Народны ўмелец

Культура

…У Івянец прыязджаюць глядзець не толькі кераміку. На Камсамольскай вуліцы, самай зялёнай і доўгай, стаіць дом Апалінарыя Пупко. Гэты дом цікавы атлантамі, якія падтрымліваюць дах, мемарыяльнай дошкай, якая гаворыць аб тым, што ў маі 1916 года тут жыў і працаваў Міхаіл Васільевіч Фрунзе. Мае пытанні вяртаюць Апалінарыя Фларыянавіча ў далёкія 20-я, трывожаць яго памяць.

— З дзяцінства я любіў маляваць, выдумляючы сюжэты, звяроў, герояў. Размалёўваў платы, сцены дома. Ляпіў. Потым пачаў рэзаць па дрэве. Тады ж выразаў і гэтыя фігуры ля ўвахода.

Сапраўды, ля ўвахода ў дом, у двары, як вартавыя, стаяць драўляныя скульптуры. На платах, на варотах тварыкі са смешнымі і сумнымі мінамі.

– Відаць, менавіта яны, мае драўляныя сябры, і прывабілі некалі ўвагу Фрунзе. Праўда, ведалі мы яго тады як Міхайлава. А мне было трохі за 20.

У тым далёкім 1916 годзе Фрунзе быў накіраваны на Заходні фронт у якасці супрацоўніка ўстановы Усерасійскага земскага саюза і вёў

падпольную работу ў часцях дзясятай арміі Заходняга фронта. Але пра гэта Апалінарый Фларыянавіч даведаўся толькі ў 30-я гады.

– Пацікавіўся Міхаіл Васільевіч, помніцца, пра маю адукацыю. А я тады толькі закончыў чатырохкласнае народнае вучылішча ў Івянцы і працаваў настаўнікам чарчэння і малявання ў мясцовай школе. Узяў Фрунзе мяне да сябе ў памочнікі, ездзіў я з ім па фронце, перапісваў паперы, наглядаў за яго конікам. Маленькі такі быў, але дужы. Падарыў ён мне яго потым… Ды яшчэ гадзіннік замежнай работы і гільзу ад снарада. Гільза была замест вазы для кветак, а гадзіннік я да гэтай пары захоўваю. Паабяцаў я на развітанне Міхаілу Васільевічу вучыцца далей, але не выйшла…

Апалінарый Фларыянавіч знімае акуляры з тоўстым шклом, працірае вочы.

– Зусім сапсаваліся вочы… Адно амаль усё жыццё хварэе, падводзіць мяне. У жыцці чаго толькі не прыйшлося перажыць… Ды і гадкоў не мала, бадай, больш, чым валасоў на галаве. Нарадзіўся я яшчэ ў мінулым веку… А што ж мы стаім, заходзьце ў хату, — спахапіўся гаспадар.- Паглядзіце на дзівосы мае…

Пераступіўшы парог пярэдняга пакоя, падаюся назад. Працягнуўшы чорныя рукі, сустракаюць мяне два Мефістофелі – рагатыя, з д’ябальскай ухмылкай, абодва чырвоныя, з чорнымі бародкамі, абодва ростам з чалавека.

Паміж імі ведзьма ў ступе.

– Гэта я іх размаляваў. Інакш, якія ж гэта чэрці?

Сцены, дзверы, столь – усё распісана. Тут і кветкі, воблакі і міфічныя героі.

– Памяць маладосці…

Праходзім у левую палавіну дома. Апалінарый Фларыянавіч паказвае на стол:

– Яму больш за сто гадоў. Выраблены яшчэ майстэрскімі рукамі бацькі.

Стол раскладны, складаецца з чатырох частак і мноствам шуфлядак. Калі яго раскласці, то зойме ўсю палавіну дома. Умелі на нашай зямлі фантазіраваць ды майстраваць… І не цесляром жа бацька быў.

Гаспадар дастае з шуфлядкі атэстат, у якім напісана, што «… по указу его императорского величества, самодержца всероссийского дан аттестат из Общей Ремесленной Управы Минской губерни местечка Ивенца Флориану Феликсовичу Пупку в том, что он по надлежащем испытании в совершенном знании горшочно-мулярного ремесла признан и записан в горшочно-мулярный цех мастером с правом производства горшочно-мулярного ремесла. Подписал аттестат Ремесленный голова Я. Качан.»

– Бацька, браты былі майстравымі людзьмі. Шмат што маглі рабіць. Будавалі касцёлы, цэрквы, дамы. Гавораць, да гэтай пары стаіць у Любчы зробленая імі царква, як цацка размаляваная. А я, як самы малодшы, заставаўся дома маці памагаць, але таксама стараўся – рэзаў, маляваў, ляпіў.

Кастрычніцкая рэвалюцыя ўсё маё жыццё змяніла. Быў я старшынёй пасялковага савета, кіраваў народным домам. Стварылі мы з сябрамі бібліятэчку, чыталі лекцыі ў нардоме, ставілі спектаклі: я быў там і акторам, і рэжысёрам, і дэкаратарам. Вясёлы быў час, новае жыццё будавалі. І прыйшла бяда – вайна з фашыстамі.Застаўся я адзін з роду Пупко, ды яшчэ дачка. У армію не ўзялі — падвялі вочы. Толькі любімая работа і ўспакойвала сэрца. Рэзаў цацкі, дарыў дзецям, каб усмешку іх убачыць.

Аднойчы ў сенях пачуўся грукат, і ў дом уваліўся паліцай. Твар чырвоны, злосны. Убачыў гільзу, зароў, чаму не здаў метал, тыча пад нос нейкую паперу, патрабуе работы паказаць. Паглядзеў чарцей і закрычаў:

– З д’яблам звязаны! Чарцей нарабіў! Гітлера стругаць будзеш! Раніцай са мной паедзеш! І паперу працягвае. А ў ёй сказана, каб начальнік Івянецкага раёна знайшоў нейкага Пупко, скульптара-рэзчыка і

адправіў яго на восем дзён у Вілейку з інструментам. Гэта фашысты рашылі да прыезду вялікага свайго начальства сюрпрыз падрыхтаваць, маўляў, падарунак ад беларусаў.

– Выражу я вам Гітлера, чакайце… Назаўтра ўзяў нож і раскроіў далонь да касці. Перавязаў рану, пайшоў да Івянецкага начальніка. Што было! Успомніць страшна. Ледзьве дамоў прыплёўся… Тры вайны я перажыў, але апошняя была – самая страшная. Пасля вайны шмат работ прысвяціў я памяці загінуўшых…

Якое шчасце – так запоўніць сваё жыццё! Упэнены, што Апалінарый Фларыянавіч нават не заўважае ўзросту. У яго няма часу думаць аб недамаганнях, таму што думкі заняты чарговай работай. Свае адносіны да жыцця ён выражае тэмай, сюжэтам скульптур. Вось маладая маці адштурхоўвае смерць, абараняючы дзіця, якое спіць ля яе грудзей. Твор называецца «Далоў вайну». Вось звязаны, але непераможаны хлапчук – «Арлёнак».

Цудоўныя работы жанравай і лірычнай тэматыкі. Яны поўныя аптымізму, іскрысты, непадробны народны гумар суседнічае часам з нейкай журбою. Гэта цэлы свет народнага жыцця: пастух з дудачкай, малое, якое спіць з цацкай. Бацька, зашчаміўшы галаву сына паміж ног, з дапамогаю дзягі займаецца «выхаваннем». Скульптура называецца «Так нас вучылі». А вось баба, ухапіўшы мужа за бараду, замахнулася на яго качалкай, і не ясна, чаму ў яго падкасваюцца ногі: ці то ад страху, ці то ад шчадрот карчмара.

Своеасаблівыя вобразы фальклорных і літаратурных герояў: ганарыстага пустабрэха пана Адольфа Быкоўскага, гулякі і гаваруна Пранцыся Пустарэвіча, збянтэжанага Саўкі, дабрадушнага мудраца Несцеркі… З асаблівай любоўю адносіцца Пупко да людзей працы. Яны яго сябры, дарадцы, субяседнікі.

Сярод работ майстра – партрэты знакамітых людзей – Фелікса Дзяржынскага, радзіма якога знаходзіцца непадалёку ад Івянца, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Дуніна-Марцінкевіча. І, канешне ж, легендарнага палкаводца М. В. Фрунзе.

У творах Апалінарыя Фларыянавіча ўсё яго доўгае жыццё, жыцейскі вопыт, уменне назіраць, фантазія, востры розум. Разглядваючы работы (іх некалькі соцень), бачыш, як расло майстэрства. Паступова майстар адказваецца ад дэталіроўкі, лініі становяцца больш абагульненымі, сілуэт больш дынамічны, самі фігуркі – больш сімвалічнымі, псіхалагічна напоўненымі. Яны перадаюць гаму пачуццяў, настрой аўтара. Гэта – скульптуры-навелы.

Займаецца Апалінарый Фларыянавіч жывапісам, керамікай. Яго пейзажы жыццярадасныя, у іх шмат святла, паветра, прасторы. Бывае на фабрыцы па яго заказу робяць вазу, а ён чаруе потым каля яе з пэндзлем і палівай.

З 1950 года дом А. Ф. Пупко ўключаны ў спіс гістарычных помнікаў, стаў народным музеем. Апалінарый Фларыянавіч адпаведна аформіў яго, завёў, як і належыць музею, кнігу наведвальнікаў, не думаў, верагодна, што прыйдзецца заводзіць другую, трэцюю. Чытаю водгукі гасцей з Іркуцка, Пензы, Растова, Ленінграда, Масквы:

«Агледзелі дом-казку. Надзвычай здзіўлены вялікім мастацтвам таленавітага чалавека з народа».

«Зачараваны!»

«Прыгажосць, дабрыня і мудрасць – бог душы чалавечай».

«Дзякую Вам, добры чалавек, за цуды, што адкрываеце вочы на зямную прыгажосць. Схіляю галаву перад вялікім талентам з народа і для народа».

Сярод рэліквій Апалінарыя Фларыянавіча – пісьмы, атрыманыя ад Таццяны Міхайлаўны Фрунзе, яна дзякуе за памяць аб бацьку.

Пакідаючы гасцінны дом, сустрэў я ля варотаў купку дзетвары, якая спяшалася да дзядулі Пупко…

Дзеці вельмі любяць назіраць за працай, у выніку якой на вачах нараджаецца штосьці незвычайнае. Апалінарый Фларыянавіч добра разумее гэта, так як помніць, як сам гадзінамі назіраў за майстэрскімі рукамі бацькі. Можа быць, таму ён так сур’ёзна адносіцца да дзяцей, заўсёды радуецца іх прыходу. Ён верыць, што гэта натуральная цікаўнасць прывядзе паступова да жадання рабіць нешта сваімі рукамі, жадання тварыць, значыць, працаваць. І працаваць не проста так, а з захапленнем.

Як добра, што багата наша зямля людзьмі, якія пакідаюць добры след у нашых душах.

З кнігі Івана КУРМАНОВІЧА

«Майстэрства. Фантазія. Шчодрасць»



Добавить комментарий