Услаўлялi велiч мацярынства

Общество

Асаблівай пяшчотай і клопатам пра жанчыну і яе будні адзначылася праведзенае ў раёне свята з нагоды Дня маці. Пачатак мерапрыемству быў пакладзены ў райвыканкаме, дзе пад патранажам раённай арганізацыі “Беларускі саюз жанчын” сабраўся ўвесь жаночы актыў раёна – былыя і сённяшнія кіраўнікі ўстаноў, адказныя работнікі службаў і ведамстваў, паспяховыя прадпрымальнікі, шматдзетныя матулі.

У іх гонар гучалі самыя цёплыя словы шанавання.

Сышліся ўсе ў адным: цяжка пераацаніць ролю жанчыны-маці, якой, акрамя клопатаў на працы, даводзіцца ўзгружаць на свае плечы яшчэ і сямейныя справы і турботы, падтрымліваць цяпло дамашняга ачага, дарыць бязмежную любоў і пяшчоту дзецям, весці іх па дарозе жыцця да сталасці, вучыць прымаць узважаныя рашэнні, быць адказным і працавітым…

У нашым раёне жывуць 409 шматдзетных сем’яў, якія выхоўваюць 1363 дзіцяці. Па  трое дзетак растуць у 306 сем’ях, па чацвёра – у 76-і. 22 сям’і атуляюць клопатам 5 малышоў, па 6 вясёлых непаседаў маюць 4 матулі. А ў адной сям’і дзетак аж сямёра! Гэта сапраўдны мацярынскі подзвіг, які на дзяржаўным узроўні адзначаецца спецыяльнай узнагародай. На Валожыншчыне 70 матуль узнагароджаны Ордэнам маці. Іх лік у той дзень на абласным святкаванні ў Нясвіжы папоўнілі яшчэ тры прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва: Надзея Супрановіч з Ракава, жыхарка Вішнева Алена Чурыла і матуля з Сугваздаў Кацярына Шастак.

У райвыканкаме ж у гэты час трымалі слова Таццяна Яблонская з Гародзькаў і ракаўчанка Наталля Гурына. Абедзве матулі, нягледзячы на маладосць, гадуюць па 6 дзетак.

Далей гучалі віншаванні ў вершах і прозе ад многіх запрошаных. Кветкі і падарункі ад раённай арганізацыі “Беларускага саюза жанчын” былі лагічным працягам святкавання. Пасля гэтага ўсе былі запрошаны ў кінатэатр “Юнацтва” райцэнтра. З вітальным словам да поўнай залы звярнулася старшыня райарганізацыі “Беларускага саюза жанчын” Зоя Дубіна.

У час выступлення Зоя Мікалаеўна аб’явіла пачатак чацвёртай дабрачыннай акцыі “Жураўлік надзеі”, прызначанай сабраць грошы на дарагое лячэнне сына Алы Аляксандраўны Мархель з Сакаўшчыны. У фае кінатэатра была ўстаноўлена скрыня, і кожны мог зрабіць свой пасільны ўклад у высакародную справу.    Сюрпрызы дня на гэтым не закончыліся: па ініцыятыве члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Святланы Сарокі парадаваць жанчын і падарыць ім цудоўны настрой у Валожын прыехалі сімфанічны аркестр Маладзечанскага музычнага каледжа імя М. К. Агінскага пад кіраўніцтвам заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь Рыгора Сарокі і саліст Фларэнційскага опернага тэатра, наш зямляк Уладзімір Александровіч.

Матэрыял да друкупадрыхтаваў

Сяргей САДОЎСКІ,

фота аўтара



Добавить комментарий