Цудоўнай паэзii лiра…

Общество

Вершы, дзякуючы магіі рытмікі і рыфмы, можна слухаць нават калі не ўсе словы, якімі яны напісаны, разумееш, бо лірычны настрой твора раскрываецца гукапісам, мелодыкай, эмоцыямі чытальніка.

Больш за  30 хлопчыкаў і дзяўчынак з Івянца, Ракава, Сакаўшчыны, Валожына пад кіраўніцтвам вопытных педагогаў падрыхтавалі на суд журы і слухачоў па два вершы. Тое, што са сцэны не прагучала паўтораў, гаворыць аб імкненні канкурсантаў і іх кіраўнікоў не засяроджвацца на вядомых творах, а шукаць “нязбітыя” тэксты. Адна з пазіцый, якой прытрымлівалася журы, акурат і была адпаведнасць зместу верша ўзросту і вобразу дэкламатара.

З вялікім стараннем і сур’ёзнасцю падышлі дзеці да мерапрыемства. Магчыма, сваю ролю адыграла тое, што пераможцам фінальнага этапу, які традыцыйна праходзіць у Беластоку, “свеціць” шанс пры паступленні ў навучальныя ўстановы Польшчы атрымаць па мове вышэйшую адзнаку “аўтаматам”.

Мала якое выступленне доўжылася больш за пяць-сем хвілін, аднак адчувалася, што яму папярэднічала карпатлівая педагагічная праца. Самыя маленькія сямігадовыя Аліна Кетрыс і Паліна Ганчарык артыстычна чыталі досыць складаныя тэксты, быў прадуманы і іх сцэнічны вобраз. Арцём Зэкаў і Віялета Стэфановіч з Сакаўшчыны, каб лепш адпавядаць лірычнаму герою твораў, нават у касцюмы спецыяльныя пераапрануліся.

Журы адзначыла невялікую колькасць памылак у вымаўленні, у асноўным сустракалася “аканне”. Бездакорнай вуснай польскай мовай могуць пахваліцца Вераніка Фясюн і Настасся Шайтар.

Перамога ў конкурсе дасталася лепшым, хоць зрабіць выбар аказалася няпроста: усе дзеткі таленавітыя, разумныя. Асабіста мяне ўразіла падрыхтоўка вучняў Івянецкай школы. Сярод іх – адразу два пераможцы. Першае месца ў Ксеніі Бібік, другое  – у Паўла Дзеніса. А вось каму аддаць перавагу ў старэйшай узроставай групе, журы рашыла без ваганняў і адназначна – Карыне Жадэйцы. Спадзяёмся, што яна добра адстаіць гонар раёна і на абласным туры конкурсу. Дарэчы, нашы прадстаўнікі заўсёды там аказваюцца ў прызёрах. Летась дыпломы 1-й ступені прывезлі Ганна Шчэрбітава і Настасся Сафонава.

Конкурс “Крэсы-2014” прайшоў пры падтрымцы аддзела адукацыі, спорту і турызму, па ідэалагічнай рабоце, культуры і справах моладзі райвыканкама, а таксама пры садзейнічанні консульскага аддзела Польскага пасольства ў Беларусі і быў прысвечаны памяці вялікага паэта Адама Міцкевіча, якога падарыла польскай літаратуры наша беларуская зямля…

Алена ЗБІРЭНКА,



Добавить комментарий