У Міншчыны ёсць рэзервы для ўстойлівай перспектывы

Общество

    Прэс-канферэнцыі старшыні Мінскага аблвыканкама Барыса Васільевіча Батуры сталі знакавым мерапрыемствам у рабочым раскладзе журналістаў вобласці і нават рэспублікі. Нядаўна прайшла трэцяя па ліку.

    Такая форма ўзаемадзеяння ўлады і СМІ мае вялікія перавагі: журналісты не толькі, вобразна кажучы, з першых вуснаў атрымліваюць усебаковую інфармацыю, напрамую задаюць сацыяльна-значныя пытанні, але і папаўняюць свае рабочыя блакноты новымі цікавымі тэмамі, праектамі. Бо нават невялікі фармат прэс-канферэнцыі адкрывае магчымасці для творчага ўдасканалення, для ўмення акцэнтаваць увагу чытачоў, слухачоў, гледачоў на найбольш важных аспектах развіцця Міншчыны.

    Заўсёды ў ліку пытанняў, якія абмяркоўваюцца, ёсць тыя, што закранаюць эканоміку. Бо ад яе залежыць дабрабыт людзей, аўтарытэт Міншчыны ў рэспубліцы ў цэлым. Дасягнутыя паказчыкі выклікаюць аптымізм: сталічны рэгіён справіўся практычна з усімі даведзенымі прагнознымі паказчыкамі.

    У час падрыхтоўкі да чацвёртага Усебеларускага народнага сходу ў нашай вобласці вызначаны прыярытэты далейшага развіцця. Яны блізкія да існуючых: павышэнне дабрабыту людзей, будаўніцтва жылля, ахова здароўя, сацыяльная абарона насельніцтва, інавацыйны шлях эканомікі, развіццё малога і сярэдняга бізнэсу і інш. У прыватнасці, Барыс Васільевіч зазначыў, што да канца будучай пяцігодкі колькасць прадпрыемстваў, якія ідуць інавацыйным шляхам, павялічыцца ў тры разы. А ў Смалявіцкім раёне плануецца заснаваць інавацыйны парк, адпаведна тут будзе створана і належная інфраструктура для работнікаў і спецыялістаў. Кіраўнік вобласці зрабіў акцэнт на тое, каб матывацыя да інтэнсіўнага развіцця назіралася і ў саміх рэгіёнах.

    Закраналася і тэма прыватызацыі. Па яе шляху пойдуць невялікія прадпрыемствы, яны павінны знайсці добрага гаспадара, а калі гэта мэтазгодна, магчыма, нават і істотна змяніць свой ранейшы профіль. Неабходна развіваць і мясцовае самакіраванне, актывізаваць работу гарпассельвыканкамаў, бо кантакт з людзьмі на базавым узроўні вельмі важны. Не выключаны той факт, што для фінансавай стабільнасці падаходны падатак у недалёкай перспектыве будзе акумуліравацца на рахунку мясцовых Саветаў.

    Калі прагучала “жыллёвае пытанне”, Б. В. Батура выказаў такое меркаванне: для таго, каб жыльцы ў час правядзення капітальнага рамонту дамоў не адчувалі пэўнага дыскамфорту, добра было б мець у гарадах для іх адсялення спецыяльны шматпавярховы дом. Даўно наспела пара пазбавіцца ад інтэрнатаў калідорнага тыпу. Іх неабходна пераабсталёўваць пад сучасныя сямейныя дамы камфортнага пражывання.

    Аналізуючы ход выканання Праграмы развіцця малых і сярэдніх гарадоў, старшыня аблвыканкама прывёў станоўчыя прыклады, а таксама пакрытыкаваў чыноўнікаў рэгіёнаў, якія не змаглі актывізавацца, каб у поўным аб’ёме выкарыстаць ільготы, прадастаўленыя гэтай Праграмай. У кантэксце абмяркоўваемай тэмы прагучала і крытычная заўвага, што некаторым гарадам варта падцягнуцца па добраўпарадкаванню, у ліку пяці названых быў і наш Валожын.

    У ходзе размовы з журналістамі было зазнача-на, што вялікія перспектывы перад нашай вобласцю адкрыў удзел Міншчыны ў трэцім Беларускім інвестыцыйным форуме – мерапрыемстве, якое прайшло ў нямецкім Франкфурце-на-Майне ў рамках Еўрапейскага фінансавага тыдня. У прыватнасці, у бліжэйшыя гады ў вобласці будзе створана вытворчасць па зборцы бульбаўборачных камбайнаў, а таксама запрацуе завод па выпуску кансерваванага малака. Плануецца ўзвесці найноўшую па ўсіх параметрах абласную кансультацыйную паліклініку з кардыялагічным цэнтрам у Бараўлянах, запланавана будаўніцтва яшчэ аднаго ветрапарка і інш.

    У час прэс-канферэнцыі абмяркоўваліся аспекты функцыянавання фермерскіх гаспадарак і роля дзяржаўнай дапамогі гэтым суб’ектам. Ёсць намер больш інтэнсіўна развіваць у вобласці домабудаўнічыя камбінаты. Будаўнічая  індустрыя ў новай пяцігодцы, як было зазначана, павінна прырасці ў сваіх аб’ёмах не менш чым у два разы. Вялікі аб’ём работ запланаваны ў сувязі з падрыхтоўкай і правядзеннем рэспубліканскіх “Дажынак” у Маладзечне.

    Некаторыя прадстаўнікі рэгіянальных СМІ выступілі на прэс-канферэнцыі ў ролі своеасаблівых хадатаяў наконт паскарэння пачатку ўзвядзення новых аб’ектаў. На што кіраўнік вобласці з лёгкай іроніяй сказаў, што ў кожнага аб’екта ёсць свой канкрэтны гаспадар, і да маёмасці трэба адносіцца беражліва, пастаянна падтрымліваць парадак, пры неабходнасці адказна займацца рамонтам, а не дабіваць, як кажуць, памяшканне да ручкі, і потым шукаць грошы на яго аднаўленне, бо такі шлях стратны.

    Старшыня аблвыканкама падкрэсліў, што ўвага да людзей, канкрэтная работа з грамадзянамі павінна быць адной з галоўных задач кіраўнікоў усіх узроўняў. Каб эфектыўна кіраваць рэгіёнам, трэба часта сустракацца з людзьмі, аператыўна выконваць іх запыты, вырашаць праблемы і ні ў якім разе не падмяняць рэальную справу пустымі абяцаннямі, ілюзорнымі планамі.

Ірына ПАШКЕВІЧ.



Добавить комментарий