Праз чарку да сваркi

Закон и порядок

Алкаголь да дабра не даводзіць. Чарговы прыклад таму прывяла старшы следчы раённага аддзела Следчага камітэта Юлія Селятыцкая, якая займалася расследаваннем падрабязнасцяў бойкі паміж двума маладымі людзьмі ў час правядзення гарадской дыскатэкі.

24-гадовы жыхар горада Кобрына працаваў вахтавым метадам на адным з прадпрыемстваў нашага раёна. Заканчэнне працоўнага тыдня з сябрамі ён вырашыў “адзначыць” са спіртным. Па словах кампаніі, у той злашчасны вечар яны выпілі прыкладна дванаццаць літраў піва на пяцярых чалавек. А затым вырашылі правесці час больш актыўна і цікава – з паходам на дыскатэку.

Усё б нічога, калі б ля кінатэатра “Юнацтва” райцэнтра не шукалі прыгод маладыя валожынцы. Адзін з іх і прад’явіў кобрынцу пэўныя прэтэнзіі. Успыхнула сварка, і ў адказ той ударыў яго па твары. Пацярпеўшы ўпаў і не змог падняцца. Нехта выклікаў “хуткую”, медыкі забралі хлопца ў бальніцу і пры аглядзе канстатавалі закрытую чэрапна-мазгавую траўму сярэдняй ступені, удар галаўнога мозга, закрыты пералом патылічнай косці і іншыя “спадарожныя” пашкоджанні, якія адносяцца да катэгорыі цяжкіх цялесных. Па версіі экспертаў, гэтыя траўмы ў пераважнай большасці ўтварыліся з-за няўдалага падзення на асфальт. Тым не менш, не было б бойкі – не было б і бяды.

На кобрынца заведзена крымінальная справа за наўмыснае прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў. За гэта Крымінальны кодэкс прадугледжвае сур’ёзную адказнасць: абмежаванне волі ад 3 да 5 гадоў ці пазбаўлення волі на тэрмін ад 4 да 8 гадоў. Цяпер плануецца правядзенне судова-псіхіятрычнай экспертызы ў адносінах да падазраваемага. Якое рашэнне вынесе суд, зараней сказаць цяжка. Аднак, несумненна, яно адчувальна адаб’ецца на далейшым лёсе маладога хлопца. А віной усяму – алкаголь, праз які цяпер пакутуюць абодва.

Сяргей САДОЎСКІ



Добавить комментарий