Да яе цягнуцца людзi

Культура

Жыве ў вёсцы Брылькі простая і сціплая жанчына — Кацярына Дзмітрыеўна Пракопчык. Дагледжаны ёй і яе мужам Уладзімірам Андрэевічам дом з ранняй вясны да позняй восені патанае ў кветках.

…Вечарамі ў цішыні прыходзяць успаміны, думкі роем круцяцца ў галаве, перад вачыма паўстае былое, і не верыцца, што ўсё гэта адбывалася з ёю.

Нарадзілася Кацярына Дзмітрыеўна ў перадваенным 1940 годзе ў вёсцы Любонічы Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці. У сям’і выхоўвалася 9 дзяцей. Вайну яна амаль не памятае, а вось ліхія пасляваенныя гады назаўсёды ўрэзаліся ў памяць. Бацька вярнуўся з вайны з кантузіяй і пажыў нядоўга. Шмат работы лягло на дзіцячыя плечы, вучыцца не было калі. У вёсцы дыслацыравалася воінская часць. У афіцэра Сямёна Пятровіча Загорскага нарадзілася дзіця, і Кацярыну ўзялі за няньку. Адносіліся да дзяўчыны як да роднай. Усё было добра, але жыццё пераменлівае. Неўзабаве гэтага афіцэра накіроўваюць у расійскі горад Гур’еў, які знаходзіцца на беразе Каспійскага мора. Сямён Пятровіч просіць маці Кацярыны адпусціць дзяўчыну з імі, каб тая і далей даглядала іх малога. Паразважаўшы, маці згадзілася адпусціць дачку, тым больш, што на руках у яе заставаліся меншыя дзеці.

Так для Кацярыны Дзмітрыеўны пачалося жыццё на чужыне. Было дзяўчыне 14 гадоў. У 1958 годзе Загорскі атрымлівае накіраванне ў Венгрыю, дзе пачыналіся ваенныя дзеянні. Задумаўся Сямён Пятровіч: “Што рабіць з Кацярынай?” З сабой узяць нельга, могуць ехаць толькі члены сям’і. І тут нехта даў яму параду ўладкаваць дзяўчыну ў якое-небудзь вучылішча. Вырашыў, што лепш у будаўнічае, і хутка ўсё ўладзіў.

Расставанне было хвалюючым. Жонка ваеннага на развітанне падарыла Кацярыне сукенку і кофту. У іх і хадзіла дзяўчына на вучобу, а потым доўгія гады захоўвала як памяць аб добрых людзях, якія здарыліся ў яе жыцці. Больш пра гэту сям’ю яна ніколі нічога не чула і не ведае, як склаўся іх далейшы лёс.

Залічылі Кацярыну ў вучылішча вясной, і таму вучоба пачалася не з тэорыі, а з практыкі. Цэлае лета працавала на будоўлі, а ўвосень спрактыкаваная прыйшла вучыцца на першы курс.

У Гур’еве Кацярына Дзмітрыеўна сустрэла сваё каханне. Па камсамольскай пуцёўцы туды прыехаў працаваць хлопец з Брылькоў, што ў Валожынскім раёне, Уладзімір Пракопчык і закахаўся ў прыгожую працавітую дзяўчыну.

Прайшло некалькі гадоў, і вырашылі ехаць на Беларусь, на радзіму Уладзіміра, тым больш, што яго родныя ўвесь час прасілі вярнуцца.

У Брыльках сталі жыць разам з бацькамі мужа. Доўга ў іх не было дзяцей. А без дзяцей якая радасць у жыцці? Але вось у 1972 годзе з’явіўся іх першынец, а потым і дачушка. Праз нейкі час нарадзіўся яшчэ адзін сынок, але пажыў усяго месяц. Кацярына не знаходзіла сабе месца, кожны дзень хадзіла на могілкі.

У 1978 годе вырашылі з мужам пабудаваць свой новы і светлы дом. Кацярына Дзмітрыеўна ў той час працавала на будоўлі. Яна расказала свайму начальніку пра задуму, і ён выпісаў неабходныя будаўнічыя матэрыялы. Але будаваць прыходзілася сваімі сіламі.

…Жыццё цякло, дзеці выраслі. У кожнага склаўся свой лёс. Дачка выйшла замуж, сын ажаніўся. Здавалася, можна было б ужо пажыць і для сябе. Але на долю Кацярыны Дзмітрыеўны выпала яшчэ адно выпрабаванне.

Склалася так, што ёй з мужам прыйшлося выхоўваць сваіх унукаў, дзяцей сына. Не шкадуючы сіл, нягледзячы на свой сталы ўзрост, з дабрынёй і любоўю гадавалі іх. І Бог даваў здароўя і сілы. Хлопчыкі выраслі, старэйшы вучыцца ў Маладзечанскім медвучылішчы, а меншы, скончыўшы Вілейскае вучылішча, уладкаваўся на філіял фабрыкі па пашыве галаўных убораў «Людміла». Радуецца жанчына, гледзячы на сваіх унукаў.

Жыве Кацярына Дзмітрыеўна шчыра, нікому не зайздросціць, радуецца таму што ёсць, кожнаму гатова дапамагчы. А таму цягнуцца і да яе людзі.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *