Маладзёжны кур’ер

Молодежный курьер

Людзі творчай прафесіі здольныя прасвятляць, абуджаць душы іншых. Разбудзіць гэта мора прыемных эмоцый удаецца толькі таленавітым майстрам, якія ахвярна служаць абранай справе.

Божая іскра таленту гарыць і ў душы маладой мастачкі з Валожына Наталлі Мікалаеўны РЭУТ – выпускніцы Маладзечанскага каледжа. На шматлікіх выставах дэкаратыўна-прыкладной творчасці не раз шчыра захапляліся гледачы філіграннасцю выцінанак, зробленых яе рукамі. Удала рэалізуе Наталля Мікалаеўна і свае здольнасці ў жывапісе, партрэтнай графіцы. Жадаючых займець партрэт, намаляваны экспромтам, заўсёды знаходзіцца багата. Наталля Мікалаеўна ўмее за некалькі хвілін перадаць характарныя рысы аблічча кожнага натуршчыка, улавіць яго шарм.

Гэта мастачка з’яўляецца членам народнага аб’яднання народных майстроў “Скарбніца” пры РЦК. У ліку іншых рамеснікаў Н. М. Рэут дэманструе свае лепшыя работы на рэгіянальных і абласных святах, выставах. Наперадзе паездка на абласны кірмаш-фестываль “Дажынкі”, які ў лістападзе пройдзе ва Уздзе.

Наталля Мікалаеўна – маці дваіх дзяцей. Традыцыйнае выхаванне нашчадкаў у гэтай  маладой сям’і дапаўняецца і пазнаннем шматграннага свету мастацтва.

Ірына ПАШКЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий