік жывёлу, добра напасваў яе, уважліва назіраў за паводзінамі.

На раённым сходзе прадстаўнікоў калгасаў Генадзя Мікалаевіча выбралі дэлегатам на рэспубліканскі з’езд калгаснікаў, які адбудзецца ў сталіцы нашай рэспублікі.

ЛЕСУ АДДАЮЦЬ УСЁ СЭРЦА

Крыху больш чым за восем месяцаў калектыў Валожынскага лясніцтва выканаў гадавы план па лесагаспадарчых мерапрыемствах.

Нарыхтавалі 4300 кубаметраў лесаматэрыялаў рознага асартыменту, 1200 кубаметраў драўніны вытралевана да дарог.

Асабліва добра працуе ляснік А. І. Урбановіч. Пад яго кіраўніцтвам праведзены вялікі аб’ём работ па прачыстцы і прарэджванні лесу, па праходных высечках. Неаслабную ўвагу выкананню вытворчага плана санітарных высечак удзяляюць ляснік В. В. Собаль і лесатэхнік І. М. Акраец.

Варта адзначыць умелую работу па доглядзе маладняку лесніка І. В. Сухадольца. Ён на плошчы ў 35 гектараў правёў асвятленне лесу і высек 200 кубаметраў хмызняку.

Сёлета закладзена 80 гектараў маладога лесу. Прыжываемасць яго складае 95%. У гэтым немалая заслуга леснікоў В. В. Собаля, А. В. Іванчыка, І. А. Садоўскага, брыгадзіра С. С. Душкевіч.

ДАПЫТЛIВАЯ АЛЬБО ЦIКАЎНАЯ?

“Крапівой-пякучкай” – сатырычны аддзел “Працоўнай славы”:

Дапытлівы – чалавек, які прагне ведаў. Цікаўны – чалавек, які хоча ўсё ведаць: і што гатуецца на абед у суседкі, і з-за чаго пасварыліся Іван Іванавіч з Іванам Нікіфаравічам. А паштальён Лоскага аддзялення сувязі М. Д. пайшла і таго далей. Яна хоча ведаць, пра што пішуць у пісьмах таму ці іншаму адрасату. І даведаецца, пагарджаючы звычайнымі чалавечымі і службовымі правіламі. Лоўка ўскрые канверт, пазнаёміцца са зместам пісьма. Калі ж запытаеш, чаму разарванае пісьмо, паштальён бестурботна адкажа:

– Я не ведаю, было звязана вяровачкай, відаць, і разарвалася само.

“ЗАЛАТЫ” ЛОЖАК

Пра гэта пісала раённая газета з паметкай “ТАСС”:

Колькі каштуе кілаграм металалому? Капейкі. А вось стары ложак, здадзены дзецьмі 27-й школы Ульянаўска, ацэнены ў сотні рублёў.

Старамодны, грувасткі, ён даўно мазоліў вочы шасцікласніцы Галі Муратавай. Калі ёй купілі новы ложак, дзяўчынка абрадавалася і, каб назаўсёды расстацца са старой “жалезкай”, яна ўпрасіла дзядулю здаць ложак у металалом.

Белыя шарыкі на спінцы ложка ярка ззялі ў велізарнай металічнай кучы на школьным двары і прыцягнулі ўвагу школьнікаў Мішы Белавусава і Андрэя Курамшына. “Спатрэбіцца” – вырашылі яны і збілі першы шарык. Са спінкі ложка раптам пасыпаліся залатыя пярсцёнкі, гадзіннікі, завушніцы з каштоўнымі камянямі, манеты царскай чаканкі – каля паўкілаграма розных залатых рэчаў.

Гароднінасховішча на дне возера

Гэты незвычайны спосаб захавання агародніны прымянілі асецінскія нарыхтоўшчыкі. У якасці халадзільніка яны выкарысталі… глыбокі вадаём паблізу Дар’яльскай цясніны. Для доўгага захоўвання агуркі і памідоры ўкладваюць у бочкі, добра закрываюць і апускаюць на дно возера. Такое сховішча, як паказаў вопыт, круглы год дазваляе мець свежую агародніну.            

ЛІЧБЫ І ФАКТЫ

 На ўрачыстым сходзе ў Гародзькаўскім сельсавеце загадчык аддзела народнай асветы райвыканкама В. В. Бурко ўручыў граматы педагогам-ветэранам, якія аддалі працы на ніве народнай асветы чвэрць стагоддзя: В. Д. Канановічу з Лоскай васьмігодкі, М. А. Радкевіч з Малазапрудскай пачатковай і У. Г. Унучаку з Гародзькаўскай сярэдняй школы. Цёпла віншаваў калектыў школы старэйшага настаўніка-гісторыка Івянецкай СШ імя Ф. Э. Дзяржынскага Пятра Міхайлавіча Шульгу, які 35 гадоў аддаў нялёгкай працы педагога.

З пансіяната на Рыжскім узмор’і вярнуўся начальнік вытворчага ўчастка саўгаса “Падбярэззе” С. В. Пялейка. Кожны год рабочыя і служачыя гаспадаркі па бясплатных ці льготных пуцёўках наведваюць санаторыі, дамы адпачынку, пансіянаты. Сёлета іх паслугамі карысталіся жывёлаводы М. В. Юша і І. С. Давыдзёнак, механізатары І. М. Субота і П. І. Гурскі, шафёр І. Г. Юхнеўскі і інш.

Работнікі Івянецкага прамкамбіната прынялі актыўны ўдзел у спартыўных спаборніцтвах, прысвечаных 100-годдзю з дня нараджэння У. І. Леніна. У кросе на тысячу метраў першае месца заняў майстар металаапрацоўчага цэха У. Кужоўнік, другое і трэцяе падзялілі штампоўшчыкі У. Малажавы і І. Капуста. На стометровым забегу лідзіравалі электразваршчык Ф. Кужоўнік, нарміроўшчык С. Арлоў і І. Капуста. У спаборніцтве па стральбе лепшыя вынікі паказалі дырэктар камбіната В. Гуль, электразваршчык В. Лагуноў, трэцім быў сталяр З. Рыдзеўскі.

7000 саджанцаў яблынь пасадзяць уздоўж дарог да вёсак Дворышча Забрэжжа, Вішнева, Сугвазды, Камень, Падневічы, Пральнікі і Суднікі. Пасадка каштоўных дрэўцаў пачнецца пад кіраўніцтвам дарожных майстроў дарожна-эксплуатацыйнага ўчастка № 167 Івана Пракопавіча Іоды, Пятра Рыгоравіча Трыстана і прараба Мікалая Міхайлавіча Жаўнерчыка. Такой колькасці саджанцаў хопіць, каб абсадзіць у два рады 14 кіламетраў дарог.

Старонкі газеты гартала Алена ПАШКЕВІЧ



Добавить комментарий