Тэлефон міліцыі — 102

Закон и порядок

ПАКВАПІЎСЯ НА ПАЛІВА

У райаддзел унутраных спраў патэлефанаваў жыхар Мінска, які паведаміў, што з арандаванага ім будынка фермы ў Баравікоўшчыне невядомы злодзей украў 100 літраў дызельнага паліва і 100 літраў бензіну. Міліцыянеры ўстанавілі, што зламыснік дзейнічаў хутчэй за ўсё ноччу. Прычынены матэрыяльны ўрон склаў 2 мільёны рублёў. У здзяйсненні гэтага злачынства падазравалі беспрацоўнага, раней судзімага жыхара сталіцы. Трохі пазней высветлілася, што гэты чалавек вінаваты яшчэ і ў крадзяжы парасяці з тэрыторыі свінафермы.

ПА ГАРАЧЫХ СЛЯДАХ

злавілі супрацоўнікі праваахоўных органаў раней судзімага маладога жыхара вёскі Філіпіняты, які праз акно залез у кватэру жанчыны з Валожына і ўкраў прадукты харчавання – мяса, сыр, курыныя тушкі, тры слоікі з грыбамі і два – з салянкай. Нанесены пенсіянерцы ўрон ацэнены міліцыянерамі ў 645 тысяч рублёў. Мужчына цяпер затрыманы і знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання.

КРАДЗЕЖ У “ЗАРАНКУ”

Супрацоўнікі РАУС займаюцца пошукамі злодзея, які паквапіўся на ўласнасць гаспадара дачнага дома ў садовым таварыстве “Заранак” непадалёк ад вёскі Пялікшты. Каб пранікнуць унутр, прайдзісвет выняў аконнае шкло. У доме невядомы знайшоў чым пажывіцца: вынес адтуль самавар, нажы, электраправодку і іншую маёмасць амаль на 2,4 мільёна рублёў. Вядзецца следства.

НЕДАЛІЧЫЎСЯ ГРОШАЙ

Вядзецца разбіральніцтва і па факце прапажы 5 тысяч долараў у 34-гадовага жыхара Смаргоншчыны. Ён гасцяваў у свайго знаёмага ў Валожыне. Пасля ўжывання спіртнога яны разам пабывалі яшчэ ў некалькіх месцах. Дзе і па якой прычыне прапалі грошы, пацярпеўшы так і не змог патлумачыць. Трэба спадзявацца, страчанае ўсё ж знойдуць.

ЗБІЛІ І ПАЙШЛІ…

З прыёмнага пакоя райбальніцы ў аператыўна-дзяжурную часць РАУС паведамілі, што да іх звярнуўся пацыент з цялеснымі пашкоджаннямі. Як выявілася, ён знаходзіўся на вуліцы ў вёсцы Бабровічы, калі да яго падышлі двое невядомых і без дай прычыны пачалі біць мужчыну. Вынікам гэтага хуліганства стаў пералом сківіцы. У супрацоўнікаў міліцыі ёсць абгрунтавана падазроныя. Абодва – маладыя жыхары гэтай вёскі.

НЕ СВАЁ – НЕ ШКАДА?

Пад падпіску аб нявыездзе міліцыянеры часова адпусцілі маладога чалавека, жыхара вёскі Наваселле. Знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення ў Ракаве, ён істотна нашкодзіў адной з тутэйшых жыхарак. Невядома, чым кіраваўся і якія мэты праследаваў 19-гадовы хлопец, калі ноччу пранік на тэрыторыю ўчастка жылога дома і пачаў рэзаць нажом пярэднюю шыну трактара. Каб купіць замену, гаспадыні трэба аддаць 4,5 мільёна рублёў. Узбуджана крымінальная справа.

Матэрыял да друку па міліцэйскіх зводках падрыхтаваў

Сяргей САДОЎСКІ



Добавить комментарий