Абыякавасцi дружныя ўсходы

Общество

Фрыдрых Іванавіч Клачко з вёскі Шальціны, што ў Падбярэзскім краі, як руплівы гаспадар, стараецца, каб не пуставалі прыватныя засекі. Штогод на сваім прысядзібным участку сее збажыну. Заўсёды зерне кладзецца ў добра падрыхтаваную зямлю. Дружныя ўсходы радуюць вока. Так было і сёлета.

Цяпер ужо пенсіянеры, а ў былым настаўнікі, Ф. І. Клачко і яго жонка  Антаніна Сяргееўна не цураюцца цяжкай сялянскай працы. Трымаюць жыўнасць, каня. У гэтым годзе засеялі 13 сотак пшаніцы, 10 сотак адвялі пад ячмень. Віды на ўраджай былі неблагія. Уручную сярпамі ўбіраць збажыну не планавалі, таму і падалі заяўку на выдзяленне камбайна ў ДП “Падбярэззе”. Тэхніка неўзабаве прыбыла на іх сядзібу. Калі камбайн завяршыў свой апошні ход, гаспадар чакаў самага хвалюючага моманту: “Які ж атрымаўся намалот на жніве ?!” Прадчуванне было аптымістычнае, бо збажына стаяла густой, каласістай сцяной. Але ўраджай, на жаль, не парадаваў. У выніку з 23 сотак Ф. І. Клачко сабраў толькі 55 вядзёр зерня. Такі скупы, мякка скажам, намалот вельмі расстроіў.

Але панервавацца Фрыдрыху Іванавічу яшчэ прыйшлося і праз нейкі час. Зямля, набрынялая вільгаццю, неўзабаве восенню дружна пакрылася маладымі ўсходамі збажыны. Гэта стала поўнай нечаканасцю. Калі б быў май, то выпадковы чалавек, убачыўшы такое, падумаў бы, што тут добра пастараўся шчодры сейбіт. Але ж зямля зелянела ўсходамі ў верасні, хаця тут азіміну ніхто не сеяў.

“Дзіравы камбайн”, як яго ахарактарызаваў Ф. І. Клачко, збіраў каштоўны ўраджай не толькі ў бункер, а сеяў яго і па іржышчы. І восенню раскрылася прычына такога мізэрнага ўраджаю – атрымалася недзе па 16 цэнтнераў у разліку на гектарную плошчу.

У верасні былы пшанічны ўчастак няпроста было заараць. А ўрэзацца плугам у ячменны надзел увогуле   стала немагчыма – усходы красаваліся, як густая шчотка. Хоць, здаецца, пакідай некранутым поле на будучы год, каб кампенсаваць сёлетнія страты ўраджаю. Але ж гаспадар задумаў тут па правілах севазвароту падрыхтаваць участак на вясну пад бульбу.

Спазнаўшы горкі смак пладоў такой няякаснай уборкі, Ф. І. Клачко патэлефанаваў у рэдакцыю. Папрасіў карэспандэнтаў выехаць на адрас крытыкі, каб на месцы мы маглі пераканацца ў праўдзівасці фактаў. У аналагічную сітуацыю, як нам расказалі ў Шальцінах, трапілі і гаспадары сядзіб суседняй вёскі Гірбіняты. Там некаторым землекарыстальнікам нават прыйшлося “хімічыць” незапланаваныя ўсходы, каб узараць зямлю. А дзе стары камбайн буксаваў, там увогуле ўтварыліся густыя зялёныя “чубы”, якія зрэзаць аказалася не так і проста.

У час размовы з аўтарам гэтага крытычнага званка я задала Ф. І. Клачко лагічнае пытанне: “Вы справядліва разлічваеце, каб ДП “Падбярэззе” за няякасную ўборку кампенсавала Вам патэнцыяльныя страты зерня?!”. На гэта мой субяседнік, выкарыстоўваючы ўсю сваю педагагічную дыпламатыю, коратка адказаў: “Не. Я хачу, каб так абыякава нам больш ураджай ніколі не ўбіралі!”

Я свядома не стала задаваць пытанне наконт таго, колькі грошай па ўстаноўленым прэйскуранце заплаціў Фрыдрых Іванавіч за такі здзеклівы абмалот. І так зразумела: заплаціў аж з гакам сваім бедным ураджаем…

 Ірына ПАШКЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий