За крок да перамогi

Общество

Народны інструментальны ансамбль “ArsLonga” Ракаўскай дзіцячай школы мастацтваў, які не так даўно атрымаў Гран-пры III Фестывалю песні Ганны Герман “Эўрыдыка”, зноў стаў лаўрэатам прэстыжнага конкурсу.

Ансамбль “ArsLonga” прадстаўляў наш раён на XI Фестывалі народнай творчасці Мінскай вобласці “Напеў зямлі маёй”, які традыцыйна праходзіў у Мар’інай Горцы.

У склад журы, якое ацэньвала ўзровень майстэрства канкурсантаў, увайшлі выдатныя дзеячы мастацтва Беларусі: Ігар Лучанок (кампазітар, старшыня Беларускага саюза кампазітараў, народны артыст СССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі), Міхаіл Дрынеўскі (старшыня Беларускага саюза музычных дзеячаў, народны артыст Беларусі, мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага дзяржаўнага народнага хору імя Г. Цітовіча), Анатоль Акушэвіч (заслужаны работнік культуры Беларусі), Алег Елісеенкаў (кампазітар), Аляксандр Крамко (заслужаны артыст Беларусі, дырыжор Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Беларусі імя І. Жыновіча) і іншыя.

За галоўны прыз конкурсу – аўтамабіль – змагаліся 28 калектываў. Кожны з іх прайшоў папярэдні адбор, бо прыняць удзел у конкурсе мог толькі адзін калектыў ад кожнага раёна вобласці. Узровень выканаўцаў сёлета, па водгуках журы і слухачоў, быў як ніколі высокім.

Народны інструментальны ансамбль “Ars Longa” быў за крок да перамогі. Музыканты з Ракава занялі 2-е месца і павезлі дахаты ў якасці прыза камплект гукаўзмацняльнай апаратуры, які, несумнеўна, спатрэбіцца для работнікаў культуры нашага раёна.

Наш кар.



Добавить комментарий