Жыцця стракатая палiтра

Общество

Статыстычныя даныя раённага аддзела ЗАГС за дзевяць месяцаў бягучага года.

У раённым аддзеле ЗАГС са студзеня па верасень зарэгістравана 116 малышоў. Сярод сельвыканкамаў лідзіруе Ракаўскі. Тут зарэгістравана 37 дзяцей. Івянецкі край таксама ў лідарах: у пасвыканкаме выдалі 37 пасведчанняў аб нараджэнні, у сельвыканкаме – 28.

18 немаўлят атрымалі пасведчанні аб нараджэнні ў Валожынскім сельвыканкаме, 17 – у Вішнеўскім, 12 – у Пяршайскім, 11 – у Дорскім, 7 – у Гародзькаўскім.

Усяго ж у раёне зарэгістраваны 283 нованароджаныя.

 

Сярэдні ўзрост маці па раёне – 26 гадоў, бацькі – 29.

Зарэгістравана 5 матуль узростам ад 16 да 18 гадоў. Радасць мацярынства зведалі і 7 жанчын ад 40 да 45 гадоў.

Адзін малады чалавек стаў бацькам у 18 гадоў. Шчасце быць татам выпала і аднаму мужчыну ва ўзросце 45-50 гадоў.

 

100-ым малышом, зарэгістраваным у раённым аддзеле ЗАГС, стаў Мацвей Палавінкін з Валожына.

Хлопчык – трэцяе дзіця ў сям’і Паўла Сяргеевіча, кранаўшчыка валожынскага філіяла “Універсалрамбуд”, і Ганны Вацлаваўны, настаўніка-дэфектолага Сакаўшчынскага навучальна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад-сярэдняя школа.

 

 7 шчаслівых сем’яў раёна папоўніліся двайнятамі.

Дарэчы, на свет з’явілася больш хлопчыкаў – 155, дзяўчынак жа – 128. Нараджэнне хлопчыкаў у раёне стала дамінаваць у апошнія 5-6 гадоў. Так што, праз дваццаць гадоў у будучых нявест будзе вялікі выбар жаніхоў.

Двое малых знайшлі сям’ю і мацярынскую ласку – дзяцей усынавілі.

 

На жаль, калі параўнаць даныя статыстыкі па раёне за перыяд ад 1987 да 2011 года, можна назіраць зніжэнне нараджальнасці.

Калі ў 1987 годзе зарэгістраваны 741 нованароджаны, а ў 1991-ым ужо 572 малышы, то, пачынаючы з 1999 года, лічба рэгістрацый нараджэнняў не падымалася вышэй за 381.

Самы нізкі паказчык нараджальнасці па раёне за гэты перыяд назіраўся ў 2002 годзе – зарэгістравана толькі 303 немаўляці. Затым дынаміка стала паляпшацца: у 2011 годзе на свет з’явілася 360 дзетак.

 

201 пара згуляла вяселле. Сярэдні ўзрост уступлення ў шлюб мужчын – 28 гадоў, жанчын – 26 гадоў.

Зарэгістраваны 4 нявесты да 18 гадоў, трое 18-гадовых жаніхоў і дзесяць 18-гадовых нявест.

Звязаць сябе вузамі Гіменэя з каханай вырашылі і двое мужчын, якім за 60. У такім жа ўзросце пайшлі пад вянец і тры жыхаркі раёна.

 

А вось для некаторых пар шлюб аказаўся нялюб. З пачатку года па верасень 14 сем’яў распаліся.   

Дарэчы, у 1987 годзе ў раёне заручальнымі пярсцёнкамі абмяняліся 652 закаханыя, разводаў жа тады было зарэгістравана 100. Для параўнання: у 2010 годзе распісаліся 267 пар, а скасавала шлюб – 101 пара.

 

Сумныя лічбы статыстыкі – паказчык смяротнасці сярод насельніцтва.

Са студзеня па верасень у раёне пайшло з жыцця 477 чалавек.

 

Ёсць у раёне і людзі, якія не задаволены сваім іменем па пашпарце.

Яны могуць змяніць яго за 150 тысяч рублёў, скарыстаўшыся адпаведнай адміністрацыйнай працэдурай аддзела ЗАГС. 11 чалавек, сярод якіх ёсць як мужчыны, так і жанчыны, памянялі свае імёны альбо прозвішчы на больш мілагучныя, як ім здаецца.

Да друку падрыхтавала Алена ПАШКЕВІЧ



Добавить комментарий