Носьбiт разумнага, вечнага

Культура

Пасля падзелу Беларусі па Рыжскім мірным пагадненні (1921г.) Пяршаі апынуліся пад польскай уладай. У мястэчку была адчынена польская пачатковая (паўшэхная) школа, а пасля і сямігадовая, так званая паўшэхная школа першай ступені.

Сваімі ўспамінамі дзеляцца быўшыя выпускнікі: Софія Кароткіна, Леаніда Яблонская, Гелена Шарко, Мікалай Ганчарык. Былыя вучні згадалі цікавыя факты з жыцця настаўнікаў, расказалі пра іх высокую культуру і адказнае стаўленне да адукацыйнага працэсу.

Выкладалі ў асноўным выхадцы з Польшчы. Дырэктарам быў Леон Кузьмінскі, самай першай настаўніцай была пані Антаніна Дрансэйка, якая прыехала з Вільні. Захавалася пасведчанне-накіраванне на працу гэтай настаўніцы, знаходзіцца яно ў школьным музеі. Працавалі і мясцовыя настаўнікі, напрыклад, Эдуард Голуб, яго брат Ізыдор з жонкай Марыяй Новамбэрскай, Франц Пратасевіч.

Праца настаўніка ў тыя часы добра аплачвалася, прыблізна 350 злотых у месяц ( за такія грошы можна было купіць пяць кароў). Вялі яны высокі культурны лад жыцця, апраналіся прыгожа, гаспадаркай не займаліся. Усе  валодалі музычнымі інструментамі. Для павышэння свайго прафесійнага майстэрства абавязкова пасылаліся на педагагічныя курсы.

Школа была пабудавана ў 1936 годзе на сродкі гміны і графа Бенедыкта Тышкевіча. Праз увесь будынак быў доўгі, шырокі калідор. Канцэрты адбываліся на школьнай сцэне, якая ўзвышалася ў канцы калідора. На бачным месцы знаходзіўся штандар – польскі сцяг, які выносілі на вялікія святы. Выхаванне і адукацыя будаваліся на рэлігійнай аснове. Акрамя сведскіх прадметаў, абавязковым было вывучэнне Бібліі і Закона Божага, таму адзін раз у тыдзень вялі ўрокі святары: каталіцкія, праваслаўныя, яўрэйскія. Вучыліся дзеці розных нацыянальнасцей і канфесій, жылі дружна. У свядэпстве (атэстаце) было напісана: прадмет-веравызнанне-адзнака.

Урок называўся лекцыяй, да выкладчыка звярталіся са словамі «прошэ, пані, або пану». Заняткі пачыналіся са званка. Усе выходзілі з класаў, станавіліся ў калідоры на лінейку, чыталі малітву.

Удзялялася ўвага і спартыўнаму выхаванню, меліся невялічкі стадыён і возера, дзе вучылі плаваць. Пры школе працавалі гурткі. Напрыклад, танцавальны, дзе развучвалі «Кракавяк». Быў хор з вучняў на 3 галасы. Не забываліся і пра працоўнае навучанне: дзяўчынкі займаліся рукадзеллем, хлопчыкаў вучылі майстраваць. Школьнікаў навучалі ўсяму, што патрэбна чалавеку ў жыцці.  На ўсходнім двары школы было шмат мудрагелістых клумбаў з кветкамі і вялікая алея, пасаджаная настаўнікамі і дзецьмі. Пры школе меўся агарод, на якім вырошчвалі памідоры, новую для тых часоў культуру.

Вельмі строга было з дысцыплінай, з неслухамі не цырымоніліся: тут жа ставілі на калені перад класам або «давалі лапу» тоўстай лінейкай. Часам такая «лапа» давалася незаслужана, бо настаўнік не заўсёды імкнуўся ўнікнуць, хто вінаваты. І гэта крыўда надоўга заставалася ў раненай нявіннай душы дзіцяці.

Кожную нядзелю ў 10 гадзін раніцы ўся школа ішла на скарочаную імшу, якая доўжылася гадзіну. Вучні спявалі на хорах, па-лацінску і па-польску, так як палова набажэнства адпраўлялася на  лацінскай мове. Як дзяжурныя абавязкова прысутнічалі настаўнікі, а таксама прыходзілі пажарныя, маліліся разам з дзецьмі. У касцёл і на святы вучні апраналіся ў белае адзенне, а на галаву абавязкова – белыя панамкі. Настаўнікі не толькі сачылі за акуратнасцю дзяцей, але і заахвочвалі прыгожа апранацца.

Вялася пазакласная работа. Адзначалі святы, рэлігійныя, дзяржаўныя, традыцыйныя. Асабліва ўшаноўваліся Каляды з традыцыйным чатырохдзённым святкаваннем. А першага чэрвеня, на Дзень Маці, запрашалі ў школу на канцэрт матуль. Сабе на грудзі прышпілялі чырвонае сэрца, выразанае з паперы, што сімвалізавала любоў і павагу да матуль.

У выхаванні дзяцей школа трымала цесную сувязь з бацькамі. На далёкія экскурсіі дзяцей вазілі на конях. Былыя вучні ўспамінаюць, як у свой час атрымалі вялікае ўражанне ад убачанага на сядзібе і ў палацы графа Тышкевіча ў Вялым. Засталіся ў памяці велічны палац і ні з чым не параўнальная прыгажосць вакол яго, створанае рукамі людзей, розумам гаспадара і вялікімі грашыма. Дзівосныя клумбы, альпійскія горкі, аранжарэі, прыгожы дэндрарый з рэдкімі пародамі дрэў, звярынец з экзатычнымі жывёламі, птушкамі. Быў там музей прыродазнаўства, карцінная галерэя, бібліятэка з часоў Вялікага Княства Літоўскага. Запомніўся і манеж з сабраным з усяго свету гужавым транспартам, шыкоўная калекцыя ружжаў, электрастанцыя…

Як бачна з успамінаў, задачай выхавання было прывіць любоў да прыгожага, выхаваць павагу да працы людзей, захаваць памяць аб мінулым.

Адукацыйны працэс у школе зводзіўся да трох патрабаванняў: выкшталцэне (веды), опінія (аўтарытэт), обэйсьце (культура паводзін).

Але, на вялікі жаль, мова родная ў школе не гучала. Вялася прапаганда польскай культуры, польскіх парадкаў. Настаўнікі старанна выхоўвалі верных падданых Польшчы.

Данута ШАЎЛОЎСКАЯ,

жыхарка в. Янушкавічы



Добавить комментарий