ДАРОГАМІ ПРЫЗНАННЯ

Общество

Дэлегаты Ўсебеларускага народнага сходу

Дарогі людскога прызнання сёлета прывялі вадзіцеля ДУП “Аўтапарк № 14” А. Э. Княжэвіча на раённую канферэнцыю па вылучэнню дэлегатаў на IV Усебеларускі народны сход. На рэспубліканскім форуме ён будзе прадстаўляць інтарэсы калег-транспартнікаў.

Шмат дзе пабываў Антон Эдвардавіч, многае пабачыў. З любоўю гаворыць пра Валожын, які даўно стаў родным: “Толькі па аднаму нашаму гораду можна меркаваць, што Беларусь няспынна развіваецца. Паглядзіце, як непазнавальна змяніліся, папрыгажэлі і ўпарадкаваліся за апошнія гады мікрараёны Папоўка і Сельгастэхніка! А гэты працэс паўсюдны, мне ёсць з чым параўноўваць”. На IV Усебеларускі народны сход дэлегат едзе з жаданнем падтрымаць абраны курс развіцця дзяржавы, прагаласаваць у падтрымку вызначаных канцэпцый перспектыўнага развіцця краіны.

А. Э. Княжэвіч – прафесіянал, якіх мала. Упэўненай цвёрдай рукой вядзе давераны аўтобус “МАЗ-152” па дарогах вобласці, а нярэдка і за яе межамі, калі абслугоўвае экскурсійныя паездкі.

..Карані Антона Эдвардавіча на Івянеччыне, у вёсцы Мазулеўшчына. У дзяцінстве ён стараўся быць ва ўсім падобны да бацькі – дужага, як дуб, і надзейнага, як крэпасць, механізатара-рупліўца з калгаса імя Маякоўскага. Таму і мару меў адпаведную, запаветную: хацеў таксама сядзець за рулём, калясіць па дарогах, любавацца з вадзіцельскага акна краявідамі.

Юнаку яшчэ не было 18, як узялі слесарам у ДУП “Аўтапарк № 14”. Дасягнуў паўналецця – перасеў на аўтамабіль, а восенню 1974 года прыспеў час пайсці ў армію. Служыў у горадзе Нёман Калінінградскай вобласці. Час ад “духа” да “дэмбеля” не падаўся яму доўгім, бо і там займаўся любімай справай – магутны вайсковы грузавік не пасаваў ні перад якімі хібамі расійскіх дарог…

Праз 2 гады А. Э. Княжэвіч вярнуўся ў родны калектыў. Прайшоў перакваліфікацыю, атрымаў права кіравання аўтобусамі і з таго часу нязменна ў рэйсах.

Сяргей САДОЎСКІ.



Добавить комментарий