«Шведскае» дзесяцiгоддзе Валожына

Культура

Словамі “Ці ведаеце вы, што…” звычайна пачынаецца інфармацыя, якая прэтэндуе на навізну. Дык вось ці ведаеце вы, што сёлета, 19 кастрычніка споўнілася 120 гадоў з дня нараджэння першага і апошняга бургамістра Валожына Станіслава Шведа. Ён пражыў доўгае, насычанае падзеямі жыццё і памёр у 1984 годзе на сваёй радзіме, у польскім гарадку Санок Прыкарпацкага ваяводства.

Дырэктар раённага музея Н. П. Лоўчая і навуковы супрацоўнік У. М. Пучкоў перавярнулі тоны інтэрнэцкай “руды”, паблукалі па сайтах і адшукалі гэту жамчужыну для калекцыі фактаў гісторыі нашай мясцовасці.

Трэба было бачыць, якім шчасцем свяціліся вочы краязнаўцаў, калі яны ўсвядомілі, што ўдача ўсміхнулася ім! Да гэтага часу звесткі пра лёс першага граданачальніка былі скупымі і супярэчлівымі. Цяпер жа дакладна вядома, што Станіслаў Швед пасяліўся ў Валожыне ў 1921 годзе. Было яму на той час 27 гадоў. Узрост даволі малады, але біяграфія насычаная: удзельнік Першай сусветнай вайны, служба ў артылерыі, дэмабілізацыя ў чыне капітана, шматлікія ўзнагароды, у тым ліку і Залаты ордэн “Virtuti militari”. Гэту адзнаку за гераізм і мужнасць зацвердзіў для вышэйшага афіцэрскага саставу апошні кароль Польшчы Станіслаў Панятоўскі ў 1792 годзе. Сярод першых кавалераў ордэна беларус, генеарал-лейтэнант польскай арміі Тадэвуш Касцюшка. Узнагарода захавалася і ў цяперашняй Польшчы, лічыцца адной з самых ганаровых.

У 1929 годзе Валожын набывае статус горада. Жыхарам неабходна выбраць бургамістра. 35-гадовы Станіслаў Швед набірае патрэбную колькасць галасоў і становіцца гарадскім галавой. Яго сям’і выдзяляецца пад жыллё адзін з графскіх будынкаў па вуліцы, якую засяляюць у асноўным прадстаўнікі ўлады і мясцовае чыноўніцтва (цяпер – вуліца М. Горкага). Невялікі, адметнай архітэктуры дом, у якім жыў бургамістр, захаваўся па сённяшні дзень і перададзены раённаму музею.

Пад кіраўніцтвам Шведа Валожын перажывае “залатое” дзесяцігоддзе: будуюцца дарогі, з’яўляецца аўтатранспарт, у тым ліку і грамадскі, працуюць школы, бальніца, банкі, развіваецца гандаль і прыватны бізнес.

Праўда, хапае і тых гараджан, якія не задаволены польскімі ўладамі і мараць пра замену грамадскага ладу.

У верасні 1939 года іх мары збываюцца. А вось Станіславу Шведу не пазайздросціш: бальшавікі лаяльнасцю да польскіх панаў не вызначаюцца, а Польшча ўжо акупіравана фашысцкімі нелюдзямі.

Чалавек, як і кожная жывая істота, у перыяд адчаю імкнецца туды, дзе яму   было спакойна, надзейна, дзе некалі адчуваў сябе абароненым. Найчасцей гэта тое месца, дзе нарадзіўся. І ўчарашні граданачальнік вяртаецца на Радзіму.

Шкада, што пан бургамістр так і не змог за сваё доўгае жыццё яшчэ раз пабываць у Валожыне, што ніхто з валожынцаў не даехаў да яго ў свой час, не распытаў. Многа цікавага можна было б пачуць…

Алена ЗБІРЭНКА,

на фота: магіла Станіслава і Эміліі Шведаў у г. Санок



Добавить комментарий