Урадзiлi «скарб» i «ўладар»

Общество

Агульны раённы ўраджай бульбы сёлета склаў 1507 тон. Вырошчваннем “другога хлеба” займаліся 6 гаспадарак, а найбольшыя плошчы пад гэту культуру – па 30 і 46 гектараў – былі адведзены ў КУП “Сівіца” і КСУП “Падбярэззе”. Гэтыя сельгаспрадпрыемствы накапалі 436 і 761 тону адпаведна.

Сярэдняя ўраджайнасць бульбы ў КУП “Сівіца” склала 145 цэнтнераў з гектара. У асноўным, тут вырошчваўся сорт “Скарб”, але пэўную плошчу сівічане адвялі пад новы сярэдняспелы сорт пад назвай “Брыз”, які плануюць разводзіць і вырошчваць у будучым.

Сёлетні ўраджай у гаспадарцы ўбіралі, у асноўным, пры дапамозе спецыяльнага камбайна, даверанага механізатару-прафесіяналу Анатолю Бібіку.

Загрузілі сабранае ў сховішча, дзе неўзабаве правялі першую сарціроўку. Паўстала пытанне пошукаў рынкаў збыту прадукцыі. Дробную бульбу разлічваюць пускаць на корм жывёле і адпускаць насельніцтву на гаспадарчыя патрэбы. Буйная расфасоўваецца і захоўваецца на сховішчы: пакуль няма выгадных цэнавых прапаноў на закупку ад іншых прадпрыемстваў.

Дастаткова эфектыўна зарэкамендаваў сябе выязны гандаль на рынкі Валожына, Ракава і Івянца. Прывезеная бульба рэалізуецца тут па цане 3 тысячы за кілаграм. Прадстаўнікі гаспадаркі выязджалі на “восеньскія кірмашы” ўжо пяць разоў, за гэты час было прададзена 7900 кілаграмаў крамяных клубняў.

Агульная ўраджайнасць бульбы 165 цэнтнераў на круг для прадстаўнікоў КСУП “Падбярэззе” – далёка не мяжа. На пэўных участках гэта лічба дасягала і 300 цэнтнераў з гектара. Адмоўна паўплывала на рост “Уладара” летняя засуха. Але працы ад гэтага менш не стала.

На бульбаўборачным камбайне “ККК 2-02” шчыравалі механізатар Віктар Тамашэвіч з памочнікам Міхаілам Рагачэвічам, якія ўбралі 27 гектараў пасаджанай плошчы. Яшчэ 19 гектараў раскапаў на трактары з бульбакапалкай Алег Макарэвіч.

Пасля  таго як ураджай апынуўся ў сховішчы, адміністрацыя гаспадаркі прыняла рашэнне аказаць бясплатную спонсарскую дапамогу бульбай установам адукацыі раёна. У Гародзькаўскую і Багданаўскую школы завезлі 3,3 і 5,5 тоны адпаведна, у Вішнеўскую школу-сад – 3,35 тоны, у СШ № 2 райцэнтра – 3,05 тоны клубняў. Гэткі ж дабрачынны падарунак, агульнай колькасцю 8,3 тоны, атрымалі дзіцячыя садкі “Расінка”, “Вясёлка” і “Пралеска” райцэнтра.

Сяргей САДОЎСКІ



Добавить комментарий