Паклапацiлiся пра месцы рассялення

Официально

Прадстаўнікі праекта ПРААН/ГЭФ “Упраўленне тарфянікамі на аснове ландшафтных падыходаў з мэтай атрымання шматбаковых экалагічных выгод” (“Тарфянікі-2”), супрацоўнікі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь, інстытутаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, а таксама школьнікі Мінскай міжнароднай школы, гімназіі № 1 г. Валожына і прадстаўнікі СМІ аб’ядналі намаганні, каб дапамагчы палепшыць умовы рассялення глушца і цецерука на тэрыторыі Рэспубліканскага ландшафтнага заказніка “Налібоцкі”.

Партнёрства ўзнікла падчас прыродаахоўнай акцыі, прымеркаванай да Сусветнага дня аховы месцаў пражывання (біятопаў), які адзначаецца 6 кастрычніка. “Арганізуючы гэту акцыю, мы імкнуліся прыцягнуць увагу шырокай грамадскасці да перспектыў укаранення інавацыйных біятэхнічных мерапрыемстваў, накіраваных на захаванне месцаў пражывання рэдкіх і каштоўных відаў флоры і фаўны Беларусі, – патлумачыў Аляксей Арцюшэўскі, кіраўнік праекта. На канкрэтным прыкладзе пабудовы штучных пархалішчаў і галечнікаў мы акцэнтуем увагу на неабходнасці захавання і павелічэння колькасці папуляцыі глушцоў і цецерукоў. На працягу апошніх дзесяці гадоў колькасць гэтых птушак на тэрыторыі заказніка скарацілася больш чым у два разы”.

У адпаведнасці з планам, удзельнікі акцыі на дзвюх пляцоўках у заказніку ўстанавілі сем інфармацыйных аншлагаў для пазначэння ўчасткаў са спецыяльным рэжымам аховы. Па словах дырэктара Рэспубліканскага ландшафтнага заказніка “Налібоцкі” Васіля Гуркова, на пазначаных участках забаронены рух і прыпынак аўтатранспарту, развядзенне вогнішчаў, а таксама збор ягад і грыбоў. “Абмяжоўваючы прысутнасць чалавека, мы тым самым ствараем спрыяльныя ўмовы для пасялення каштоўных птушак на тэрыторыі нашага заказніка”, – пракаменціраваў В. Гуркоў. Усяго на тэрыторыі ўстаноўлены 80 такіх аншлагаў.

Удзельнікі акцыі таксама пазнаёміліся з практыкай упарадкавання штучных пархалішчаў і галечнікаў: спецыяльных пляцовак, дзе птушкі сямейства курыных прымаюць пясочныя ванны, якія дапамагаюць ім пазбаўляцца ад кляшчоў, пухаедаў і іншых знешніх паразітаў.

“У “Налібоцкім” амаль няма месцаў, прыдатных для натуральных пархалішчаў ці купальняў, – патлумачыў егер заказніка Аляксандр Васілеўскі. – Таму мы прыйшлі птушкам на дапамогу, робячы для іх штучныя, з буйнога пяску з галькай. Дробныя каменьчыкі глушцы і цецерукі заглынаюць, каб палепшыць расціранне з’едзенага корму ў страўніку”.

Аляксей ЧЫСТАДАРСКІ,

супрацоўнік па інфармацыі праектаў ПРААН/ГЭФ



Добавить комментарий