Музычны падарунак землякам

Культура

Не хлебам адзіным жыве чалавек… У справядлівасці біблейскай ісціны пераканаліся валожынцы, якія зрабілі 18 кастрычніка падарожжа ў цудоўны свет музыкі.

Экс-саліст арт-групы «Хор Турэцкага», саліст Масканцэрта, лаўрэат шматлікіх конкурсаў, ураджэнец вёскі Сакаўшчына нашага раёна Валянцін Сухадолец зрабіў чарговы падарунак землякам.  Творчае супрацоўніцтва таленавітага спевака з сімфанічным аркестрам Маладзечанскага  музычнага каледжа пад кіраўніцтвам Рыгора Сарокі  вылілася ў цудоўнае музычнае свята,  якое адбылося ў Маладзечанскім палацы культуры. Паклапацілася пра гэта член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Святлана Сарока.

В. Сухадолец вельмі любіць выступаць  на Радзіме. За  гады вандровак па свеце ён не забыўся роднай мовы, з задавальненнем уключае ў свой рэпертуар творы беларускіх аўтараў. У праграму канцэрта ўвайшлі  арыі і песні на рускай, італьянскай, нямецкай, англійскай мовах. Аддаў даніну павагі спявак і яўрэйскай музычнай культуры, з якой пазнаёміўся падчас супрацоўніцтва з калектывам Міхаіла Турэцкага. Валянцін ужо не першы раз выступае перад нашай публікай.  Прыгожы, інтэлігентны, з добрым густам спявак, як заўсёды, шчодры са сваімі прыхільнікамі. Толькі жывы гук, толькі шчырасць слоў і  вялікая абаяльнасць гэтага па-сапраўднаму прыгожага чалавека. Спадабаўся  гледачам і аркестр, і яго кіраўнік, які  ўражвае маладым запалам, артыстызмам і працаздольнасцю.

«Лепшыя лекі ад усіх хвароб!», — жартавалі валожынцы па дарозе дадому. Убачыўшы  памаладзеўшыя, шчаслівыя твары людзей, у такое лячэнне верыш адразу.

Шкада, што, нягледзячы на  сімвалічны кошт білетаў, арганізатару паездкі – раённаму аддзелу ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі – з цяжкасцю  ўдалося  сабраць групу жадаючых паехаць на канцэрт. Штодзённыя клопаты, вячэрні серыял, канапа… Не верыцца, што для жыхароў нашага горада, якія славяцца  інтэлектам і інтэлігентнасцю,  гэта вяршыня мар і імкненняў. «Мыла» тое тэлевізійнае наўрад ці абагаціць нас духоўна, а цудоўны вечар з шэдэўрамі сусветнай музычнай культуры   здараецца не штодня.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

жыхарка Валожына



Добавить комментарий