За плячамi вёз бяду…

Закон и порядок

Пракуратура раёна выступае не толькі ў якасці інстытута, які назірае за выкананнем заканадаўства, правоў і свабод чалавека. Яна выконвае і шэраг іншых функцый, адной з якіх з’яўляецца каардынацыя дзеянняў службаў і ведамстваў па прафілактыцы гібелі людзей і страты маёмасці, у тым ліку падчас пажараў.

Гэты аспект набывае асаблівую значнасць, калі ўлічыць, што ў АПК вобласці за мінулы месяц адбылося 10 пажараў – 30% ад рэспубліканскага паказчыка. Пра шкоду лішні раз і гаварыць не трэба. У нашым раёне варта ўзгадаць адзін толькі выпадак загарання аднаго з будынкаў на тэрыторыі СТАА “Данпрад” – матэрыяльны ўрон тады дасягнуў 14 мільярдаў рублёў. Сумныя падзеі яшчэ адной справы разгортваліся на тэрыторыі ААТ “Адамова-Агра”.

Прычапіўшы да трактара рулонны прэс-падборшчык абмотвальнік “Тарнада”, механізатар гаспадаркі выехаў на поле з саломай, якую належала спрэсаваць. Прыкладна ў дзве гадзіны дня чалавек заўважыў, што ўстаноўлены ў кабіне трактара камп’ютар, прызначаны кантраляваць работу агрэгата, выключыўся, а з задняй часткі прэс-падборшчыка ідзе дым. Патэлефанаваўшы пажарным-выратавальнікам, мужчына схапіў вогнетушыцель і кінуўся да “Тарнада”. Густа паліваючы пенай ачаг загарання, заўважыў, што ўнутры гарыць салома, а агонь ужо перакінуўся на ручны пульт кіравання прэсам і вузел упраўлення гідраўлікай. Самастойна ліквідаваць загаранне не атрымалася: полымя ахапіла ўвесь агрэгат, загарэліся рызінавыя рамяні, ленты, гідраўлічныя шлангі, электраправодка. Работнік зрабіў апошняе, што было магчыма ў такой сітуацыі: адчапіў прэс-падборшчык ад трактара і перагнаў транспартны сродак на бяспечную адлегласць. Канчаткова пажар патушылі супрацоўнікі МНС. У выніку прэс-падборшчык быў цалкам знішчаны, разам з ім згарэла ўпаковачная палімерная плёнка і абмотвальная сетка, якімі ў той момант быў аснашчаны агрэгат.

Папярэдняя – яна ж і асноўная – версія, якую вынеслі пажарныя-выратавальнікі па гэтым прыкрым факце – загаранне адбылося ўнуры прэс-падборшчыка ў выніку ўзнікнення высокай тэмпературы пры трэнні дэталяў. Адпаведна, і віны работніка тут няма. Як няма віны і асобы, адказнай за выкананне правілаў пажарнай бяспекі ў ААТ “Адамова-Агра”, бо ўсе прадугледжаныя мерапрыемствы па эксплуатацыі агрэгата праводзіліся без ухіленняў і адступленняў ад графіка. Таму ва ўзбуджэнні крымінальнай справы было адмоўлена. Тым не менш, негатыўныя паследкі разгулу агню вельмі і вельмі адчувальныя: гаспадарка страціла каля 1,5 мільярда рублёў. Гэты сумны прыклад, думаецца, прымусіць кіраўнікоў, спецыялістаў, ды і простых людзей сачыць за захаваннем маёмасці больш пільна.

Сяргей ГАБРУКОВІЧ,

намеснік пракурора раёна,

Сяргей САДОЎСКІ



Добавить комментарий