На ўрок – у аўтобус-трэнажор

Официально

Нядаўна для трохсот дзяцей і падлеткаў Валожына звыклыя школьныя ўрокі прайшлі не за партай, а на цэнтральнай плошчы горада. Спецыяльна з Расіі ў наш раён прыехаў “вучэбны клас на колах”  – аўтобус-трэнажор “Школа дарожнай бяспекі”.

Раённае аддзяленне ДАІ сумесна з аддзелам культуры і аддзелам адукацыі, спорту і турызму райвыканкама з гэтай нагоды арганізавала для пакалення “next” маштабны ўрок на адкрытым паветры па Правілах дарожнага руху.

На плошчу кожную гадзіну прыбывалі хлопчыкі і дзяўчынкі ад 8 да 14 гадоў з СШ № 1, СШ № 2 і гімназіі райцэнтра – з кожнай школы па чарзе па сто чалавек.

На працягу трох з паловай гадзін плошча ў літаральным сэнсе гудзела. У школьнікаў была магчымасць пасядзець за рулём машыны ДАІ: уключыць праблісковыя маячкі, пакарыстацца рацыяй і гучнагаварыцелем. Тынэйджары  “прымералі” на сябе і прадметы прафесійнай экіпіроўкі супрацоўнікаў міліцыі: шчыты, ахоўныя шлемы, процівагазы і шматлікае іншае.

Вясёлыя клоўны з Валожынскага Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі правяралі эрудыцыю дзяцей па Правілах дарожнага руху. Школьнікаў знаёмілі з неабходнымі сродкамі аховы падчас язды на ровары.

Але, безумоўна, павышаную цікавасць у дзяцей і падлеткаў выклікаў усё ж ярка аформлены вучэбны аўтобус-трэнажор. Унутры “разумнай” машыны дзецям у гульнявой форме прывівалі асновы бяспекі дарожнага руху, а таксама правілы паводзін на дарозе.

Аўтобус укамплектаваны мультымедыйнай апаратурай. З яе дапамогай школьнікам паказалі навучальны фільм. У салоне таксама ўсталяваны генератар дыму для імітацыі задымлення. Машына мае і спецыяльную сістэму імітацыі адрыву сядзенняў у момант сутыкнення, а таксама наступстваў сутыкнення транспартнага сродку з веласіпедам. Дзеці змаглі адчуць на сабе, як дзейнічаюць рамяні бяспекі пры дарожнай аварыі або рэзкім тармажэнні.

У Расійскай Федэрацыі такі аўтобус адзіны. Знаёміцца з ім школьнікі пачалі з 2010 года.

У Беларусь “разумная” машына прыбыла не выпадкова. На тэрыторыі Мінскай вобласці праходзіць маштабная прафілактычная акцыя “Дзіця – галоўны пасажыр!”, арганізаваная ўпраўленнем ДАІ УУС Мінаблвыканкама сумесна з абласным упраўленнем адукацыі. У рамках акцыі па дамоўленасці з расійскімі калегамі і было вырашана задзейнічаць аўтобус-трэнажор Дзяржаўнай інспекцыі бяспекі дарожнага руху РФ. Галоўная мэта мерапрыемства – прыцягнуць увагу да праблем аварыйнасці, смяротнасці і траўміравання дзяцей у ДТЗ, паказаць неабходнасць выкарыстання рамянёў бяспекі і дзіцячых утрымлівальных устройстваў.

– На тэрыторыі вобласці з пачатку года адбылося 73 аварыі з удзелам дзяцей, у якіх 8 дзяцей загінулі і 71 дзіця атрымала раненні. На Міншчыне штогод адбываецца да 100 ДТЗ, дзе, на жаль, гінуць і атрымліваюць траўмы дзеці. Пік аварый прыпадае на перыяд з красавіка па кастрычнік, – такія сумныя лічбы статыстыкі паведаміў начальнік аддзялення ДАІ РАУС Міхаіл Міхайлавіч Ліштван.

Курсіраваць па райцэнтрах вобласці аўтобус-трэнажор пачаў 6 кастрычніка, прыехаўшы ў нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр “Зубраня” Мядзельскага раёна. Валожын стаў чацвёртым прыпынкам на шляху расійскага “госця”. Урокі бяспекі дарожнага руху наведаюць дзеці з 19 абласных гарадоў. Закончыцца вандраванне аўтобуса-трэнажора 16 кастрычніка ў Барысаве.

Алена ПАШКЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий