З улiкам рэальнай магчымасцi…

Общество

У сераду, 15 кастрычніка, у памяшканні Валожынскага райвыканкама прыём грамадзян правёў старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Сямён Барысавіч ШАПІРА.

Такая форма работы з насельніцтвам ужо даўно добра зарэкамендавала сябе. Жыхары кожнага рэгіёна Міншчыны маюць магчымасць напрамую абмеркаваць свае хвалюючыя пытанні з кіраўніком абласной вертыкалі ўлады.

Як правіла, прыёму папярэднічае адпаведная падрыхтоўчая работа. Грамадзяне праз газету і радыёэфір загадзя апавяшчаюцца аб такім мерапрыемстве. Любы жадаючы можа запісацца на прыём. На гэты раз у спісе было 10 чалавек. Некаторыя  праблемныя пытанні раённымі службамі былі станоўча вырашаны ўжо напярэдадні.

Супрацоўнікі аблвыканкама, аддзелаў і службаў райвыканкама скрупулёзна вывучалі на месцы сутнасць кожнай праблемы, якую жыхары раёна планавалі вынесці на абмеркаванне з удзелам старшыні аблвыканкама. Загадзя былі прааналізаваны дакументы і нават зроблены фотаздымкі, якія візуальна дапаўнялі звесткі наконт таго ці іншага факта. Мовай здымкаў ілюстраваўся кожны зварот грамадзян і на маніторы камп’ютара, які быў устаноўлены на рабочым стале, за якім 15 кастрычніка і вёўся дыялог абласной улады і насельніцтва.

Старшыня аблвыканкама ўважліва выслухаў кожнага наведвальніка. Па ходу прыёму, калі гэтага патрабавала сітуацыя, у кабінет запрашаліся для тлумачэння, пацвярджэння некаторых фактаў і кіраўнікі ведамстваў, прадпрыемстваў.

Першым быў разгледжаны зварот старшыні ЖБПК “Альянс” Л. Д. Лысенкі з горада Валожына. Праблема даволі распаўсюджаная – для некаторых фінансаванне ўзводзімага жылля аказалася непасільнай ношай. Квадратны метр вырас у цане. Многія патэнцыяльныя кватэраўладальнікі аказаліся неплацежаздольнымі. Гэта адчувалася ўжо і на пачатку фарміравання кааператыву. Кааператыў вырашыў узводзіць дом павышаных спажывецкіх якасцей. Не толькі сімпатычныя “французскія” балкончыкі пажадалі мець будучыя жыльцы шматпавярхоўкі… А механізм аплаты, як вядома, спрацоўвае безадказна: чым больш камфортны варыянт выбіраеш, тым даражэй такое жыллё табе і абыходзіцца. Адчуўшы, як кажуць у народзе, што не “сцягнуць”, члены ЖБК некалькі разоў уносілі свае карэктывы ў першапачатковы праект. Дарэчы, кошт праекта суадносна будаўніцтву дома абышоўся ім па мінімуму: больш чым у 132 мільёны рублёў, і гэта пры тым, што на ўзвядзенне дома трэба 27 мільярдаў рублёў. Вывад адзін: з мноства варыянтаў трэба заўсёды скрупулёзна выбіраць праект дома, на які рэальна хопіць сродкаў. А сёння некаторыя з сукупным сямейным даходам у 6 мільёнаў павінны штомесяц за трохпакаёўку пагашаць кошт у памеры 8 мільёнаў. Кошт аднаго квадратнага метра ў “Альянсе” ўзняўся амаль да 10 мільёнаў рублёў.

Прадстаўнікі воінскай часці, размешчанай у Кіяўцы, хадайнічалі наконт паляпшэння якасці дарогі Ракаў–Івянец. У гэтым пытанні ім паабяцана аператыўнае садзейнічанне. Названая дарога неўзабаве будзе перададзена на баланс КУП “Мінскаблдарбуд”.

Сямён Барысавіч Шапіра выказаў незадаволенасць станам гравійных дарог на Валожыншчыне. У прыватнасці, у пугачоўскай зоне. Старшыня аблвыканкама нагадаў, што на абласным узроўні прыняты дакумент, згодна з якім стары, разбіты асфальт у цэнтральных вёсках у маштабах усёй вобласці трэба абнавіць у абавязковым парадку, а стан дарог павінен заўсёды адпавядаць устаноўленым стандартам.

Сацыяльна значнае пытанне ўзняў і В. Г. Карабко з Івянца. Ля вёскі Міхалова ён узводзіць жылы дом. Там сфарміраваўся цэлы мікрараён індывідуальнай забудовы. Для многіх стрымлівае будучае наваселле – адсутнасць у доме электрычнасці. Кіраўнік вобласці патлумачыў, што на Міншчыне цяпер узводзіцца 24 тысячы такіх дамоў, 4 тысячы з іх ужо амаль гатовы да здачы ў эксплуатацыю. І дапамога ў энергазабеспячэнні завершаных жылых дамоў таксама будзе рэальнай.

Перспектывамі газіфікацыі прыватнага жылога дома цікавіўся П. Г. Александровіч з Вішнева. Пазіцыя кіраўніка абласной вертыкалі на гэты конт такая. У хуткім часе з кіраўнікамі раёнаў пытанне газіфікацыі будзе аналізавацца ў абласным маштабе. Калегіяльна будзе выпрацавана аптымальнае рашэнне. Але ўжо цяпер зразумела, што прыродны газ прыйдзе перш-наперш у тыя дамы, якія размешчаны непадалёк ад існуючай сеткі газаправода. Гэта, як правіла, адлегласць у два-чатыры кіламетры. Хаця не знімаецца з парадку дня і газіфікацыя ў перспектыве вёсак больш аддаленых.

Пытанне газіфікацыі закранулі і жыхары Багданава І. Р. Анкуда і А. Г. Рудазуб. Іх непакоіла і добраўпарадкаванне дарогі ў аграгарадку. З іх вуснаў прагучала і пажаданне аб адкрыцці ў Багданаве стацыянарнай пажарнай службы. Але гэта цяжка ажыццявімая задача не толькі ў фінансавым плане. Да таго ж у Валожынскім раёне размяшчэнне па аддаленасці адзін ад аднаго пастоў пажарнай службы ў параўнанні з іншымі раёнамі знаходзіцца ў адносна выйгрышным стане.

Абмяркоўвалася на прыёме грамадзян і пытанне перадачы ведамаснага інтэрната “ПМС” на баланс жылкамунгаса, рамонт памяшканняў інтэрната, аптымізацыі сістэмы разлікаў за спажытую электраэнергію жыльцамі. Адзін са зваротаў тычыўся капітальнага рамонту дома № 31 па вуліцы Чапаева райцэнтра, другі зварот таксама закранаў жыллёвую праблему.

Ірына ПАШКЕВІЧ

Фота Сяргея САДОЎСКАГА



Добавить комментарий